Коннік без галавы (1941)/LXI
← Раздзел LX | Коннік без галавы. Раздзел LXI Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LXII → |
Раздзел LXI
ЛЯ ПАСЦЕЛІ ХВОРАГА
Хуткія і нечаканыя ўцёкі саперніцы ашаламілі Луізу Пойндэкстэр. Яна ўжо гатова была прышпорыць сваю Луну, але затрымала гэты рух і асталася ў нерашучасці, уся пад уражаннем адбыўшайся сцэны.
Толькі хвіліну назад, зазірнуўшы ў халупу, бачыла яна там гэтую жанчыну, як відаць, адчуваўшую сябе гаспадыняй доміка.
Як зразумець яе раптоўныя ўцёкі? Чым вытлумачыць гэты позірк злоснай нянавісці? Чаму ў ім не было радаснай упэўненасці, разумення сваёй сілы?
Позірк Ісідоры не абразіў крэолкі, — наадварот, ён унушаў ёй патаемную радасць. І замест таго, каб імчацца ў прэрыю, Луіза Пойндэкстэр яшчэ раз саслізнула з сядла і зноў увайшла ў халупу.
Убачыўшы хваравітую бледнасць любімага твара і дзіка блукаючыя вочы, крэолка на час забылася пра свае абражаныя пачуцці.
— Божа мой, — усклікнула яна, імкліва набліжаючыся да пасцелі. — Ён ранены… памірае… Хто гэта зрабіў?
Адказу не было. Пачулася толькі нейкае няскладнае мармытанне.
— Морыс! Морыс! Адкажы мне! Ты не пазнаеш мяне? Луізу! Тваю Луізу! Ты-ж называў мяне так! Ці памятаеш ты гэта імя?
— Луіза… Луіза… Кахаю… — нібы адказваючы на яе пытанне, прастагнаў Морыс, будучы ў непрытомнасці.
Ніколі яшчэ прызнанне ў каханні не прыносіла Луізе столькі шчасця. Нават тады, калі яна пачула яго ўпершыню, пад ценем акацый, тады, калі яе ўлюбёны гаварыў гэтае прызнанне ў поўным сазнанні і з усім запалам гарачага кахання, нават тады яно не зрабіла на яе такога моцнага ўражання. О, якая яна шчаслівая!
Зноў пяшчотныя пацалункі пакрылі гарачы лоб хворага, яго запёкшыяся губы.
Радуючыся, стаяла Луіза, прыціснуўшы руку да сэрца. Яна была шчаслівая і толькі баялася, каб хвіліны любоўнага зачаравання не праляцелі вельмі хутка.
Увы, яе боязнь апраўдалася.
На парозе халупы з‘явіўся чалавек.
Луіза пазнала ў ім дзівака Феліма. У адной руцэ ён трымаў тамагаўк, а ў другой — велізарную грымучую змяю.
— Святы Патрык! — усклікнуў ён, выпускаючы з рук гэтыя дзіўныя прадметы. — Я, напэўна, зусім здурнеў! Так яно і ёсць! Ды не можа-ж гэта быць, што гэта вы, міс Пойндэкстэр? Не можа гэтага быць!
— Але гэта так і ёсць, містэр О‘Ніл. Як нядобра з вашага боку, што вы мяне так хутка забылі.
— Забыць вас? Што вы! У гэтым мяне нельга абвінаваціць. Ды і хто можа забыць вас? Навошта далёка хадзіць! Вось чалавек, які ўвесь час брэдзіць вамі.
Гальвеец многазначна паглядзеў на ложак. Радасны халадок прабег па целе Луізы.
— Але што-ж гэта азначае? — прадаўжаў Фелім, вяртаючыся да загадачнага ператварэння. — А дзе-ж гэты хлапец або жанчына, хто яе разбярэ? Хіба вы тут нікога не сустрэлі, міс Пойндэкстэр?
— Так, так.
— О, вы сустрэліся? А дзе-ж яна?
— Паехала, я думаю.
— Паехала! Значыць, яна сама не ведае, чаго хоча. Я пакінуў яе ў халупе ўсяго толькі дзесяць хвілін таму назад. Яна зняла свой галаўны ўбор — проста мужчынскі капялюш — і размясцілася тут, як дома. Дык вы сказалі, што яна паехала? Якое шчасце! Я зусім не шкадую гэтага! Ад такой жанчыны лепш быць далей. Вы не паверыце, міс Пойндэкстэр, яна-ж падставіла свой пісталет проста мне пад нос.
— Божа мой! Для чаго-ж гэта?
— Толькі таму, што я не пускаў яе ў халупу. Але яна ўсёроўна ўвайшла. Калі вярнуўся стары Зеб, ён не стаў ёй перашкаджаць. Яна сказала, што містэр Джэральд яе сябра, што ёй хочацца даглядаць хворага.
— Праўда? О, гэта дзіўна, вельмі дзіўна, — прамармытала крэолка, задумаўшыся.
— Правільна вы сказалі. Тут адбываецца шмат дзіўнага.
— Дарагі Фелім, раскажыце, што здарылася.
— Добра, міс, але для гэтага вам давядзецца зняць капялюшык і астацца тут далей. Каб расказаць усё, што адбылося з пазаўчарайшага дня, спатрэбіцца шмат часу.
— Хто тут быў за гэты час?
— О, тут было многа сяго-таго. Перш за ўсё прыязджаў сюды адзін жартаўнік. Я не асмельваюся расказваць вам пра яго. Гэта вас можа напалохаць, міс.
— Раскажыце. Я не баюся.
— Ну, добра, толькі я сам не магу разабрацца, што такое гэта было: чалавек конна, але без галавы.
— Без галавы!
— А што больш за ўсё дзіўна, ён быў выліты містэр Морыс. Калі-б вы толькі ведалі, як я спалохаўся, — душа ў пяткі ўскочыла!
— Але дзе-ж вы гэта бачылі, містэр О‘Ніл?
— Вунь там, над абрывам. Я вышаў сустракаць гаспадара. Ён абяцаў вярнуцца ў тую раніцу. Спачатку я думаў, што гэта містэр Морыс едзе. І раптам пад‘язджае гэты… без галавы. Здыміце капялюшык і сядайце на куфэрак — там зручней сядзець, чым на крэсле. Сядайце, прашу вас. Я яшчэ не ўсё расказаў.
— Не турбуйцеся аба мне. Прадаўжайце. Хто-ж яшчэ, апрача гэтага дзіўнага конніка, быў тут? Гэта, напэўна, хто-небудзь пажартаваў з вас?
— Пажартаваў! Тое самае сказаў мне і стары Зеб.
— Значыць, і ён быў тут?
— Так, але толькі пасля таго, як сюды прыходзілі…
— Другія?
— Так, міс, Зеб прышоў толькі ўчора раніцой. Яны-ж наведалі нас у ноч напярэдадні. І ў вельмі позні час. Вы разумееце, я спаў салодкім сном. Яны прышлі і разбудзілі мяне.
— Але хто-ж гэта «яны»?
— Хто-б вы думалі? Індзейцы!
— Індзейцы!
— Ну, так! Цэлае племя! Уявіце сабе, міс, як я вам ужо сказаў, я спакойна спаў. Раптам чую шамаценне паперы, як быццам нехта раздае карты. Святы Патрык, што-ж гэта?
— Што?
— Хіба вы нічога не чулі? Вось і зноў! Тупат коней!
Фелім кінуўся да дзвярэй.
— Святыя ўгоднікі! Мы акружаны атрадам коннікаў. Іх цэлая тысяча. Трэба паведаміць старому Зебу. О, госпадзі! Цяпер, магчыма, позна ўжо!
Схапіўшы галінку кактуса, Фелім выбег з халупы.
— Божа мой! — усклікнула крэолка. — Гэта яны! Мой бацька… Што сказаць? Святая дзева, захавай мяне ад ганьбы!
Інстынктыўна кінулася Луіза да дзвярэй і замкнула іх. Але, падумаўшы крыху, зразумела, што гэта бескарысна. Тыя, што былі на дварэ, наўрад ці спыняцца перад такой перашкодай. Луіза пазнала галасы рэгулятараў.
Зіяючая ў сцяне шчыліна трапіла ёй на вочы. Уцякаць?
Але ўжо было позна. Тупат капытоў пачуўся за халупай. Коннікі акружылі хакале з усіх бакоў.
Ды і ўсёроўна яе прысутнасць тут ужо не можа быць таямніцай. Крапчаты мустанг прывязаны каля хакале, не пазнаць яго немагчыма. Але і яшчэ нешта ўтрымлівала дзяўчыну ад уцёкаў. Морыс быў у небяспецы. Яна павінна ўзяць хворага пад сваю абарону.
«Няхай я страчу сваё добрае імя, — падумала крэолка, — страчу бацьку, сяброў, усё, усё, — толькі не яго. Гэта мой лёс. Ці буду я зняслаўлена ці не, але яму я астануся вернай».
І Луіза спакойна апусцілася ля ложка хворага, рашыўшы рыскаваць для яго ўсім, хоць-бы і сваім жыццём.