Колядная пісанка (1913)/За тры гады
← Доктар Францішак Скарына | За тры гады Крытыка Аўтар: Максім Багдановіч 1913 год |
Наш тэатр → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: За тры гады. |
ЗА ТРЫ ГАДЫ.
(Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1911—13 г.)
Кінуўшы вокам на спісак кніг надрукаваных па беларуску, памешчэны на акладцы якой небудзь нашай кніжкі, бачым, што беларуская пісьменнасць расьце. Заместа аднэй, выходзяць цэлых чатыры газэты («Наша Ніва», «Саха», «Лучынка», «Biełarus»), з’явіліся ужо тры зборнікі «Маладой Беларусі», дзе знаходзяць сабе прытулак вялікшые творы, выдана шмат новых дробных кніжак і нават колькі немалых, календар беларускі друкуецца аж у 20 000 экзэмпл., залажылося выдавецтва, мэта катораго — друкаваць кніжкі да навучаньня у школах, аткрылася беларуская кнігарня (кніжная крама) і т. д. і т. д.
Але ня гэты узрост цікавіць нас а узрост вартасьці твороў нашых пісьменнікоў Гляньмо-ж, што і як пішуць яны, ды папробуем ацаніць здабыткі гэтай іх працы.
Першае слова — аб Я. Купале і яго вялікай, пекна выданай кнізе вершоў „Шляхам жыцьця“. З радасьцю бачым, што талент Купалы развіваецца, з’яўляюцца новые мэты, новые спосабы творчасьці, новые формы і о́бразы. Ня толькі нядоля нашай вёскі ды національные справы Беларушчыны цікавяць яго. Ужо і краса прыроды і краса каханьня знайшлі сабе мейсцэ у яго творах. Там сям прабіваецца жывы гумар. Есць колькі соннэтоў (праўда, не зусім бездаганных), баек, вершоў на кшталт народнай песьні; ёсць пробы скарыстаць з народных сімволоў і т. д Глаўнае-ж тое, што ўсё гэта у многіх вершах Купалы зроблена надзвычайна пекна, с праўдзівым уменьнем ды з вялікім пад’ёмам пачуцьця. Часта-густа спатыкаецца прыгожая будова верша, цікавая па спляценьню строк, разстаноўцы рымф, ужываньню цэзур; рожнастайнасць рытмоў з іх усегдашняй лёгкасьцю ды моцным разгонам; краса, сьвежасць і поўназачнасць рымф, зьвінячых ня толькі на канцы, але і па сярэдзіне строк; гучнасць слоў, па дабраных да верша і шмат што іншае.
Усё гэта робіць такое ўражэньне, што ня хочэцца нават казаць аб рожных недаўхватах, без каторых, ведама, у такой вялікай кнізе і ня можна абыйсьціся Але маем надзею, што сам Купала зьверне на гэта увагу.
Апрыч гэтаго Купала надрукаваў вялікую, у 100 страніц, драму «Сон на кургане», напісаную рыфмовым вершам, і .Паўлінку“, — сцэна са шляхоцкаго жыцьця (сцэнічная проза). «Паўлінка» напісана бойка, жывою мовою і пэўна спадабаеццца нашым чытачом.
Другі выдатны паэта, — Я. Колас, — пісьменнік спакойны, просты і ўсюды сабе роўны: заўсягды можна быць запэўненым у вартасці яго твораў. Німа у яго чаго небудзь вельмі моцнаго, яркаго, неспадзеванаго, але німа і слабога, нікчэмнаго. Не ўзбіраючыся дужа высока, ён затое ніколі не зрываўся і не падаў. Верш яго ня вельмі штучны, але ўсягды абдуманы і добра апрацаваны, ўсягды кажэ аб Беларусі, ўсягды праняты шчырым спачуваньнем да яе гаротнай долі. С таго, што было надрукавана у апошніе тры гады, асаблівую увагу звертаюць на сябе (апрыч дробных вершоў) вершы апаведаньня «Лесьнікова пасада» і першы з двух, памешчэных у № 2 «Маладой Беларусі». Есць у іх, бездаганных на форме, і прыгожые зраўненьня, і шчырае чуцьцё, і уменьне самымі простымі спосабамі даць жывы і верны абраз жыцьця.
Жартаўлівые вершы А. Паўловіча, каторые, ня гледзючы на рожные недахваты, здабылі яму вялікую прыхільнасць паміж беларускіх чытачоў, у апошніе гады бадай што зусім не друкаваліся. Неколькі яго твороў з’явіўшыхся у «Biełarusie» і «Маладой Беларусі», былі зусім ужо іншаго духа. Напісаные добра, яны сьведчуць, што А. Паўловіч за гэты час папрацаваў над развіцьцем свайго таленту. Дзе што было памешчэна і у «Нашай Ніве».
Ц. Гартны і Ф. Чэрнышэвіч, з’яўляючыся час ад часу у «Н. Ніве», шмат вершоў адразу надрукавалі у № 2 «Маладой Беларусі». Вершы такіе, што ані добраго, ані кепскаго аб іх многа не скажэш, апрыч, можэ, таго, што і у іх прыкметны рух наперад. Да таго ж у абодвых іншы раз спатыкаюцца даволі пекные вершы. Дабавім ешчэ, што Ф. Чэрнышэвіч і цяпер ужо умее пісаць сьціснута і у кароткіх словах даць малюнак прыроды, або вылажыць сваю думку, але робіць, на жаль, гэта ненатуральна, заблутана.
Г. Леўчык выдаў зборнік вершоў «Чыжык Беларускі» (польск. літэрамі). Пасьля гэтаго і стала відаць, што хоць п. Леўчык і мае талент, але мала працуе над ім.
С паэтоў «Нашай Нівы» назавём перш за ўсё, А. Гаруна, ад катораго наша пісьменнасць можэ шмат чаго спадзевацца. Лёгкасць і мілазычнасьць верша, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае счэпліваньне рымф, — усё гэта дужа аздабляе яго паэзію. У дзе якіх творах спатыкаецца сіла і сціснутасць мовы. Глаўна-ж тое, што пры ўсім гэтым А. Гарун ні да каго іншаго непадобны, што ён не зрабіўся нічыім «падгалоскам». Гэта зарука, што нашы надзеі на яго талент ня пойдуць на марна.
М. Богдановіч так сама дбаў аб развіцьці верша, і даў колькі «нанізак» іх (цыклёў), новых або па тэмах, або па форме. Сюды належаць вершы, напісаные на кшталт народных песьняў, або у стара-французкіх формах, далей вершы аб старой Беларусі і дзе што іншае.
Гладка, як і раней, пісала К. Буйло, Л. Лобік і Стары Улас далі неколькі дужа ня хітрых, але верных і таму цікавых малюнкоў нашай вёскі. Трэба адмеціць ешчэ 'А. Журбу, 'К. Арла, і 'Янука Д. Арол і Янук Д. людзі што маюць палёт і талент, але мала шліфуюць яго. Трапляецца у іх часам вершы даволі сільные па пад’ёму і думцы, але і дужа часта з недахватамі. Піліпоў і інш., — усё людзі больш-менш вядомые і раней. Урэшці адмецім, што ані К. Кагалец, ані Цётка за увесь гэты час нічога не надрукавалі. А шкада.
∗ ∗
∗ |
Пераходзючы да апаведаньнёў, пачнём наш ягляд с твороў Ядвігіна Ш., каторых, аднак, у апошні час не бачна, як раньш, у «Нашай Ніве». Не апаведаньнямі, а байкамі ўсяго лепей было-б назваць іх, дарма што Ядвігін ШШ. пішэ ня вершам, а прозай. Невялічкіе творы яго ўсягды намагаюцца, як праўдзівые байкі, даць паўчэньне, або ацаніць якое небудзь жыцьцёвае з’явішчэ. Ен ня проста апаведае, а хочэ заўсягды нешта ешчэ давясьці і растлумачыць. Як кроўны баечнік, Ядвігін Ш. дужа упадабаў аллегорыю, і ахвотна заместа людзей апісывае птушак і зьвяроў, на каторых знаецца дужа добра. Любоўна малюе ён іх фігуркі, умела адмечае рожные цікавые драбніцы іх жыцьця або звычаёў, і с пад яго пера праз гэта устаюць, як жывые, постаці звяроў і птушэк, каторые рожняцца між сабой ня менш, як постаці людзей. Урэсьці трэба згадаць і аб ласкавым гумары, які ажыўляе блізка што кожную строку Ядвігіна Ш., а іншы раз, зрабіўшыся болі войстрым, набліжае яго да такіх пісьменнікоў, як Шчэдрын і Горкі у Расеі[1], або Леманьскі у Польшчы.
Жывасць ёмкай беларускай мовы, прыказкі і меткіе славечкі, каторые тут як раз да рэчы, — усё гэта ешчэ больш павялічывае вартасць апаведаньнёў — баек Ядвігіна Ш.
Ведама, што байка скрозь даўно ўжо падупадае але у яго творах яна ізноў закрасавала сьвежым кветам. Німа спрэчкі, што у асобе Ядвігіна Ш. мы маем аднаго з найлепшых баечнікоў нашых часоў, да таго ж вельмі блізка стаўшаго да творчасьці самаго народу.
Т. Гушча (Я. Колас) добра удае ўсякіе размовы, а таму ахвотна бярэцца за гэта у сваіх апаведаньнях. Вялікая частка напісанаго ім складвываецца с кароценькіх пытаньнёў і такіх жэ адказоў, дзеля чаго і чытаецца вельмі лёгка. Да таго ж Т. Гушча ўмее і пажартаваць, і пасумаваць і раздумацца і чытача на думу навясьці, — што ешчэ болі надае вартасьці яго творам.
Власт надрукаваў усяго 3—4 рэчы, але кожную можна узяць за прыклад, як трэба пісаць. Асабліва хораша напісаны апаведаньня Сож і Непро“, — вельмі прыгожая казка-легенда (гэтаго у нас дасюль ешчэ не было, ды і наагул спатыкаецца не часта), і, далі „Дзень рожэвай кветкі“, што нагадывае лепшые з апаведаньнёў, здабыўшых ўсесьветную славу дацкаму пісьменьніку Андэрсэну. Так сама добра напісаны і жарцік, памешчэны у № 2 „Малад. Беларусі“.
Галубок, як і раньш, пісаў бойкіе і вялёлые апаведаньня да чаго мае праўдзівую здольнасць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавые.
Не за мала і новых пісьменнікоў, узяўшыхся за апаведаньня. З іх асабліва вызначаецца Новіч, каторы перш папробаваў напісаць вялікушю рэч прозай па беларуску. Выйшло, німа спрэчкі, добра. Ешчэ больш цікавы для нас З. Бядуля, пісьменнік з душою чулай і паэтычнай, аб чым сьведчаць напрыклад прыгожые і сьвежые зраўненьня, каторые іншы раз спатыкаюцца у яго. Горкім сьмехам поўны яго апаведаньня. Лепшые з іх, — „Горэ ўдавы Сымоніхі“, „Пяць лыжэк заціркі“, „Сон старога Анупрэя“, дзе да вядомай тэмы Короленкі зроблена неспадзеванае дабаўленьне, ды іншые. Шмат хто вялікіе надзеі пакладае ча маладога пісьменніка Максіма Беларуса.
Ешчэ больш было людзей, даўшых адно або два добрых апаведаньня і пасьля не друкаваўшыхся. Так, напрыклад, у Алехновіча Чэркаса удаўся „Сон“; напісан ён даволі заблутана, але гэта якраз да рэчы пры апісаньні сна. Жывіца хораша і цікава намалеваў постаць свайго пана Шабуневіча. Лёсік паказаў свой талент і змоўк. Два апаведаньня (у адным — новая тэма) надрукавала Цётка у № 1 „Маладой Беларусі“. Нішто сабе выйшоў у п. М. Кепскаго „Руды Міхась Крэчка“. Урэсьці трэба было б згадаць творы К. Лейко, ад катораго трэба чэкаць цэннаго, Я. Журбы. А. Язьмена, Шпэта і інш.
∗ ∗
∗ |
Глянуўшы адразу на ўсю беларускую пісьменнаець, бачым, што за апошніе гады сярэдняя вартасць твороў падвышаецца, што цяпер кожны пішэ так, як неколькі год назад маглі пісаць найлепшые пісьменнікі нашы. А гэта можэ значыць адно: тое, што у нас вырабілася літэратурная мова. Кожны, хто працаваў над гэтым, зразумее, з якою радасьцю я пішу гэтые словы. Але мала таго: мы бачым, што сталые пісьменнік развіваюцца, да іх прылучаюцца маладые сілы, вынікаюць новые тэмы і новые спосабы абработкі тэм, адзін за адным з’яўляюцца каштоўные творы. Ня трэба цяпер канечна ісьці у чужые людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулаго і хвалюючаго пачуцьця, душу радуючай красы. Ня трэба, бо і у саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас зьвярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, ня знайдзецца у іх. І гэта ня толькі таму, што у нас ёсць пісьменнікі зусім асобнаго духа, як напр. Купала, Гарун, Ядвігін Ш., Власт, Бядуля ды інш. І ня толькі таму, што яны апісываюць беларускае, мала дзе вядомае жыцьцё. Не, і апрыч гэтаго знойдзецца шмат чаго; вось хаця бы національнае пачуцьцё; не зьвінелі, ды і нямогуць зазьвінець у расейцоў, напрыклад, яго струны так, як у нашай пісьменнасьці. І ясным робіцца праз гэта, што ня толькі нашаму народу, але і ўсесьветнай культуры нясе яна свой дар.
М. Б—віч.
- ↑ Маю на увазе, ведама, іх казкі.