Коннік без галавы (1941)/LIX
← Раздзел LVIII | Коннік без галавы. Раздзел LIX Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LX → |
Раздзел LIX
СУСТРЭЧА Ў ХАКАЛЕ
Той дзень, калі Луіза Пойндэкстэр вызваліла Мігуэля Дыяза, быў для яе сумным днём, напэўна самым сумным ва ўсім яе жыцці.
Смутак аб страчаным браце зліваўся з трывогай аб любімым чалавеку. Горач пакут павялічылася рэўнасцю. Пісьмо Ісідоры да Джэральда было таму прычынай.
Мяркуючы па зместу пісьма, адносіны паміж Морысам Джэральдам і мексіканкай аказаліся больш інтымнага характару, чым ён гаварыў. Морыс, значыцца, падманьваў яе. Інакш чаму-б гэта жанчына пачала так адкрыта пісаць аб сваім пачуцці? У пісьме не было і намёку на дружбу. Яно ўсё дыхала страстным каханнем. І пасля гэтае спатканне! Праўда, у форме просьбы. Але гэта толькі форма — какецтва ўпэўненай у сабе любоўніцы. К канцу пісьма просьбы ўжо не чуваць, замест гэтага загадны тон: «Прыходзьце-ж! Я чакаю вас».
Прачытаўшы гэтыя радкі, Луіза бязлітасна скамячыла пісьмо.
— Так, цяпер мне ўсё ясна! — усклікнула яна з гораччу. — Гэта не ўпершыню ён адазваўся на такую просьбу. Не ўпершыню яны сустракаліся на гэтым месцы. «Узгорак, што ўзвышаецца над домам майго дзядзі» — гэта месца іх заўсёдных спатканняў!
Гэта быў самы сумны дзень у жыцці Луізы.
—Пасля доўгіх гадзін бурных перажыванняў крэолка пачала крыху супакойвацца і разважаць разумней. Зноў прачытала яна пісьмо і задумалася над ім. Усё-ж аставалася яшчэ адна надзея: магло-ж быць, што Морыса Джэральда не было ў сетлменце.
Праверыць гэта пры стварыўшымся становішчы было для Луізы Пойндэкстэр вельмі цяжка, але іншага выйсця не было. І ледзь толькі пачало змяркацца, яна адправілася на сваім мустангу да сетлмента і спынілася ля дзвярэй таверны.
У пасёлку ў гэты вечар было зусім пуста. Усе жыхары яго раз‘ехаліся. Некаторыя паехалі па слядах злачынства, іншыя — у паход супроць каманчаў. Обердофер быў адзінай сведкай адмоўнага ўчынку Луізы.
Пачуўшы, што не яна першая пытаецца аб Морысе-мустангеру, што раней за яе яшчэ адна жанчына ўжо задавала тыя самыя пытанні, Луіза ў роспачы павярнула назад да Каса-дэль-Карво.
Цэлую ноч кідалася яна ў бяссонніцы і не магла знайсці сабе спакою. У кароткія хвіліны забыцця яе мучылі кашмарныя сны.
Раніца не прынесла з сабою супакаення, але з ёю прышла рашучасць — цвёрдая, смелая, амаль адчайная. Луіза Пойндэкстэр не бачыла для сябе іншага выйсця, як толькі ехаць да берагоў Аламо. Не было нікога, хто-б мог утрымаць яе, хто-б сказаў ёй «не».
Пошукі па справе забойства прадаўжаліся цэлую ноч, і ніхто яшчэ не вярнуўся.
Луіза хацела ведаць усю праўду. Адно з двух: або яна супакоіць сваё сэрца, або яно будзе разбіта. Нават апошняе здавалася ёй лепш, за тыя пакутлівыя сумненні, у якіх яна бездапаможна кідалася. Нават воля бацькі наўрад ці магла-б утрымаць яе ад гэтай паездкі.
* * *
Сонечны ўсход застаў Луізу ў сядле. Выехаўшы з варот Каса-дэль-Карво, яна накіравалася ў прэрыю па ўжо знаёмай сцежцы. Дваццаць міль аддзялялі Каса-дэль-Карво ад адзінокай халупы мустангера. Не прайшло і двух гадзін, як Луіза прыімчалася на сваім быстраногім мустангу да мэты свайго падарожжа. Луіза ўжо не адчувала роспачы — сум яе сэрца асвятляўся іскрамі надзеі.
Але яны згаслі, як толькі яна пераступіла парог хакале. Прыгнечаны крык вырваўся з яе грудзей. Здавалася, ён быў апошнім крыкам набалелага сэрца.
У халупе была жанчына.
Для маладой крэолкі ўсё было ясна… Яна бачыла перад сабою жанчыну, аўтара любоўнага пісьма. Спатканне, як відаць, усё- такі адбылося.
Боль, які сціснуў сэрца Луізы, наўрад ці можа быць пераданы словамі.
Не менш ясныя і не менш пакутлівыя былі і вывады Ісідоры. Мексіканка зразумела, што для яе ўжо больш няма месца ў сэрцы Морыса. Занадта доўга лавіла яна няскладныя словы хворага, каб сумнявацца ў горкай праўдзе. На парозе стаяла жанчына, якая заняла яе месца.
Твар у твар, з бліскучымі вачыма, стаялі яны адна перад другою. Абедзве страсна закаханы ў аднаго і таго-ж чалавека, абодвух мучыць рэўнасць, абедзве блізка ля яго, увы, не адчуваўшага прысутнасці ні той, ні другой. Кожная з іх лічыла другую сваёй шчаслівай саперніцай. Луіза не чула тых слоў, якія супакоілі-б яе, якія да гэтага часу гучэлі ў вушах Ісідоры і разрывалі яе сэрца.
Гэта была сцэна маўклівай варожасці. Яны не абмяняліся ні словам. Ні адна з іх не прасіла тлумачэнняў у другой — у гэтым не было неабходнасці. Бываюць моманты, калі словы лішнія. Гэта быў узаемны выклік абражанага кахання, выказаны толькі вогненнымі позіркамі і пагардлівымі складкамі ў кутках рота.
Гэтая сцэна наўрад ці прадаўжалася больш дваццаці секунд. Яна скончылася тым, што Луіза Пойндэкстэр павярнулася і накіравалася да дзвярэй. У халупе Морыса Джэральда няма месца для яе!
Ісідора таксама вышла, амаль наступаючы на шлейф сваёй саперніцы. Тая-ж самая думка была і ў яе галаве. Халупа Морыса Джэральда — не месца для яе!
Здавалася, яны абедзве спяшаліся пакінуць як мага хутчэй хакале. Шэры конь стаяў бліжэй, мустанг — далей. Ісідора першая была ў сядле. Калі яна праязджала міма Луізы, тая ўжо таксама садзілася на каня, рыхтуючыся рушыць у дарогу. Зноў саперніцы абмяняліся позіркамі. Ніводзін з іх нельга было назваць позіркам пераможніцы, але ў іх не было відаць і даравання.
Позірк крэолкі быў поўны смутку, гневу і здзіўлення. Апошні-ж позірк Ісідоры, які суправаджаўся вульгарным выкрыкам «Carajo!» быў поўны бяссільнай злосці.