Качаргой па абразох (1930)/Сьвятая Агатка

Поп-абжора Сьвятая Агатка
Вершаванае апавяданьне

1930 год
Пераклад: Анатоль Дзяркач
Ваўкі ў авечай скуры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьвятая Агатка (невядомы/Дзяркач).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬВЯТАЯ АГАТКА

З нязнанага аўтара

Даўно ужо я гэта чуў
Ад старага Кандрата,
Што ў Менску некалі жыла
Бязродная Агата.

Любіла піць, хлусіць, гуляць —
Усе аблуды знала,
і, як цыган, па дваццаць пяць
Хлапцоў у дзень мяняла.

Сказаць, каб пекная была —
Ня скажа вам поэта,
А проста так, як і усе, —
Звычайная кабета.

Глытаўшы неяк чарнасьліў,
Яна чагось злавала, —
Завязла костка ў гарляку,
І вось — яе ня стала.

Яна ад злосьці аж раўла
І лаялась бяз конца,
Але дарма, бо ўжо душа
Ляцела каля сонца.

За сонцам быў, вядома, рай —
Вароты сярод плоту.
Агата зразу кулаком
І грукнула ў вароты.

„Што за халера там крычыць?
Хто спаць сьвятым мяшае
І бязупынным языком
Усіх, як сука, лае?“

Адам азваўся цераз сон:
„Няма тут свата-брата!“
— Я, — чуе бабскі голас ён, —
Я — бедная Агата!

Пусьці, Адамка, адчыняй
Хутчэй! Ня маю часу!
Адам крычыць; „Са мною ты
Ня зварыш піва-квасу!

Ідзі, ідзі сабе туды,
Адкуль прышла, кабетка,
Бо непатрэбна у раі,
Як ты, такая кветка“.

Агату раптам затрасло:
— Замоўкні там, паскуда!
Скажы, чым лепш ты за мяне,
Найпершая аблуда?

Калі-б ты Евы не чапаў,
Усе-б бяды ня мелі,
Калі-б ты яблычка ня жор,
І мы-б яго ня елі!

Зарвала, гліняны гаршчок!
Ня будзеш агрызацца? —
Адам сагнуўся у кручок
І стаў, як кот, плявацца.

У падмогу выперся Якуб:
„Пашла ты, лярва, у воду,
Бо ашуканцам і хлусам
Няма да раю уходу“.

Агата спуску не дае:
— Чаго ты брэшаш з дуру,
Калі ты сам сюды папаў,
Чужую ўзьдзеўшы скуру,

Сьляпога бацьку ашукаў
І брата… Што, папаўся? —
Якуб аглоблі павярнуў
Ад брамы і схаваўся.

Ахвота Ною падышла
За тога заступіцца…
Але Агата не дала
І роту расчыніцца.

— Каго я бачу, ай-яй-яй!
Чаго ты тут, пачвара?
Няўжо-ж патрэбна у раі
З чырвоным носам хара?

Прыпамятай, стары капшук,
Як раз ты насьвістаўся,
Што сын твой Хам гадзіны дзьве
Ад сьмеху аж качаўся. —

Старэнькі Ной ад гэтых слоў
Зачырванеўся макам
І, засаромлены, хутчэй
Узад падаўся ракам.

„Што за кадук, за трасца тут?“
Юдыфа ўжо спытала.
Няўжо і ты залезла у рай,
Што голавы сьцінала? —

Агата кінула ў адказ.
Юдыфа затраслася
І, пабялеўшая, як мел,
Ў старонку падалася.

Свае тры грошы цар Давід
Уперці вылез к браме
І лаяць стаў Агату ён,
Як баба бабу ў краме:

„Халера, сьцерва! Каб цябе
Маланка запаліла!
Чаго ты лезеш, як слата,
Аблезлая кабыла?“

Агата й броўю не вядзе:
— Чаго так разьзяўляцца?
Была-б я урыніхай, — ты
Ня стаў-бы агрызацца! —

Схапіўся тут і Салямон:
„Шалёная кабета!
Хто ня стрымаў сьвяты закон,
Таму ня ўбачыць сьвету!“

Агата сыпле, як гарох:
— Ўсясьветны грахаводнік!
Ты колькі жонак перабраў,
А стаў, глядзі, — угоднік!

Разумны ты, а помніш, сам
Ад бога адракаўся
І перад ідалам тры дні
Маліўся і хістаўся. —

Іона збоку падышоў,
З Агатай стаў спрачацца.
Яна адразу і ў яго
Знайшла за што узяцца.

— Адкуль узяўся ты, прарок? —
І форсу дзе набраўся?
Прыпомні лепей, галубок,
Як кіт табой бляваўся;

Ня горш, як ты, і я сама-ж! —
Іона адчапіўся.
За ім усьлед сьвяты Тамаш
З Агатаю схапіўся.

„Я верыць, брат, даўно прывык
І вераць ўсе бяз спрэчкі,
Што бабскі трэплецца язык,
Як хвост у тэй авечкі“.

— Вядома! звычай маеш ты
Дурных паслухаць моваў!
Але чаму ты, лысы чорт,
У раны пальцы соваў? —

За Тамашом і Мікалай
На бедную Агату
Пачаў нагамі тупацець
На ўсю сьвятую хату:

„Паскуда, шлюха! Вон адсюль,
Гані яе, скаціну,
А то у нос натычу дуль
І ў пекла зараз скіну“.

— Ай-ей, Мікола! Ня пужай,
Мяне ты крыеш шлюхай…
Глядзі — яшчэ не пачастуй,
Як Ару, аплявухай!

Сваю ты ласку паказаў.
Калі у людным зборы
Яму ты ў морду надаваў
За ерась на саборы. —

Ніхто ня здолеў рады даць
І ўжо чарга настала
Хрысту самому падыйсьці,
Бо ўсе сьвятыя — драла!

Хрыстос ня доўга разважаў
І без далёкіх спрэчак
У рай Агату упусьціў
І пасадзіў ў запечак.


∗     ∗

Дык вось, мае сябры-браткі,
Якая вышла справа.
На гэтым скончаны радкі…
Сьвятой Агаце — слава!