Раздзел XCI Коннік без галавы. Раздзел XCII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XCIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Раздзел XCII

ВЫМУШАНЫ ЗВАРОТ

Кольхаун хапае каня за аброць. На гэты раз ён у палоне і праз секунду — моцна прывязаны.

Выкрык радасці мімавольна вырываецца ў пераможцы.

Азірнуўшыся навокал і прыслухаўшыся на секунду, Кольхаун пачынае справу.

Ён вымае нож, прыпадымае палу серапэ і нахіляецца да конніка, нібы хочучы ўсадзіць нож у яго сэрца. Але раптам рука Касія Кольхауна аддзёргваецца.

Пачуўся вокліч Зеба Стумпа, які нечакана з‘явіўся з-за зараснікаў.

— Спыніце гэтую гульню! — крычыць Зеб, хутка набліжаючыся на кані. — Спыніце, я кажу!

— Якую гульню? — пытаецца капітан у замяшанні, ціхенька хаваючы свой нож. — Якога чорта вы тут крычыце? Гэта жывёліна заблыталася ў кустах. Я баяўся, што яна зноў уцячэ, і хацеў ёй перарэзаць горла, каб скончыць з гэтай справай.

— Ах! вось яно што! Ну, а я ўсё-ж думаю, што рэзаць ёй горла не варта. Можна, бадай, абыйсціся без праліцця крыві. Але аб якім горле вы гаворыце? Конскім? Так, ці што, я вас зразумеў?

— Вядома, я меў на ўвазе каня.

— Так. Ну, а што вы скажаце наконт чалавека? Хто-ж гэта прарабіў над ім такую аперацыю? Што вы адносна гэтага думаеце, містэр Каш Кольхаун?

— Чорт яго ведае! Я нічога не магу зразумець. У мяне яшчэ не было часу як след зірнуць на яго. Я толькі ў гэтую хвіліну пад‘ехаў. Нябесныя сілы! — прадаўжае ён, прытворна здзіўляючыся. — Я думаю, што гэта цела чалавека і… прытым мёртвага.

— Апошняя заўвага досыць справядлівая. Наўрад ці мог-бы ён быць жывым без галавы на плячах. Пад гэтай анучай як быццам нічога не схавана, ці не праўда?

— Не. Мне здаецца, там нічога няма.

— Прыпадыміце яе крыху і паглядзіце.

— Мне не хочацца дакранацца да яго. Ён так жудасна выглядае.

— Дзіўна! Хвіліну таму назад вы гэтага не баяліся. Што гэта раптам зрабілася з вамі?

— Ах! — прагаварыў, запінаючыся Кольхаун. — Я быў вельмі ўзрушаны пагоняй. Быў вельмі злосны і рашыў пакласці канец яго фокусам.

— Ну, добра, — сказаў Зеб. — Я тады сам гэтым займуся. Так, так, — прадаўжаў паляўнічы, пад‘язджаючы бліжэй і разглядаючы дзіўную фігуру. — Так, гэта сапраўды цела чалавека. Мёртвы і зусім адзеравянелы. Стойце! — усклікнуў Зеб, прыпадымаючы палу серапэ. — Ды гэта-ж труп таго самага чалавека, з прычыны забойства якога і распачаты судовы працэс! Ваш стрыечны брат Генры Пойндэкстэр. Гэта ён, усявышнія сілы!

— Мне здаецца, ваша праўда.

— О, божа, гэта сапраўды ён! Іосафат! — прадаўжаў Зеб. — Нам няма чаго траціць тут часу ў размышленнях. Лепш за ўсё будзе, калі мы прывязем труп на месца так, як ён ёсць, у сядле. Ён, як відаць, сядзіць досыць устойліва. Каня гэтага я ведаю. Думаю, што ён без упартасці пойдзе за маёй кабылай. Ну, старэнькая, прывітайся з ім. Хіба ты не бачыш, што гэта твой стары прыяцель? Праўда, яму тугавата давялося за апошні час, і ён вельмі адзічэў.

Пакуль паляўнічы гаварыў, гнеды і старая кабыла сутыкнуліся мордамі і фыркнулі ў адзнаку прывітання.

— Я так і думаў! — усклікнуў Зеб, вызваляючы заблытаныя ў акацыі павады. — У кампаніі маёй кабылы жарабец пойдзе спакойна за намі. Ва ўсякім разе, няма неабходнасці рэзаць яму горла. Ну, а цяпер, містэр Кольхаун, — звярнуўся паляўнічы да капітана, выпрабавальна паглядзеўшы на яго, — ці не думаеце вы, што нам час рушыць у дарогу? Суд, напэўна, прадаўжаецца. А калі так, то, вядома, і наш удзел будзе пажаданы. Мне здаецца, што з намі цяпер сведка, які можа праліць святло на гэтую справу, і мустангера або павесяць або апраўдаюць. Ну, як вы, гатовы ехаць назад?

— О, вядома! Правільна, нам няма сэнсу аставацца тут.

Зеб рушыць у дарогу першым, ведучы за сабою палонніка.

Кольхаун едзе ззаду памалу і, як відаць, неахвотна.

На крутым павароце сцежкі ён нацягвае павады і, здаецца, не рашаецца, ехаць яму наперад ці імчацца назад. На яго твары прыкметна страшэннае хваляванне.

Не чуючы за сабою тупату капытоў, Зеб Стумп, у сваю чаргу, нацягвае павады, паварачвае кабылу і глядзіць на капітана запытальным позіркам. Ён бачыць яго надзвычай усхваляваны твар і адразу здагадваецца, у чым справа. Не гаворачы ні слова, стары паляўнічы бярэ стрэльбу і накіроўвае дула на капітана. Апошні, як быццам нічога не заўважыўшы, зноў прадаўжае ехаць.

Аднак, цяпер ужо Зеб Стумп едзе ззаду.

Так кавалькада марудна пасоўваецца па лясных зарасніках. Выязджаюць у адкрытую прэрыю. Тут Кольхаун яшчэ раз спыняецца. Яго агортвае панічны страх. Што-ж рабіць? Імчацца яму назад у прэрыю і схавацца ад людзей, ці рыскнуць ісці насустрач страшнай буры?

Ён аддаў-бы ўсё, чым уладаў, і нават тое, чым ён разлічваў уладаць у далейшым, не выключаючы і Луізы Пойндэкстэр, каб толькі яму пазбавіцца хоць на дзесяць хвілін ад праклятага Зеба Стумпа, каб толькі яму астацца аднаму з коннікам без галавы. Але гэта, як відаць, неажыццявіма. Хітры паляўнічы больш, чым калі-небудзь, напагатове. Кольхаун у яго ў становішчы сапраўднага палонніка, і няхай ён толькі паспрабуе ўцякаць, як умомант атрымае кулю ў спіну. Але нарэшце, што можа Зеб Стумп сказаць або зрабіць? Магчыма, усё яшчэ абыйдзецца добра? Зеб, праўда, выказвае яўную падазронасць, але ці варта яму, Касію Кольхауну, баяцца гэтага? Сяброў-жа ў яго дастаткова. Калі толькі гэтая маленькая гісторыя не выплыве наверх, то ўсё будзе ў парадку. Хутчэй за ўсё, што куля не засела там, куды была пушчана, а згубілася дзе-небудзь у гушчары зараснікаў.

Падбадзёраны гэтай надзеяй, Кольхаун зноў рушыць наперад. За ім едзе Зеб Стумп на сваёй кабыле ў суправаджэнні гнедага з трупам Генры Пойндэкстэра.