Коннік без галавы (1941)/LX
← Раздзел LIX | Коннік без галавы. Раздзел LX Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LXI → |
Раздзел LX
ДАНОС
Пад яркім сонцам, якое ззяла над Аламо, ехала Ісідора, поўная змрочных думак. Яе мучыла прагнасць помсты.
У гэтым яна знайшла нейкае горкае задавальненне — гэта пачуццё выратоўвала яе ад роспачы.
Ісідора спынілася перад крутым пад‘ёмам. Над ёй прасціраліся вялізныя цёмныя галіны кіпарыса. Гэты змрочны цень быў бліжэй яе набалеўшаму сэрцу, чым радасныя праменні сонца.
«Мне трэба было забіць яе на месцы. Ці не вярнуцца, каб кінуць ёй смяротны выклік? Але калі я і заб‘ю яе, то што карысці? Гэтым-жа не вернеш яго сэрца. Яно страчана, страчана назаўсёды. Толькі яе вобраз пануе ў ім. А для мяне не асталося нават іскры надзеі!.. Не, гэта ён павінен памерці. Той, які разбіў маё сэрца. Але калі я заб‘ю яго, што тады? У што ператворыцца маё жыццё? У нясцерпнае катаванне! А цяпер, хіба гэта не катаванне? Я не магу больш цярпець! І не бачу іншага выйсця, апрача помсты. Не толькі яна, але і ён — абое павінны памерці!.. Але не цяпер, а тады, калі ён зможа зразумець, ад чыёй рукі ён загінуў! О, няхай адчувае ўсю сілу маёй помсты! Святая дзева, дай мне сілы адпомсціць!»
Ісідора прышпорыла каня і хутка паднялася па крутым адкосе.
Падняўшыся на раўніну, яна паімчалася шалёным галопам па прэрыі.
Прадастаўлены самому сабе, конь накіраваўся да Леоны.
Конніца, здавалася, не звяртала на гэта ніякай увагі, Са схіленай галавой, ахопленая глыбокімі думкамі, яна не заўважала нічога навокал.
Нечакана непадалёку ад яе паказалася група коннікаў.
«Індзейцы? Не, белыя. Цехасцы», — рашыла яна.
Не маючы ніякіх падстаў баяцца коннікаў, мексіканская дзяўчына не хацела сустракацца з імі цяпер. У іншы час яна не ўнікла-б сустрэчы, але ў хвіліну гора ёй не хацелася трапіць пад абстрэл пытанняў і дапытлівых позіркаў.
Яшчэ ёсць час схавацца. Як відаць, коннікі яшчэ не заўважылі яе. Крута звярнуўшы ў гушчу лесу, можна астацца незаўважанай.
Але не паспела Ісідора гэтага зрабіць, як яе конь моцна заірзаў. Дваццаць іншых коней адказалі яму.
Усё-ж яшчэ можна ўцячы. Напэўна коннікі кінуцца ў пагоню за ёю. Але ці дагоняць яе? Асабліва па гэтых звілістых сцежках лесу, так добра ёй знаёмых?
Яна ўжо гатова была прышпорыць свайго каня, але амаль у тую-ж хвіліну заўважыла атрад, які імчаўся проста на яе.
«Разбойнікі? Не! Занадта добра апрануты для гэтых брадзяг. Гэта, напэўна, атрад разведчыкаў на чале з бацькам забітага Генры. Так, так, гэта яны. О, божа! Вось магчымасць адпомсціць, яна едзе проста мне ў рукі. У гэтым, напэўна, воля божая».
Замест таго, каб звярнуць у зараснікі, Ісідора выехала на адкрытае месца і з задзёрыстым выглядам накіравалася насустрач коннікам. У яе зарадзіўся здрадніцкі план.
Праз хвіліну мексіканка апынулася ў цэнтры акружыўшага яе з усіх бакоў атрада.
Гэтая акалічнасць яе ніколькі не ўстрывожыла. Яна не спалохалася людзей, якія так бесцырамонна акружылі яе. Некаторых з іх яна ведала з выгляду. Стараватага чалавека, які, відавочна, з‘яўляўся іх кіраўніком, яна ніколі не бачыла, але інстынктыўна здагадвалася, хто ён. Гэта, напэўна, бацька забітага юнака і дзяўчыны, якую яна хоча бачыць забітай або, ва ўсякім выпадку, зганьбаванай. О, які шчаслівы выпадак!
— Вы гаворыце па-французску, мадэмуазель? — запытаў у яе Вудлі Пойндэкстэр.
— Вельмі мала, сэр. Лепш гаварыце па-англійску.
— О, па-англійску — тым лепш для нас. Скажыце мне, міс, вы нікога не сустрэлі па дарозе? Я хачу сказаць, ці не сустрэлі вы якіх-небудзь коннікаў, або, магчыма, заўважылі чый-небудзь лагер?
Ісідора або не рашалася, або абдумвала свой адказ.
Плантатар прадаўжаў распытваць з максімальнай далікатнасцю.
— Дазвольце ў вас запытаць, дзе вы жывеце?
— На Рыо-Грандэ, сен‘ёр.
— Вы цяпер проста адтуль?
— Не, з Леоны.
— З Леоны!
— Гэта пляменніца старога Мартынец, — растлумачыў адзін з прысутных. — Яго плантацыі прылягаюць да вашых, містэр Пойндэкстэр.
— Так, я пляменніца дона Сільвіо Мартынец.
— Значыць, вы едзеце проста з дому? Даруйце, магчыма, гэта вам здасца навязчывасцю з майго боку, але запэўняю вас, міс, мы распытваем у вас не з пустой цікаўнасці. Нас падштурхоўваюць да гэтага вельмі сур‘ёзныя прычыны, больш чым сур‘ёзныя.
— Так, я еду проста ад гасіенды Мартынец, — адказала Ісідора, робячы выгляд, што не звярнула ўвагі на апошнюю фразу плантатара. — Я выехала з дому майго дзядзі роўна дзве гадзіны таму назад.
— Вы нікога не сустрэлі ў гэтых месцах, міс?
— Так, сустрэла.
— Каго-ж? Будзьце ласкавы, апішыце нам яго.
— Жанчыну.
— Жанчыну? — водгуллем адазвалася некалькі галасоў.
— Так, сен‘ёры.
— Каго-ж іменна?
— Амерыканку.
— Амерыканку? Тут? Адну?
— Так.
— Хто-ж гэта?
— Я не ведаю.
— Вы не ведаеце яе? А як яна выглядала?
— Як яна выглядала?
— Так, як яна была апранута?
— У касцюме для язды конна.
— На кані, значыцца?
— На кані.
— Дзе-ж вы сустрэлі жанчыну, пра якую вы гаворыце?
— Недалёка адсюль, толькі з другога боку лесу.
— У якім напрамку яна ехала? І ці ёсць там якое-небудзь жыллё?
— Толькі адно хакале.
— Каму належыць гэтае хакале?
— Дону Морысіо — мустангеру.
Урачысты гул разляцеўся па натоўпе. Пасля двухдзённых нястомных пошукаў, такіх-жа бескарысных, як і ўпартых, яны, нарэшце, успалі на след забойцы.
Тыя, хто злез з коней, ускочылі зноў у сёдлы, гатовыя рушыць у дарогу.
— Мы не хочам быць надакучлівымі, міс Мартынец, але вымушаны прасіць вас паказаць нам дарогу да гэтага месца.
— Мне давядзецца зрабіць для гэтага круг. Ну, добра, паедзем. Я праводжу вас, калі вы цвёрда вырашылі ехаць туды.
Ісідора зноў перасякае паласу лясных зараснікаў. Яе суправаджаюць сто коннікаў.
Праваднік спыняецца на заходнім канцы зараснікаў. Паміж імі і Аламо прасціраецца адкрытая прэрыя.
— Вунь там, — гаворыць Ісідора, — бачыце вы чорную кропку на гарызонце? Гэта верхавіна кіпарыса. Ён расце на ніжнім беразе Аламо. Едзьце туды. Там ёсць адкос, па якому можна спусціцца ў цясніну. Спусціцеся ўніз. Крыху далей вы знойдзеце і хакале, пра якое я вам гаварыла.
Разведчыкі больш не распытвалі. Амаль забыўшыся аб тым, хто ім паказаў дарогу, яны паімчаліся па прэрыі, накіроўваючыся да кіпарыса.
Толькі адзін коннік не крануўся з месца. Ён ведаў мову Ісідоры амаль таксама добра, як і сваю родную.
— Скажыце мне, сен‘ёрыта, — звярнуўся ён да мексіканкі амаль упрашальным тонам, — ці заўважылі вы каня, на якім праязджала гэта жанчына?
— Вядома! Хто-б мог яго не заўважаць!
— Яго масць?
— Крапчаты мустанг.
— Крапчаты мустанг? О, божа! — усклікнуў са стогнам Касій Кольхаун і паімчаўся даганяць атрад.
Ісідоры было ясна, што не адна яна, але і гэты чалавек гарыць тым-жа непатухаемым полымем, перад якім усё бяссільна, апрача смерці.