Раздзел XC Коннік без галавы. Раздзел XCI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XCII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XCI

ПАГОНЯ ПА ЗАРАСНІКАХ ЛЕСУ

Пагоня накіроўваецца цераз прэрыю, да лясных зараснікаў, якія знаходзіліся на адлегласці дзесяці міль.

Аднак, рады коннікаў па дарозе паступова радзеюць. Іх коні не вытрымліваюць гэтай працяглай і шалёнай язды.

Нямногія набліжаюцца да лесу. І толькі двое ўязджаюць у зараснікі на больш або менш блізкай адлегласці ад шалёна імчаўшагася наперадзе конніка без галавы.

Коннік на шэрым мустангу бліжэй за ўсіх ад яго. У азарце пагоні ён не шкадуе свайго быстраногага каня — бязлітасна гоніць яго бізуном, шпорамі, крыкамі.

Услед за ім — але ўсё-ж на досыць вялікай адлегласці ззаду — імчыцца высокі чалавек ў паяркавым капелюшы. Ён конна на старой кабыле. Незразумелым здаецца, як падобны конь можа развіваць такую хуткасць.

Ні бізуном, ні шпорай, ні выкрыкам не гоніць яго сядок. Але ён ужывае яшчэ больш жорсткі спосаб: час ад часу ён коле яго ў круп каля самага спіннога хрыбта сваім вострым нажом.

Два коннікі на чале пагоні — гэта Касій Кольхаун і Зеб Стумп.

* * *

Наперад па густых зарасніках лесу імчацца тры коннікі.

— Правалілася-б яно, гэтае няшчаснае стварэнне! — усклікае Кольхаун з жэстам роспачы. — Зноў уцячэ ад мяне! Калі-б, апрача мяне, нікога тут не было! Але на гэты раз я не адзін. Гэты стары чорт лезе туды-ж. Я бачыў яго, калі ўязджаў у гушчар лесу. Нас аддзяляе не больш трохсот ярдаў. Клянуся богам, цяпер можна прыбраць яго з дарогі!

Пры гэтых словах капітан нацягвае павады і робіць поўабарот, уважліва азіраючыся на сцежку, па якой ён толькі што праехаў. Адначасова Кольхаун хапаецца за стрэльбу. Але ён яшчэ не адважваецца.

— Не, так нікуды няварта, — мармыча ён. — Занадта многа народу едзе за мною, і нямала з іх умее разбірацца ў слядах. Яны напэўна знойдуць труп, ды і стрэл пачуюць. Не, не. Так нельга.

Яшчэ некаторы час капітан астаецца на месцы і прыслухоўваецца.

«Так, ён, напэўна, набліжаецца. Чартоўскі не пашанцавала, што стары дурань увязаўся ў гэтую справу. Калі я буду марудзіць, стары хрыч дагоніць мяне, і тады ўсё будзе страчана. Чорт пабяры, гэтага нельга дапусціць!»

Зноў прышпорыўшы свайго мустанга, Кольхаун кідаецца наперад па звілістай сцежцы зараснікаў.

Праз некалькі секунд ён зноў спыняецца з здаволеным, але некалькі здзіўленым выглядам.

Коннік без галавы зусім недалёка.

Галава каня спакойна апушчана ўніз; як відаць, жывёла скубе стручкі акацый.

Кольхаун хутка падымае стрэльбу, але адразу-ж апускае яе. Конь, у якога ён быў прыцэліўся, ужо больш не стаіць спакойна і не скубе акацыі; яго галава ўжо напалову ў кустах.

Кольхаун бачыць, што павады заблыталіся ў галінах і конь спрабуе вызваліцца.

«Злоўлены, нарэшце! Дзякуй богу, дзякуй богу!»

Кольхаун кідаецца наперад, ледзь стрымліваючы выкрык радасці. Праз секунду ён ужо каля конніка без галавы — момант, якога ён так хутка і дарэмна дабіваўся!