Раздзел LXXV Коннік без галавы. Раздзел LXXVI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXVI

ЗГУБЛЕНЫ Ў КРЭЙДАВАЙ ПРЭРЫІ

Доўга сачыў Зеб Стумп са сваёй засады за аддаляючымся коннікам. І толькі тады, калі коннік знік з вачэй, схаваўшыся за гайком акацый, стары паляўнічы падняўся на ногі і выпрастаўся ва ўвесь свой рост.

Гэты эпізод, дзіўны і нечаканы, зблытаў яго думкі. Ці трэба ісці далей па следу зламанай падковы, ці пакінуць яго, з тым каб прасачыць шлях праімчаўшагася міма каня?

Павярнуўшыся тварам да таго месца, адкуль паднялося воблачка дыму, паляўнічы заўважыў нешта такое, што зноў прымусіла яго схавацца пад зеленню акацый.

На гэты раз Зеб убачыў чалавека на кані, сапраўднага конніка з галавой на плячах.

Коннік сядзеў, перагнуўшыся наперад, і прагна ўглядаўся ў сцежку, па якой накіроўваў свайго каня.

Няцяжка было вызначыць, чым ён быў заняты: невядомы шукаў след конніка без галавы.

— Ах, вось яно што! — прашаптаў Зеб. — Не мне аднаму хочацца разгадаць гэтую таямніцу. Каму-ж яшчэ?

Зебу нядоўга давялося мучыцца ў здагадках. Коннік ехаў трушком і неўзабаве пад‘ехаў настолькі блізка, што паляўнічы лёгка мог яго разгледзець.

— Іосафат! — прамармытаў Зеб. — Я павінен быў-бы здагадацца аб гэтым раней. І калі я не памыляюся, то тут пачынаецца новы раздзел той-жа кнігі, яшчэ адно звяно, якое дапаможа мне аднавіць увесь ланцуг доказаў. Ляжы смірна, жывёлінка! Калі ты толькі пачнеш варушыцца, я перарэжу табе горла!

Пасля гэтага звароту да кабылы Зеб сціх, схаваўшы галаву сярод зелені акацый, і ўважліва пачаў сачыць вачыма за набліжаўшымся коннікам.

Гэта быў Касій Кольхаун.

Старога паляўнічага не палохала сустрэча з капітанам, хоць той і быў узброены. Зеб аставаўся ў цені дрэў для таго, каб лепш бачыць, што адбывалася перад ім на адкрытай паляне.

Кольхаун праехаў міма, уважліва ўглядаючыся ў след коннніка без галавы.

Зеб Стумп праводзіў яго позіркам да таго часу, пакуль той-жа гаёк, які схаваў першага конніка, не загарадзіў сабою і капітана.

* * *

Зеб Стумп і раней збіраўся ехаць па следу конніка без галавы. Цяпер гэта яшчэ больш патрэбна было зрабіць.

Пасля кароткага раздум‘я, рашэнне было прынята.

Прыгатаванні былі нескладаныя: Зеб узяў у рукі павады і штурхнуў у бок сваю старую кабылу, што і прымусіла яе адразу-ж падняцца.

Паляўнічы вышаў з зараснікаў акацый і рушыў па сцежцы, па якой толькі што праехаў Касій Кольхаун.

Аб‘ехаўшы гаёк акацый, за які схаваліся абодва коннікі, паляўнічы выявіў, што далей рассцілаецца крэйдавая прэрыя, па якой праехаў толькі адзін коннік — той, у якога не было галавы.

На некаторай адлегласці перад сабой Зеб убачыў капітана. Кольхаун збянтэжана ездзіў узад і ўперад на адным месцы. Капітан згубіў след і стараўся знайсці яго.

Пад прыкрыццём акацый паляўнічы цішком сачыў за рухамі Кольхауна.

Аб‘ездзіўшы ўздоўж і ўпоперак гэты ўчастак, капітан, як відаць, рашыў адмовіцца ад свайго намеру. Злосна ўдарыўшы каня шпорай, ён накіраваўся ў бок Леоны.

Як толькі Кольхаун схаваўся, Зеб рашыў паспрабаваць сваё майстэрства. Аднак, не гледзячы на ўсю сваю практыку, і ён павінен быў здацца.

Спякотнае сонца бязлітасна паліла, распаленая крэйдавая прэрыя сляпіла вочы. Наўрад ці хто-небудзь, апрача саламандры, мог бачыць пры-гэтым асвятленні.

Рабіць не было чаго, і стары паляўнічы рашыў павярнуць назад і зноў заняцца тым следам, які ён толькі што пачаў вывучаць.

Цяпер у яго была ўжо поўная ўпэўненасць, што праца не будзе дарэмнай і што яго чакаюць цікавыя адкрыцці.

Хутка Зеб зноў быў на ранейшым месцы.

Не трацячы часу, ён хуткім крокам пачаў прасоўвацца па следу. Кабыла па-ранейшаму ішла за ім.

Толькі адзін раз Зеб спыніўся — на месцы, дзе след двух іншых коней далучыўся да таго следу, па якім ён ішоў. Усе тры сляды перапляталіся. Месцамі яны разыходзіліся і ішлі ў паралельным напрамку, на адлегласці каля дваццаці ярдаў, пасля зноў перасякалі адзін другога.

Усе коні былі падкаваныя. Паляўнічы спыніўся, каб прыгледзецца да адбіткаў капытоў. Яму стала, ясна, што з траіх коней адзін быў амерыканскай пароды, другі — буйны мустанг; яго капыты былі амаль таго-ж размеру, як і ў амерыканскага каня.

Амерыканскі конь ішоў за мустангам. І, нарэшце, конь з паламанай падковай ішоў апошнім.

Усе трое коней беглі па адной і той-жа дарозе, толькі ў розны час і па адным. Зеб Стумп вызначыў гэта з такой лёгкасцю і ўпэўненасцю, нібы чалавек, які чытае ўказанні па шкале тэрмометра.

— Добра, — сказаў Зеб і з задаволеным выглядам пачаў прасоўвацца далей.

Старая кабыла, не спяшаючыся, ішла за ім.

— Тут яны разышліся, — сказаў паляўнічы, зноў спыніўшыся і разглядаючы месца, на якім стаяў. — Мустанг і амерыканскі конь пайшлі разам; я хачу сказаць, што яны пабеглі па той-жа сцежцы. Паламаная падкова павярнула ў іншым напрамку. Цікава ведаць: для чаго? Ніколі ў жыцці не даводзілася мне сустракаць такіх заблытаных слядоў. Які з іх я павінен прасачыць першым? Калі я пайду за тымі двума, то мне ўжо загадзя вядома, куды яны прывядуць. Яны павінны прывесці да лужыны крыві. Давай паспрабуем трэці і паглядзім, куды ён ідзе. Направа, старэнькая, і трымайся блізка ад мяне, а то ты згубішся і кайоты пажывяцца тваім салам!

Пасля гэтага звароту да худой кабылы паляўнічы павярнуў па следу трэцяга каня.

След ішоў па ўзлеску зараснікаў, да якога яго толькі што прывялі ўсе тры сляды, якія перапляталіся.

Наперадзе была ўжо добра вядомая чытачу шырокая прасека ў выглядзе алеі. След паламанай падковы адыходзіў убок і заварочваў у гушчар. Тут, на адлегласці якіх-небудзь пяцідзесяці крокаў ад краю лесу, Зеб знайшоў месца, дзе конь быў прывязаны да дрэва. Зеб убачыў, што жывёла не ішла далей; адсюль-жа ішоў і след назад у прэрыю, хоць і не па той-жа сцежцы.

Сядок каня з паламанай падковай адправіўся ў глыбіню зараснікаў пехатою. Сляды чалавечых ног былі выразна відаць на вязкай глебе, каля абмялеўшай крыніцы, ля якой і быў прывязаны конь.

Пакінуўшы сваю старую кабылу ў гэтай-жа «стайні», паляўнічы пайшоў адзін па слядах чалавека.

Хутка ён знайшоў, што было два такіх сляды: адзін ішоў наперад, другі вёў назад. Зеб пайшоў па першым. Ён ніколькі не быў здзіўлены, калі выявіў, што гэты след вывеў яго на алею, непадалёку ад месца, дзе была лужына крыві. Цяпер вось яе ўжо не было — кроў даўно вылізалі кайоты.

На шляху сваіх пошукаў Зебу ўдалося зрабіць вельмі цікавае адкрыццё. У гушчары гэтых зараснікаў ён заўважыў месца, дзе, як відаць, досыць доўга прастаяў чалавек. Травы там не было, і рыхлая зямля была зусім утрамбавана, мяркуючы па ўсім, падэшвай бота або чаравіка.

Адбіткі гэтай-жа падэшвы вялі адсюль да лужыны крыві; адзін след ішоў туды, другі, такі самы, назад. А на галіне дрэва паміж гэтымі двума знамянальнымі месцамі Зеб знайшоў тое, чаго не ўдалося выявіць ні шматлікім разведчыкам, ні самому важаку следапытаў — Спэнглеру. Гэта быў кавалачак паперы, пачарнелы і напалову абгарэлы, як відаць скарыстаны як пыж для патрона. Ён прыклеіўся да галіны локуставага дрэва, зачапіўшыся за адзін з шыпоў.

Стары паляўнічы зняў яго з калючкі, — як відаць, вецер занёс яго туды, — і разгладзіў на сваёй вялізнай грубай далоні. На пакамечанай паверхні паперы красавалася добра вядомае імя, ініцыяламі якога, уключаючы і чын, былі тры літары: «К. К. К.»