Пад шум ветру Зазімак
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Белыя паляны, белыя гаі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зазімак (Кляшторны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАЗІМАК

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў вазёрную сіць.
Стыне ўсё
Ледзянымі сярпамі
Вышла восень рабіну касіць.

Тоўпы зор сьнегавым пералівам
Разматалі ў палёх павады.
Быццам коні з намылінай грывай
У пацёмках застылі сады!

Хтосьці там, у шырокім прывольлі,
Дзе узьмежкі гараць серабром
Засьпяваў пра шырокае поле, —
Засьвістаў ледзяным салаўём…

Эх, як рвецца душа у прасторы,
Штосьці хочацца вечна кахаць,
І дзічае радасьці зоры
Ў ледзяных перазвоках зьбіраць.

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў вазёрную сінь
Стыне ўсё…
Ледзянымі сярпамі
Вышла восень рабіну касіць.