Раздзел XLVI Коннік без галавы. Раздзел XLVII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XLVIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XLVII

ПЕРАХОПЛЕНАЕ ПІСЬМО

Ахопленыя панічным страхам, Эль-Кайот і трое яго таварышоў кінуліся да сваіх коней і, спяшаючыся, ускочылі ў сёдлы. Яны і не думалі вяртацца да халупы Морыса Джэральда. Наадварот, адзіна, што ў іх было цяпер у думках, гэта як-бы далей ад‘ехаць ад адзінокага жылля.

У тым, што гэта быў «дон Морысіо», ніхто з іх не сумняваўся. Усе трое ведалі яго: Дыяз лепш за іншых, але кожны з іх дастаткова добра, каб пераканацца, што коннікам без галавы быў ірландзец. Яны пазналі каня, боты са скуры ягуара, серапэ работы індзейцаў навахо, якое адрознівалася ад звычайных мексіканскіх серапэ, і, нарэшце, яго галаву.

Яны не спыніліся, каб разгледзець яго галаву. На ёй быў капялюш — чорнае глянцавае самбрэро, якое звычайна насіў Морыс-мустангер. Ён заблішчэў перад іх вачыма, трапіўшы ў паласу святла месяца. Пасля яны ўбачылі вялікага сабаку, і Дыяз адразу пазнаў у ім сабаку ірландца. З лютым рыкам сабака кінуўся на іх у момант схваткі. Праўда, гэта было ўжо лішнім, бо яны і без таго ўсёроўна кінуліся ўцякаць.

Ва ўвесь кар‘ер імчаліся нашы коннікі па лясных зарасніках. Узабраліся на верх абрывістага схіла не цераз цясніну, дзе меркавалася зрабіць забойства, а з другога боку і, нарэшце, трапілі на раўніну. Але і тут яны не спыніліся ні на хвіліну і прадаўжалі імчацца галопам, пакуль не апынуліся зноў у лясных зарасніках, дзе так нядаўна адбылося іх удачнае ператварэнне ў каманчаў.

Адваротнай метамарфозе ўдзелена было менш увагі, і яна была хутчэй скончана. Наспех змылі яны са свайго цела баявую афарбоўку, — вада была ў іх з сабою ў вялікіх флягах, — хутка выцягнулі свае мексіканскія касцюмы з дупла дрэва, з не меншай паспяховасцю пераапрануліся, ускочылі на коней і паімчаліся да Леоны.

Па дарозе назад яны гаварылі толькі аб конніку без галавы. Ахопленыя панічным жахам, мексіканскія мустангеры ніяк не маглі сабе вытлумачыць гэтую звышнатуральную з‘яву. Напоўненыя нявырашанымі сумненнямі, развіталіся яны адзін з другім на ўскраіне сетлмента і разышліся па сваіх халупах.

— Carrai! — усклікнуў Кайот, калі ён пераступіў парог свайго хакале і кінуўся на ложак. — Наўрад ці заснеш пасля гэтага. Святы бог! Што за страшнае відовішча! Кроў застыла ў жылах! І няма чым адагрэцца, каб апамятацца. Фляга парожняя. Таверна зачынёна. Усе спяць. Маці божая, што-б гэта магло быць? Здань? Не! Я сам адчуваў вобмацкам яго цела і косці… Калі гэта проста чучала, то для чаго і каму гэта патрэбна? Каму, апрача мяне і маіх таварышоў, ахвота разыгрываць карнавал ў прэрыі? Тысяча чарцей! Што за страшны маскарад!.. Пачакай, ці не апярэдзілі мяне? Магчыма, хто-небудзь іншы ўжо зарабіў тысячу долараў? Магчыма, гэта быў ірландзец, забіты, абезгалоўлены, з уласнай галавой у руках?.. Не, гэтага не магло быць — страшэнна, непраўдападобна, невераемна!.. Але што тады?.. А, зразумеў! Яго маглі папярэдзіць адносна нашага наведвання або, ва ўсякім выпадку, ён мог падазраваць аб ім. І гэта камедыя была разыграна, каб перапалохаць нас. Напэўна, ён-жа сам і быў сведкай нашага ганебнага ўцякання. Праклён!.. Але хто мог выдаць і здрадзіць нам? Ніхто. Вядома, ніхто не ведаў аб нашым намеры. Як-жа ён мог тады падрыхтаваць такі чартоўскі сюрпрыз?.. А! Я забыўся; мы-ж ехалі па прэрыі сярод белага дня. Нас маглі бачыць. Напэўна, іменна так. А калі мы пераапраналіся ў лесе, за намі прасачылі і выкінулі вось такую штуку… Гэта адзінае тлумачэнне… Дурні! Спалохаліся чучала!.. Карамба! Заўтра-ж я зноў адпраўлюся на Аламо. Я зараблю гэтую тысячу, хоць-бы мне спатрэбіўся для гэтага і год! Так ці інакш, але справа павінна быць зроблена. Дастаткова таго, што я страціў Ісідору. Магчыма, гэта і не так, але адна гэта думка нясцерпная. Калі я толькі даведаюся, што яна кахае яго, што яны сустракаліся пасля таго, як… О, божа! Я звар‘яцею! І ў сваім вар‘яцтве я знішчу не толькі чалавека, якога яна кахае, але і жанчыну, якую я сам кахаю. О, дон‘я Ісідора! Анёл прыгожасці і дэман каварства! Я мог-бы задушыць цябе сваёй ласкай і закалоць кінжалам. І табе я дам гэты выбар.

Крыху супакоіўшыся, лічачы, што небяспека як быццам ужо мінавала, і адчуўшы задаваленне ад уноў наспеўшага рашэння, Эль-Кайот хутка заснуў.

Прачнуўся ён, калі ранішняе святло зазірнула да яго ў дзверы, і разам з ім і госць паказаўся на парозе.

— Хасэ, — закрычаў Эль-Кайот са здзіўленнем і прыкметнай радасцю ў голасе, — ты тут?

— Так, сен‘ёр, гэта я.

— Рады бачыць цябе, дружа Хасэ. Дон‘я Ісідора таксама тут? Я хачу сказаць — на Леоне?

— Так, сен‘ёр.

— Так хутка вярнулася? Ды яшчэ-ж не прайшло і двух тыдняў, ці не праўда? Мяне не было ў сетлменце, але я чуў аб гэтым. Я чакаў ад цябе вестачкі. Чаму-ж ты мне нічога не паведамляў?

— Толькі таму, сен‘ёр дон Мігуэль, што не было надзейнага чалавека. Мне трэба было вам паведаміць сёе-тое, чаго нельга было даверыць чужому. На жаль, вы не падзякуеце мне за тое, што я вам перадам. Але маё жыццё ў вашых руках — я-ж абяцаў, што вам будзе ўсё вядома.

Воўк прэрый падскочыў, як укушаны.

— Пра яго і пра яе! Я бачу гэта па тваім твары. Твая пані сустракалася з ім?

— Не, сен‘ёр. Прынамсі, наколькі мне вядома, яны не бачыліся пасля той першай сустрэчы.

— Што-ж тады? — запытаў Дыяз, як відаць, некалькі супакоены. — Яна была тут, пакуль ён жыў у таверне? Паміж імі была якая-небудзь сувязь?

— Так, дон Мігуэль, была. Я добра гэта ведаю, бо быў пасрэднікам сам. Тры разы я завозіў карзінку з прадуктамі, якую дон‘я Ісідора пасылала яму; апошні раз было прыкладзена і пісьмо.

— Пісьмо! Ты ведаеш яго змест, ты чытаў яго?

— Дзякуючы вам, дзякуючы вашай дабраце бедны слуга мог гэта зрабіць. Нават больш — я перапісаў гэтае пісьмо.

— Яно пры табе?

— Так! Вось бачыце, дон Мігуэль, вы не дарэмна пасылалі мяне ў школу. Вось што дон‘я Ісідора напісала яму.

Дыяз нецярплівым рухам выхапіў у яго запісачку і прагна пачаў чытаць. Але запіска як быццам нават супакоіла яго.

— Карамба! — сказаў ён, неакуратна складваючы пісьмо. — У гэтым няма нічога асаблівага, дружа Хасэ. Тут толькі яе падзяка за зробленую паслугу. І гэта ўсё?

— Не, гэта яшчэ не ўсё. Вось, уласна, з-за чаго я да вас і прышоў: у мяне даручэнне ў сетлмент. Прачытайце.

— А! Другое пісьмо?

— Так, сен‘ёр. На гэты раз арыгінал пісьма, а не мае каракулі.

Дрыжачымі рукамі ўзяў Дыяз працягнуты яму лісток паперы, разгарнуў і пачаў чытаць:

«Сен‘ёру дону Морысіо Джэральду.

Дарагі дружа, я зноў тут у гасцях у дзядзькі Сільвіо. Жыць без вестак ад вас я больш не магу. Мяне мучыць невядомасць. Скажыце мне, ці паправіліся вы пасля вашай хваробы? О, калі-б гэта было так! Як я хачу зазірнуць вам у вочы — у вашы прыгожыя, выразныя вочы, каб пераканацца, што вы зусім здаровы. Будзьце ласкавы і дайце мне гэтую магчымасць. Праз поўгадзіны я буду на вяршыні ўзгорка, за домам майго дзядзькі.

Прыходзьце-ж, я вас чакаю!

Ісідора Каварубіо дэ Лос-Ланос».

— Пракляцце! Любоўнае спатканне! — закрычаў у абурэнні Дыяз. — Гэтага інакш нельга назваць! І яна назначае яго сама! Добра-ж, яе запрашэнне будзе прынята, толькі не тым, каму яно ласкава прызначана. Спазнення не будзе ні на адну хвіліну… Паслухай, Хасэ. Гэтая запіска больш не патрэбна — чалавека, якому яна адрасавана, ужо няма ў пасёлку, таксама як і нідзе паблізу. Невядома, дзе ён наогул цяпер знаходзіцца. Тут нейкая таямніца. Але не ў гэтым справа. Ты ідзі ў таверну і спраўся аб ім. Адносна пісьма не турбуйся, пакінь яго ў мяне. Я табе яго аддам, калі ты зойдзеш сюды, ідучы, назад. Вось табе долар, выпі ў таверне. У сен‘ёра Обердофера цудоўнае агвардыентэ. Бывай!

Атрымаўшы долар, Хасэ, не пытаючыся ніякіх тлумачэнняў, пакорліва пакінуў хакале.

Зараз-жа ўслед за ім вышаў і Дыяз. Хутка асядлаўшы свайго каня, ён ускочыў на яго і пусціўся галопам.