Комсамольскія вершы (1930)/Размова з марсіянамі

Конфэрэнцыі бязбожнікаў Размова з марсіянамі
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Яны павінны быць вольны!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗМОВА З МАРСІЯНАМІ

Для нашчадкаў новае, сьветлае эры
ў прыродзе
ня можа быць межаў.
Бяздоньне і холад нямога этэру
Бліскучыя крыльлі разрэжуць!

Калі мяне возьмуць —
Я першы паеду,
Скрозь цемру, між ямін і гор,
З кур‘ерскім вагонам, у госьці к суседу.
Які за мільёны вёрст.

А покуль…
Фантазія ніткі зьвязала
ў карунак лятункаў і мар
І чырваньню сьвеціць над нашым вакзалам
Таемны і змрокавы Марс.

Там сеткі каналаў…
Такія ў Эгіпце
Целамі масьцілі рабы,
Калі фарооны трымалі у кіпцях
Разьлівы, салдат і сады.

Далёкія людзі ў абліччы нянаскім
З плянэты бога вайны!
Можа ў балоце
шкадлівым і гразкім
І вас патаплялі яны?

Можа і ў вас намазолены карак
Уласным прыгонам даўно?
Гэй, марсіяне —
ударым, ударым
Ня міфам, а жорсткай вайною!

Няхай ваш радысты кароткім сыгналам
Паведаміць тэмпы зьмен,
Аб тым,
Як на зграю шалёнай навалы
Зьбірае палкі Комінтерн.

Мацуйце атрады (развеецца гора!)
У бой за найлепшую з мэт!
… І загараецца
безьліччу зорак
Прывабны і шчыры сусьвет.

А хмаркі надыдуць — касьмічная ростань
І пеніцца гладзь акіяну.
З ціліндру фантазій
пытліва і проста
Глядзяць на Зямлю марсіяне…