Качаргой па абразох (1930)/Поп-абжора

Дзе праўда Поп-абжора
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Сьвятая Агатка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Поп-абжора.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОП-АБЖОРА

Пра папоў пісаў я многа,
А як глянеш — выйдзе мала…
Значыць — новая дарога:
Ну, кабылка, што прыстала!

Едзем проста у Паляны,
Азярычына пад бокам,
Натапырым свае вушы
І паглядзім шчырым вокам,

Адчыняй, Лукаш, вароты,
Ды ня бойся — з Менску госьці:
За пакорм грашмі заплацім,
Калі там якое штосьці.

Зьлез Лукаш старэнькі з печы,
Браму насьцеж: „Калі ласка,
Просім ў хату… Гэй, яешню
Прыпячы хутчэй, Параска!“

Стол засьцелены абрусам,
Чыста вымытыя лавы,
Сам Лукаш ў кашулі чыстай,
Стогадовы, але жвавы.

Адпалуднаваўшы разам,
Покуль стол прыбрала маці,
З Лукашом для адпачынку
Мы ўжо ўзьлезьлі на палаці.

І вось тут мне давялося
Чуць уласнымі вушамі
Пра папоўскае абжорства…
Падзялюся-ж гэтым з вамі:

„Поп у нас такі абжора,
Што на сьвеце не знайсьці,
Самагонкі вып‘е мора,
Зьесьць адразу тры куцьці:

Як разыдзецца кудлаты —
Пераверне ўсё сяло,
Сьцісьне жонку ў тры абхваты,
Як якое памяло!

Бо здароў, як чорт, бяз меры —
Далібог — я вам ня лгу:
З вушакамі вырве дзьверы,
Слуп сагне вам у дугу.

Калі ступіць дзе адразу
Ходзіць ходырам зямля!
І ня дзіва: без адказу
Мог ён зьесьці хоць цяля,

Дай авечку — пойдзе клінам!
З тварагом аладак стус —
Перамеле блін за блінам!
Хай жывот, як той гарбуз,

Хай на лоб вылазяць вочы —
І тады не аддыхне:
Будзе жорці аж да ночы,
А ня лезе — пальцам пхне!

Вось дык поп! Такія стравы
Не падолеў бы япрук!
Трэ‘ мець кішкі, як халявы,
З торбу добрую кіндзюк!

Але ўсё — гавораць — мае
На зямельцы свой канец:
Ліха нейкае спаткае,
І глядзіш — гатоў капец!

Так і тут. У фэст, на Яна
Ў Азярычыне у нас
Поп служыў абедню зрана
І сьпяваў, як рыжы бас.

Пападзьдзя — папу падмога:
Алялюіла, як дзяк,
А малілася-ж нямнога:
Дзьве кабеты і жабрак.

Па абедні, як вядзецца,
Поп пашоў да Міхася:
Носам чуў, што там пячэцца
Не адно ўжо парася!

Гаспадар баклагу з пуні…
З пападзьдзёю поп у кутку,
Аж на стол пусьцілі сьлюні,
Быццам пчолкі на мядку!

Гаспадыня-ж цягне з печы
Чуць ня дзесяць скаварод:
Тут усё, што чалавечы
Розум выдумаў за год!

Парасят — бадай — чатыры,
Два задкі ад бараноў,
Кілбасы бяз ліку-меры
І капы са дзьве бліноў,

Збан сьмятаны, дзежка сала,
Міса масла, твораг, сыр —
Словам, усё, што назьбірала…
Поп разьдзьмуўся, як пухір,

І прыняўся з воўчым смакам:
Круціць-верціць, меле-мне!
Ў Міхася пабеглі ракам
Аж мурашкі па сьпіне.

Праз якое паўгадзіны —
Вось кудлатая брыда! —
Ад бараніны, сьвініны
Ня было ўжо і сьляда.

Поп, як смоўж, гарэлку шклянкай
Ўжо глытаў ў дзесяты пот,
Покуль раптам, як маланкай,
Не схапіўся за жывот.

„Дайце раду-паміраю!
Ой, ратуйце: лопне брух!
Сьмерць мая прыходзіць — знаю:
Цераз горла лезе дух!“

Пападзьдзя, як мел той, стала…
Дактароў тут ня было:
Драў Міхась па канавала
У суседняе сяло.

Канавал ня даўся дзіву
(Быў ён родам з-пад Mipa), —
Ўзяў адразу леватыву
І рыцыны з паўвядра.

Беглі — проста аж курэла!
Ў хаце быў праўдзівы сход,
Грамада сялян гудзела —
Цешыў іх стары Хвядот:

„Гэтай прорве — хай — ня шкодзіць!
Што? прышпіліў страшны суд?“
Поп вачыма толькі водзіць,
Як апушаны вярблюд…

У гарляк усю да кроплі
Льлюць рыцыну — ня ідзе!
І цячэ, як тыя соплі,
У папа па барадзе…

Канавал — з другога боку —
Што за трасца? Хоць ты рэж —
Ой, лягчэй скасіць валоку!
Леватывы не ваб‘еш!

Мусіць цэглаю зарвала
У папоўскім, у мяшку!
Мчы, Міхась — бо рады мала —
Па пажарную кішку.

Прывязьлі кішку… Дзьве бочкі,
Густа мыленай вады
І да самай цёмнай ночкі
Гналі жужалем „туды“.

Стаў расьці жывот, як вата…
Посьле раптам — зразу — бух!
Быццам стрэльнула гармата
І — ў шматы увесь трыбух!

Грамадзяне з перабуду
Хто у дзьверы, хто ў вакно…
Што далей было — ня буду
Гаварыць, скажу адно:

Што на вуліцы — ня кпіны —
Кожны доўга сьвітку трос,
І ва ўсіх — не бяз прычыны!
Ў бок служыў чамусьці нос…

Вось і ўсё! Сьцялі, Мар'яна!“ —
Загадаў дачцы Лукаш:
„Спаць пара. Ужо ня рана —
Заўтра трэба на кірмаш“…

Ўсіх, хто гэта прачытае,
Я бяз хітрасьці прашу,
Хай падзяку спачувае
Толькі к дзеду Лукашу.