Маладое Рэбэ
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Бальшавіцкі сеў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РЭБЭ

Вочы рэбэ — з суму і дакораў,
Нават плача рэбэ уначы:
Забывае ідышкайт[1] на тору[2]
Яму трэф ці хазар — ніпачым…
З вачэй рэбэ паглядае гора.

Ну, здаецца ўчора Лэйзэр Кунін
Харчаваўся з рэбэ селядцом,
А цяпер у нейкай там комуне
Пад яго загадам райнардом…
Так зьмяніўся яго сябра — Кунін!…

І зусім надойчы рыжы Хаім,
Яго пэўны, выхаваны сын,
Дачку гоя клікаў „любым Маем“,
Расплятаў ёй золата касы.
Ля яе загінуў рыжы Хаім…

Ой, часіны выпалі ліхія,
Раззлаваўся на старога бог…
Комсамольцы — жэўжыкі такія! —
Не гавораць рэбэ „гутэнтог!“…
Ой, ці хутка прыдзе той Мэсія?..

Пойдзе рэбэ у далёкі рэйс…
…Што тут Талмуд?.. Талмуд сёньня стары:
Вось учора толькі „альф-бэйс“[3]… —
Сёньня — быту новага удары!
Хутка рэбэ — у далёкі рэйс…

Успамінаў талэс[4] ціха гіне.
Як тут рэшту дзён сваіх пражыць?
…І здалося рэбэ — з Палясьціны
Дзьмуць вятроў гарачыя нажы.
..............
Пазірае дзень праз верхавіньне.


  1. Ідышкайт — яўрэйства — (як народ).
  2. Тора — сьвяшчэнная кніга.
  3. Алэф-Бэйс — пачатковыя літары альфабэту.
  4. Талас — накшталт ручніка. Адзяецца пры маленьні.