Комсамольскія вершы (1930)/У паход!

КІМ‘аўскі марш У паход!
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Маладое

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ПАХОД!

Дзеды нашы гнулі сьпіны
Над сахою у сьпеку дзён…
Дык затое у нас павінен
Цаліну ўзьнімаць „Фордзон“!
Зараз мэтай спазаранку —
Ўзьняць, падвоіць ураджай.
Ведаў болей — больш чытанкі,
Агранома ў вёску дай!

Што нам сьцюжа?
Ўсе зважай!
Выдзем дружна
За ўраджай.
Ды атрадам,
Полем, садам…
Хай нясецца з краю ў край:
Стромка, роўна
Бязумоўна —
Комсамол — ва ураджай!

І над гаем, рэчкай, кручай,
Дзе спрадвеку — пыл ды мох
Бляск электрыкі гаручай
Праімчыцца ў правадох.
Плённай працы будзе вынік
Залатым насеньнем зьзяць.
Больш ня будуць тута стыні
Па-над глебай панаваць!

Што нам сьцюжа?
Ўсе зважай!
Выдзем дружна
За ўраджай.
Ды атрадам,
Полем, садам…
Хай нясецца з краю ў край:
Стромка, роўна
Бязумоўна —
Комсамол — за ураджай!