Качаргой па абразох (1930)/Дзе праўда

Без папа Дзе праўда
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Поп-абжора
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе праўда (Дзяркач).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ ПРАЎДА

Хто ня бачыў, як часамі
Нашы дзеці возьмуць карты
І будуюць сабе самі
Хатку — проста не на жарты?

Не чапай — стаіць хаціна…
Але дзьмухні хоць бы крыху —
Паляціць, як павуціна,
Ўся будовіна ад дыху!

Калі глянеш у куточак —
З нашай верай гэтак сама:
Гладка зьвязаны вяночак,
Ад Адама да Абрама!

Добра ўсюды — ва усе бокі,
А крані хоць чуць мазгамі, —
І усе твае
прарокі Дагары ляцяць нагамі:

Возьмем Коляды… У школе
Кожны чуў, калі вучыўся,
Як на Коляды ў стадоле
Віфляемскай нарадзіўся
Божы сын ад боскай маткі
І Язэпа з Назарэту,
Дзе спраўляў свае парадкі
Ірад — злодзей ўсяго сьвету…

Далей-болей нам чыталі,
Як Хрыстос хадзіў па моры,
І за што яго расьпялі
Бяз усякага разбору!

Хоць і думалася крышку,
Ўсе мы верылі спачатку,
Покуль самі, ўзяўшы кніжку,
Ня зьмікіцілі загадку.

Каб другому не здавала,
Што дзяркач зрабіўся хлусам,
Расказаў-бы вам ад мала,
Што было і як з Ісусам.

Але гэта наастатак —
Будзе час на той нядзелі,
А сягоньня недахватак,
Ды і думкі аслабелі.

Падругое — немагчыма,
Бо апосталы ў тры цалі —
Глянь уласнымі вачыма —
Аж да нельгасьці налгалі.

Вось адзін — зматай ля вуса —
Піша, мусіць, не для зьдзеку,
Што бацькі дзядзькі Ісуса
Жылі плотніцтвам спрадвеку.

А другі апостал піша
На інакшую ўжо моду,
Што Хрыстос ня гэблем дыша,
Што ён царскага уроду!

Дзе-ж праўдзівая крыніца?
Ў Лукаша? Ў Мацьвея? Ў Яна?
Ці усё тут нябыліца
Пра „царэвіча Івана“?