Комсамольскія вершы (1930)/Конфэрэнцыі бязбожнікаў

Зімовая радасьць… Конфэрэнцыі бязбожнікаў
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Размова з марсіянамі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОНФЭРЭНЦЫІ БЯЗБОЖНІКАЎ

Пыл рэлігійны
з подумак сьцершы
Славім агністую ноў.
Дазвольце вітаць —
ну, хоць гэтым вершам —
Чарговы зьезд
змагароў!

Гэта ня проста —
попік Паісі,
Бог-Саваоф ці Аллах…
Клясавы вораг
у кожнай рысе,
Рабін ён,
ксёндз,
ці мулла.

Кроку вялікаму
яміну рые,
Ў цемру адкрыўшы дзьверы.
…Вы, калі ласка,
дзева-Марыя,
Злазьце адтуль, —
ня верым!

Ня верым у цацкі,
пустыя храмы,
Ладанны дым і арган…
Бачыце —
сыпе ў готычныя рамы
Новых падзеяў пурга!

Слухайце,
вы, там, — „нябесная“ зграя, —
Ратунку ўсёроўна няма:
Кіньце ману —
яна зьнікне, растае, —
Кіньце абрыдлы туман!

Досыць шалелі
вятрамі на полі,
Блуду сьпявалі гімны!
Вы паспрабуйце
электрыку здолець,
Росквіт абняць неабдымны…

Быт рэлігійны —
пакуль не памершы,
Ў куце ён…
Значыць, на бой!
…Вы мне дазвольце —
вось гэтым вершам —
Вітаць вас, бязбожны строй!..