Коннік без галавы (1941)/LXXX
← Раздзел LXXIX | Коннік без галавы. Раздзел LXXX Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LXXXI → |
Раздзел LXXX
ДОБРА АХОЎВАЕМЫ ЎВАХОД
Навошта спатрэбілася Кольхауну мяняцца коньмі?
Зеб ведаў, што мексіканка гаварыла праўду. Сапраўды, амерыканскі конь расцэньваўся на рынку значна даражэй за мустанга. Ён таксама ведаў, што Касій Кольхаун не з тых людзей, якія дазволяць сябе ашукаць у такой здзелцы. Чаму-ж ён згадзіўся на яе?
Стары паляўнічы зняў свой паяркавы капялюш, двойчы правёў рукою па непрычэсаных валасах, пасля пагладзіў бараду.
— Тут можа быць толькі адно тлумачэнне, — прамармытаў ён нарэшце. — Шэры мустанг шпарчэйшы за амерыканскага каня, у гэтым не можа быть сумнення. І містэр Каш хоча дагнаць на ім безгаловага. Гэта таксама правільна, як тое, што мяне называюць Зебулонам Стумпам. А ну, пойдзем, жывёлінка, — прадаўжаў ён, павярнуўшыся да сваёй кабылы. — Табе давядзецца папасвіцца тут яшчэ гадзіну-другую, калі і не ўсю ноч. Ну, нічога, мая старэнькая. Трава тут нядрэнная, а ў цябе хопіць часу паскубці яе як след. Ды ў цябе і так яшчэ бруха поўнае.
Зеб выняў цуглі з роту каня, прывязаў яго павадамі да дрэва ў гушчары зараснікаў, а сам пайшоў па слядах Кольхауна.
Вышаўшы з зараснікаў, паляўнічы трапіў на адкрытую раўніну. На супроцьлеглым яе канцы відаць была гасіенда Каса-дэль-Карво.
На фоне выбеленага фасада выдзялялася фігура конніка. Але вось ён ужо схаваўся за варотамі.
— Адсюль, — прамармытаў Зеб сам сабе, — я ўбачу, як ён выедзе. Я дачакаюся яго, калі-б нават ён не паказаўся да самай раніцы. Такім чынам, трэба набрацца цярплівасці.
Зеб Стумп сеў на зямлю, прысланіўшыся спіною да ствала локуставага дрэва. Ён выцягнуў са сваёй бяздоннай кішэні мяшочак, у якім былі луста кукурузнага хлеба, вялікі кавалак смажанай свініны і фляжка з манонгахельскім віскі.
З‘еўшы палову хлеба і мяса, паляўнічы паклаў рэшткі назад у мяшочак і падвесіў яго на дрэва. Пасля глынуў як след з флягі, закурыў люльку, прысланіўся зноў спіною да ствала локуста і, скрыжаваўшы на грудзях рукі, пачаў глядзець наперад, не спускаючы вачэй з варот Каса-дэль-Карво.
Так прасядзеў ён дзве гадзіны.
Нішто не ўслізнула ад яго. З варот гасіенды выходзілі людзі — мужчыны і жанчыны. Але нават на адлегласці Зеб бачыў, што гэта былі толькі нявольнікі. Яны ўсе ішлі пехатою. А той, каго чакаў Зеб, павінен быў з‘явіцца конна.
Але вось ужо сонца пачало хавацца за гарызонт. На зямлю спусціліся ліловыя цені змроку; Зеб, не спяшаючыся, устаў і прысланіўся да дрэва, як быццам у гэтым палажэнні было спакайней думаць.
«Вельмі магчыма, што гэты ліс прашмыгне ўночы, — разважаў ён у думках або перад досвіткам. А мне неабходна ведаць, у якім напрамку ён паедзе ў прэрыю. Няма сэнсу цягнуць кабылу за сабою. Яна будзе мне толькі перашкаджаць. Апрача таго, ночы цяпер відныя, і яе могуць заўважыць».
Стары паляўнічы накіраваўся да свайго каня, зняў з яго сядло, прывязаў жывёлу на доўгай вяроўцы да дрэва, пасля зняў з сядла сваю старую байкавую коўдру і, накінуўшы яе на руку, пайшоў у напрамку да Каса-дэль-Карво.
Трэба было выбраць больш блізкі назіральны пост. Зеб прасоўваўся з вялікай асцярожнасцю. Месца было зусім адкрытае. Паляўнічы ішоў крадучыся, то хутка, то зусім павольна, часамі прыгінаючыся да зямлі.
Сонца ўжо зусім зайшло, калі Зеб дасягнуў мэты свайго падарожжа. Ён спыніўся прыблізна на адлегласці двухсот ярдаў ад гасіенды. Тут рос невялікі куст. Расцягнуўшыся пад ім, Зеб пачаў сачыць за варотамі Каса-дэль-Карво.
* * *
На працягу ўсёй ночы стары паляўнічы ні разу не заплюшчыў двух вачэй адразу. Адно вока было ўвесь час на варце.
Ледзь чутныя спевы і час ад часу ўзрывы смеху даляталі з памяшкання нявольнікаў. Аднак, гэтыя гукі былі больш стрыманымі, чым звычайна, і не суправаджаліся ні меладычнымі напевамі скрыпкі, ні ігрывым акампанементам банджо, такімі характэрнымі для вячэрніх гулянак неграў. Змрочная цішыня вялікага дома не магла не падзейнічаць на настрой нявольнікаў.
Каля паўночы галасы змоўклі, і поўная цішыня запанавала навакол. І толькі час ад часу чуўся брэх брадзячага сабакі, які адгукваўся на нуднае выццё кайотаў.
Зеб правёў вельмі стамляльны дзень і цяпер з вялікай цяжкасцю стрымліваўся, каб не заснуць. Адзін раз, калі яго пачало моцна хіліць да сну, ён усхапіўся на ногі. Разы са два прайшоўся па траве. Затым зноў лёг і, схаваўшы галаву пад куст, пачаў курыць.
Усю ноч ён не зводзіў вачэй з вялікіх варот гасіенды.
Сонечны ўсход, як раней сонечны захад, прымусіў паляўнічага зноў перамяніць назіральны пункт.
Ледзь толькі пяшчотныя фарбы золаку паказаліся над гарызонтам, Зеб ціхенька ўстаў, накінуў на сябе коўдру і, павярнуўшыся спіною да Каса-дэль-Карво, павольна пайшоў. Ён ішоў той-жа сцежкай, якой прышоў сюды напярэдадні вечарам.
На сваім шляху, Зеб нідзе не спыняўся, пакуль не прышоў да локуставага дрэва, дзе ўчора павячэраў. Тут, размясціўшыся ў той-жа позе, ён пачаў снедаць.
Другая палова кукурузнай лусты хлеба і рэшткі мяса хутка зніклі. За імі пайшлі і рэшткі віскі з фалягі.
Зеб напхаў люльку і ўжо збіраўся было запаліць яе, як раптам хутка паклаў зажыгалку ў кісет.
Вароты Каса-дэль-Карво адчыніліся. І у іх паказаўся коннік. Ён быў на невялікім шэрым кані. Як толькі ён выехаў, вароты адразу-ж зачыніліся за ім.
Зеб Стумп паспяшаўся да сваёй кабылы, хутка асядлаў яе і давёў у такое месца зараснікаў, адкуль можна было-б назіраць, астаючыся незаўважаным. Зрабіўшы гэтыя прыгатаванні, стары паляўнічы пачаў чакаць набліжэння конніка. Ён ведаў, што гэта быў капітан Касій Кольхаун. Зеб чакаў да таго часу, пакуль капітан не перасек паласы лясных зараснікаў і не схаваўся ў прэрыі.
Толькі тады Зеб Стумп сеў у сядло і пагнаў кабылу.
Ён ехаў за Касіем Кольхаунам.
Пакрытая расою трава была для старога следапыта чыстым лістам, а сляды шэрага мустанга — шрыфтом, такім-жа ясным, як радкі надрукаванай кнігі.