III Кацярына
IV
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Крыніца: http://knihi.com/Taras_Saucenka/Kaciaryna.html
V

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Каля гары, над ярам-долам,
Як старцы, ўзняўшы сваю голаў,
Дубы з гетманшчыны стаяць.
Грабелька ў яры, вербы ў рад,
Ставок пад крыгаю ў няволі,
У ім палонка — ваду браць,
Як круг чырвоны чырванее, —
З-за хмары сонца ўсплыло;
Надзьмуўся вецер, — як павее!
Няма нічога, скрозь бялее…
Ды толькі ў лесе загуло.
Раве, свішча завіруха,
Па лесе завыла;
Як бы мора, бела поле
Снегам закаціла.
Выйшаў з хаты карбаўнічы
Лесу аглядаці,
Ды куды там!
Гэткі розрух!
Свету не відаці.
„Эге, бачу, што за немач!
Ліха ж яго з лесам!
Пайсці ў хату… Але што там?
Ну іх да ста бесаў!
Ліхаццё іх разнасіла,
Як бы й справу мелі.
Глянь, Нічыпар, прыглядзіся!
Як жа пабялелі!“
„Што, маскалі?.. Дзе маскалі?“
„Што ты? Схамяніся!..“
„Дзе маскалі, галубочкі?“
„Ды вунь, падзівіся!“
Паляцела Кацярына,
Не ўспела адзецца.
„Мабыць, добра Маскоўшчына
Ў знакі ёй даецца!
Бо ўначы толькі і знае,
Што маскаля кліча“.
Цераз пні, цераз сувеі
Ляціць, ледзьве дыша.
Босай стала сярод шляху,
Махае рукамі.
А маскалі ёй насустрач,
Як адзін, вярхамі.
„Доля ж мая! бяда-гора!“
Да іх… Калі гляне —
Наперадзе старшы едзе.
„Любы мой Іване!
Каханае маё сэрца!
Дзе ж ты быў падзеўся?“
Ды да яго… за страмёны…
А ён прыглядзеўся
Ды шпорамі каня ў бокі.
„Чаго ж ты ўцякаеш?
Забыў хіба Кацярыну?
Хіба не пазнаеш?
Прыглядзіся, мой галубе,
На мяне глянь, скемі:
Я — Катруся твая люба,
Нашто рвеш ты стрэмя?“
А ён каня паганяе,
Нібы і не бача.
„Пачакай жа, мой галубе!
Зірні — я не плачу.
Непазнаў мяне, Іване?
Сэрца, прыглядзіся,
Ей жа Богу, я — Катруся!“
„Дура, отвяжися!
Возьмите прочь безумную!“
„Божа мой! Івасю!
І ты мяне пакідаеш?
А ты ж прысягаўся!“
„Возьмите прочь! Что ж вы стали?“
„Каго? Мяне ўзяці?
За што ж скажы, мой галубе?
Каму хочаш даці
Сваю Касю, да цябе што
Ў садочак хадзіла,
Сваю Касю, для цябе што
Сына спарадзіла?
Мой бацечка, мой браточак!
Хоць ты не цурайся!
Найміткаю табе стану…
З другою кахайся…
З цэлым светам… я забуду,
Што калісь кахала,
Што ад цябе сына мела,
Пакрыткаю стала…
Пакрыткаю… Які сорам!
І за што я гіну?
Кінь мяне, забудзь мяне ты,
Ды не кідай сына.
Не пакінеш?.. Маё сэрца,
Пастой! Прашу вельмі!..
Я вынесу табе сына“.
Выпусціла стрэмя
Ды ў хаціну. Бяжыць з хаты,
Нясе яму сына.
Заплаканы, неспавіты
Бедны сіраціна.
„Во яно дзе, на, прыгледзься!
Дзе ж ты? Захаваўся?
Ўцёк!.. няма ўжо!.. Сына, сына
Бацька адцураўся!
Божа ты мой!.. Мая дзетка!
Дзе ж дзецца з табою?
Маскалікі! Галубочкі!
Вазьміце з сабою;
Не цурайцеся, браточкі:
Яно сіраціна;
Забярыце і аддайце
Старшаму за сына.
Забярыце!.. Бо пакіну,
Як бацька пакінуў, —
Бадай яго не кідала
Горкая часіна!..
Грэхам цябе на свет Божы
Маці спарадзіла;
Вырастай жа на смех людзям!“
На шлях палажыла.
„Заставайся шукаць бацькі,
А я ўжо шукала…“
Ды ў лес з шляху, як вар’ятка!
І следу не стала.
Дзіцё плача… Маскалям што?
Балазе; мінулі.
Яно й добра; ды на ліха
Леснікі пачулі.
Кася бегае па лесе,
Бегае, галосіць,
То кляне свайго Івана,
То плача, то просіць.
Выбягае на ўзлессе;
Зірнула навокал
Ды ў яр… бяжыць… сярод ставу
Стала адзінока.
„Прымі, Божа, маю душу,
А ты — маё цела!“
Бух старчма ў ваду!.. Пад лёдам
Глуха забурлела.
Чарнабрыва Кацярына
Знайшла, што шукала.
Дзьмухнуў вецер па-над ставам —
І следу не стала.
То не вецер, то не буйны,
Што дубы ламае;
То не гора, не ліхое,
Што маці ўмірае;
Не сіроткі тыя дзеці,
Што мамка ў зямельцы,
Слава добрая й магіла
Для іх застанецца.
Як дакучаць злыя людзі
Малой сіраціне, —
Вылье слёзы на магілу —
Сэрцайка спачыне.
А таму якая доля,
Доля засталася,
Каго бацька і не бачыў,
Маці адраклася?
Байструку што засталося?
Хто з ім загавора?
Ні радні той, ні хаціны;
Шляхі, пяскі, гора…
Панскі тварык, чорны бровы…
Нашто? Каб пазналі!
Выпесціла, не схавала…
Бадай палінялі!