Раздзел LXIV Коннік без галавы. Раздзел LXV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXV

ЯШЧЭ АДНА ІНТЭРМЕДЫЯ

Трэці раз каля халупы аднаўляецца злавесная цішыня. Гледачы і дзеючыя асобы жудаснай драмы зноў займаюць свае месцы.

Ласо яшчэ раз ляціць на галіну смакоўніцы. Тыя-ж два каты хапаюць свабодны канец. На гэты раз яны туга яго нацягваюць.

«Хутка Морысу Джэральду — смерць!»

Цяпер няшчасны Морыс зусім ужо блізкі да смерці. Нават любоў аказалася бяссільнай выратаваць яго. Якая-ж яшчэ сіла можа адхіліць ракавы канец?

Здаецца, няма ўжо магчымасці дапамагчы яму, няма ўжо часу для гэтага. У злосных позірках рэгулятараў не відаць літасці, адна нецярплівасць. Каты таксама спяшаюцца, баючыся новай затрымкі. Яны арудуюць вяроўкай са спрытнасцю спрактыкаваных прафесіяналаў.

Не пройдзе і шасцідзесяці секунд, як «аперацыя» будзе скончана.

— А ну, Біл, гатова там у цябе? — пытаецца адзін кат у другога, рашыўшы больш не чакаць каманды.

— Усё ў парадку, — адказаў Біл. — Прыканчвай гэтага нягодніка. Цягні!

Вяроўку тузаюць, але недастаткова моцна, каб падняць з зямлі цела прысуджанага. Пятля прыпадымае толькі яго галаву.

— Цягні-ж ты, пракляты! — крычыць Біл, здзіўлены бяздзеяннем свайго таварыша. — Чаго глядзіш?

Біл стаіць спіною да лесу і не бачыць з‘явіўшагася з-за дрэў чалавека.

— Ну, падавай! — крычыць галоўны выканаўца. — Давай разам пацягнем! Уверх! Канчай з ім!

— Не, ён гэтага не зробіць! — чуецца громавы голас.

І каласальная фігура чалавека са стрэльбай за плячыма выскаквае з-за кустоў. Яшчэ момант, і Зеб Стумп — ужо ў самай гушчы натоўпа.

— Не, вы гэтага не зробіце, — паўтарае паляўнічы, нахіляючыся над распасцёртым чалавекам і накіроўваючы дула сваёй доўгай стрэльбы ў бок катаў. Адпусціце, а то я стрэлю. Гэй, Біл Грыфін, калі ты зацягнеш хоць крышачку пятлю, то атрымаеш пілюлю проста ў жывот і наўрад ці пераварыш ты яе. Адпусціце вяроўку, праклятыя! Адпусціце!

Нават дзікі енк кабылы не зрабіў на натоўп такога моцнага ўражання, як з‘яўленне Зеба Стумпа.

Яго ведалі амаль усе прысутныя. Яго паважалі, а многія баяліся. Да апошніх адносіліся Біл Грыфін і яго таварыш. Вяроўка выслізнула ў іх з рук, як толькі пачулася каманда «адпусці».

— Што за глупства выдумалі гэтыя хлопцы? — прадаўжаў паляўнічы, звяртаючыся да натоўпа, анямеўшага ад здзіўлення. — Не збіраецеся-ж вы вешаць хворага?

— Мы якраз і хочам гэта зрабіць, — адказаў злосны голас.

— А чаму-б і не? — запытаў другі.

— Чаму-б і не? А хто даў вам права вешаць без суда цехаскага грамадзяніна?

— Падумаеш, важны грамадзянін! Ды, апрача таго, тут быў суд, справядлівы суд.

— Вось што! Чалавек у непрытомнасці прысуджан на смерць. Адпраўляць яго на той свет, калі ён нічога не ведае! І гэта вы называеце справядлівым судом?

— Што нам да таго, паколькі мы ведаем, што ён вінаваты? Мы ўсе ў гэтым упэўнены.

— Упэўнены? Добра. З табою, Джым Стодарс, я нават не буду аб гэтым і гаварыць. Але ты, Сэм Мэнлі, і вы, містэр Пойндэкстэр, не можа быць, каб вы былі згодны з тым зверствам, якое тут адбываецца? Па-мойму, гэта не больш, не менш, як забойства.

— Ты не ўсё ведаеш, Зеб Стумп, — загаварыў верхавод рэгулятараў, жадаючы апраўдаць свой удзел у гэтай справе. — У нас ёсць факты.

— К чорту вашы факты! Я не хачу нічога чуць. У нас хопіць часу ў гэтым разабрацца, калі будзе сапраўдны суд, супроць якога, вядома, ніхто пярэчыць не будзе.

— Вы занадта многа бярэце на сябе, Зеб Стумп, — умяшаўся Касій Кольхаун. — Забіты не быў вам ні сынам, ні братам, а то вы, напэўна, загаварылі-б інакш. Не разумею, чаму вы ўмешваецеся ў гэтую справу.

— Перш за ўсё таму, што гэты хлапец мой сябра, не гледзячы на тое, што ён іншакраінец. А па-другое, таму, што Зеб Стумп цярпець не можа несумленнай ігры, хоць-бы яна і разыгрывалася ў прэрыях Техаса.

— Несумленнай ігры! Вы гэта называеце несумленнай ігрой! Цехасцы, няўжо вы палохаецеся гэтага балбатуна? Пара скончыць з гэтай справай! Кроў забітага Генры Пойндэкстэра заве да помсты. Бярыцеся за вяроўку!

— Папрабуйце толькі! Першы, хто асмеліцца, зваліцца раней, чым паспее схапіцца за яе. Вы павесіце няшчаснага не раней, чым мёртвае цела Зеба Стумпа расцягнецца на траве і некалькі чалавек з вас побач з ім. А ну! Я хачу паглядзець, хто дакранецца да вяроўкі!

Надышла поўная цішыня. Людзі не краталіся з месца, часткова баючыся прыняць выклік, часткова з пашаны да мужнасці і велікадушша паляўнічага. Зеб Стумп, карыстаючыся спрыяльным момантам, прадаўжаў дамагацца свайго.

— Назначце над хлапцом справядлівы суд, — патрабаваў ён. — Давайце завязем яго ў сетлмент, і няхай яго там судзяць. У вас няма яўных доказаў, што ён удзельнічаў у гэтай бруднай справе, і пракляцце на мяне, калі я паверу гэтаму, не пераканаўшыся ўласнымі вачыма. Я ведаю, як ён адносіўся да юнага Пойндэкстэра. Ён не толькі не быў яму ворагам, але быў блізкім прыяцелем.

— Вы не ведаеце, містэр Стумп, таго, што мы толькі што чулі.

— Што такое вы чулі?

— Паказанні, якія гавораць нам аб адваротным. У нас ёсць доказы, што паміж Джэральдам і юным Пойндэкстэрам была сварка, больш за тое — яна адбылася іменна ў тую ноч.

— Хто гэта сказаў, Сэм Мэнлі?

— Я сказаў гэта, — адказаў Кольхаун, выступаючы наперад, каб яго бачыў Зеб.

— О, гэта вы, містэр Касій Кольхаун? Вы ведаеце, што яны абодва пагарачыліся? Вы прысутнічалі пры іх сварцы?

— Я гэтага не гаварыў, Зеб Стумп. А апрача таго, я зусім не збіраюся адказваць на вашы пытанні. Я думаю, джэнтльмены, вы ўсе згодны з вынесеным рашэннем. Я не разумею, чаму гэта стары дурань павінен умешвацца ў нашы справы.

— Стары дурань! — закрычаў паляўнічы. — Вы назвалі мяне старым дурнем? Клянуся, што вам яшчэ давядзецца гэтыя словы ўзяць назад, гэта вам гаворыць Зеб Стумп з Кентукі. Ну, ды пакуль аб гэтым неварта гаварыць. Усяму свой час. І ваш час надыйдзе, містэр Касій Кольхаун, і магчыма, раней, чым вы думаеце. Што-ж датычыць сваркі паміж Генры Пойндэкстэрм і гэтым хлапцом, — прадаўжаў Зеб, звяртаючыся да верхавода рэгулятараў, — я ў яе не веру. І ніколі не паверу, пакуль не будзе больш пераканаўчых доказаў, чым яго балбатня. З таго, што я ведаю, гэтых вывадаў нельга зрабіць. Вы гаворыце, што ў вас новыя факты? У мяне яны таксама ёсць. І факты, якія, мне здаецца, могуць праліць некаторае святло на гэтую таямнічую справу.

— Якія факты? — запытаў Сэм Мэнлі. — Мы слухаем цябе, Зеб Стумп.

— Іх некалькі. Перш за ўсё, вы самі бачыце, што хлапец ранены. Я не гавару аб драпінах. Я думаю, што яго патрапалі кайоты. Але паглядзіце на калена. Гэта ўжо ніяк не кайоты. Што ты думаеш адносна гэтага, Сэм Мэнлі?

— Тут выказалі меркаванне, што гэта адбылося ў часе схваткі паміж ім і…

— Паміж ім і кім? — рэзка запытаўся Зеб.

— І чалавекам, які згінуў.

— Так, вось такая наша думка, — сказаў хтосьці з натоўпа. — Мы ўсе ведаем, што Генры Пойндэкстэр не дазволіў-бы сябе забіць, як цялё. Паміж імі была бойка, і, як відаць, мустангер пры падзенні ўдарыўся каленам аб камень. Гэтым трэба вытлумачыць пухліну. Апрача таго, на галаве ў яго ёсць рана, падобна, што ад пісталета. Што-ж датычыць драпін, то мы не ведаем, адкуль яны — ці ад шыпоў раслін ці ад зубоў і кіпцюроў кайотаў, як вы думаеце. Тут адзін дзівак склаў байку пра тыгра, але мы ёй не верым.

— Пра якога дзівака вы гаворыце? Вы маеце на ўвазе Феліма? А дзе-ж ён?

— Уцёк, выратоўваючы сваю галаву. Мы пашукаем яго, як толькі скончым з гэтай справай. Дадзім яму папрабаваць шыбеніцы, і тады ён загаворыць па-сапраўднаму.

— Калі вам трэба даведацца пра тыгра, то вы нічога новага і не даведаецеся. Я сам бачыў гэтую нечысць і ледзь паспеў, каб вырваць хлапца з яе кіпцюроў. Але не ў гэтым справа. Што яшчэ расказваў гэты хлапчына?

— Доўгую гісторыю пра нейкіх індзейцаў. Але хто гэтаму паверыць?!

— Што-ж, ён і мне расказаў тое самае. Усё гэта падобна да праўды. Ён гаварыў, што яны ігралі ў карты. Вось глядзіце. Я знайшоў цэлую калоду ў халупе на падлозе. Гэта іспанскія карты.

Зеб выцягнуў калоду з кішэні і працягнуў яе верхаводу рэгулятараў.

Пры ўважлівым аглядзе карты аказаліся мексіканскага вырабу, звычайна ўжываемыя для ігры ў «monte».

— Дзе гэта чуваць, каб каманчы ігралі ў карты? — запытаў адзін з усумніўшыхся ў праўдападобнасці расказа. Гэта проста смешна!

— Смешна, вы сказалі? — умяшаўся адзін паляўнічы, якому давялося прабыць каля дванаццаці месяцаў у палоне ў каманчаў. — Магчыма, гэта і смешна, але, тым не менш, гэта праўда. Не раз мне даводзілася бачыць, як дзікуны ігралі ў карты на скуры буйвала замест стала, ігралі яны іменна ў гэтую мексіканскую ігру; напэўна, яны навучыліся ў сваіх палоннікаў. Вось так яно і ёсць, — каманчы іграюць у карты, гэта правільна.

Зеб Стумп быў рад гэтаму выступленню.

З‘яўленне індзейцаў у ваколіцах мяняла адносіны да справы рэгулятараў, якія да гэтага часу думалі, што каманчы займаліся разбоем толькі з таго боку сетлмента.

— Вядома, гэта так, — падхапіў Зеб, жадаючы пераканаць прысутных адкласці судовы разгляд. — Тут былі індзейцы або, ва ўсякім выпадку, хтосьці, вельмі-ж да іх падобны. Іосафат! Адкуль гэта яна імчыцца?

У гэтым момант з боку кручы ясна даляцеў тупат капытоў.

Над абрывам паказалася конніца, якая імчалася ва ўвесь кар‘ер. Валасы ў яе растрапаліся, капялюш зляцеў з галавы. Наезніца ўвесь час падганяла свайго каня хлыстом, шпорамі і крыкам, хоць конь і без таго імчаўся з усіх сіл.

У гэтай незвычайнай конніцы ўсе адразу пазналі тую жанчыну, якая поўгадзіны таму назад паказала ім дарогу да халупы.