Кацярына (Шаўчэнка/Купала)/V
← IV | Кацярына V Аўтар: Тарас Шаўчэнка Крыніца: http://knihi.com/Taras_Saucenka/Kaciaryna.html |
Змест → |
Ішоў кабзар да Кіева,
Сеў спачыць з дарогі.
З ім, абчэплены вузламі,
Павадыр убогі.
Ля яго дзіця малое
Дрэмле, як нядбае,
А стары кабзар тым часам
Ісуса спявае.
Хто йдзе, едзе — не мінае:
Хто — праснак, хто — грошы;
Хто старому, а дзяўчаты
Шэлег механошы.
Падзівяцца чарнабрыўкі —
І босы і голы.
„Дала, — кажуць, — вочкі, броўкі,
Ды не дала долі!“
Едзе шляхам да Кіева
Шасцярнёй карэта,
А ў карэце пан і пані,
Багата адзеты.
Апынуліся ля старцаў —
Пыл густы злягае.
Пабег Янка, бо з аконца
Рукою махае.
Дае пані Янку грошы,
Дзівуецца пані,
А пан глянуў… адвярнуўся…
Распазнаў, паганы,
Пазнаў чорныя ён бровы
І карыя вочы…
Пазнаў бацька свайго сына,
Але ўзяць не хоча.
„Як завуць?“ — пытае пані.
„Янка“. — „Какой милый!“
Коні рушылі, а Янку
Абсыпала пылам…
Палічылі, небаракі,
Што дасталі, ўсталі,
Памаліліся на сонца,
Пайшлі шляхам далей.