Коннік без галавы (1941)/LXXIX
← Раздзел LXXVIII | Коннік без галавы. Раздзел LXXIX Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LXXX → |
Раздзел LXXIX
НЯСТОМНЫ СЛЕДАПЫТ
Зеб хутка вярнуўся да месца, дзе была прывязана яго кабыла. Тапаграфія лясных зараснікаў была яму добра знаёма, і ён выбраў кароткую дарогу.
Зноў ён адправіўся па следу разбітай падковы, у поўнай упэўненасці, што след гэты прывядзе яго ў Каса-дэль-Карво.
Месцамі зямля ў прэрыі была настолькі цвёрдая, што сляды зусім не былі прыкметны на ёй. Звычайны падарожнік мог-бы падумаць, што ён першы праязджае па гэтым шляху. Зеб Стумп ведаў, што сляды зноў стануць прыкметнымі на больш вільготнай і мяккай глебе прэрыі.
Паляўнічы пад‘язджаў ужо да плантацый Пойндэкстэра. Над верхавінкамі акацый відаць былі зубчатыя парэнчы азотэі. Раптам Зеб спыніўся, заўважыўшы штосьці на дарозе. Ён саскочыў, закінуў павады на шыю сваёй старой кабыле і прадаўжаў шлях пехатою.
Неспрактыкаванаму воку цяжка было-б вызначыць, чаму гэта спатрэбілася Зебу так нечакана сыйсці з каня.
— Яго след па дарозе дадому, — сказаў Зеб ціхім голасам.
І пасля гэтага паляўнічы марудліва пайшоў па следу.
Зеб не спрабаваў трымаць Кольхауна ў полі свайго зроку — не было дзеля чаго. Паляўнічы ішоў спакойна ў думаў, што цяпер ужо не давядзецца спыняцца да самай гасіенды Каса-дэль-Карво.
Але стары паляўнічы памыліўся на гэты раз. Хіба мог ён прадбачыць, што на шляху яму трапіцца такая перашкода, як сустрэча Касія Кольхауна з Ісідорай Каварубіо дэ Лос-Ланос?
Гэта застала Зеба нечакана.
Павярнуўшы ціхенька назад, Зеб прашаптаў штосьці на вуха сваёй кабыле і накіраваўся да зараснікаў акацый.
Кабыла пайшла за ім ціха і пакорліва.
Хутка Зеб спыніўся.
Густая сцяна зелені аддзяляла паляўнічага ад ажыўлена гутарыўшай пары.
Зеб усё чуў, аб чым гаварылі Кольхаун і Ісідора.
І толькі калі тыя развіталіся і раз‘ехаліся кожны ў свой бок, Зеб вышаў са сваёй засады. Спыніўшыся на месцы, дзе толькі што адбывалася здзелка па абмену коней, паляўнічы усклікнуў:
— Іосафат! Заключаны саюз паміж двума д‘ябламі!