Раздзел XLVII Коннік без галавы. Раздзел XLVIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XLIX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XLVIII

ІСІДОРА

Сонца толькі што паднялося над гарызонтам прэрыі. Яго круглы дыск, як шчыт з чырвонага золата, заззяў над высокай травой. Залатыя праменні пранікалі ў гушчу лясных зараснікаў, там і сям раскіданых па саванне. Буйныя кроплі расы яшчэ віселі на акацыях, абцяжаючы іх пёрыстае лісце і слязмі скочваючыся на зямлю, і здавалася, што дрэвы аплаквалі разлуку з ноччу, шкадавалі расстацца з халадком і сырасцю, баяліся сустрэчы з палячай спякотай дня. Птушкі весела шчабяталі на галінках, нібы вітаючы ўзыходзячае сонца.

Але наўрад ці дзе-небудзь, апрача прэрый Техаса, можна было сустрэць у такую раннюю гадзіну чалавека, які-б не спаў. На берагах ракі Леоны, за тры мілі ад форта Індж, паказалася фігура нейкага конніка. Па манеры сядзець на кані, па касцюму — серапэ на плячах, самбрэро на галаве — усякі, вядома, падумаў-бы, што гэта мужчына. Аднак, не трэба забывацца, што дзеянне адбываецца на паўднёвым усходзе Техаса: жанчыны там таксама ездзяць на кані па-мужчынску і для гэтага адпаведную носяць вопратку.

І наш ранні коннік — не мужчына, а жанчына. У гэтым лёгка пераканацца. Варта толькі паглядзець на маленькую ручку, якая трымае павады, на маленькую ножку ў страмёнах, на прыгожыя, жаноцкія контуры фігуры, якія выдзяляюцца нават з-пад цяжкага серапэ, і, нарэшце, на цудоўныя валасы, скручаныя вузлом пад палямі самбрэро — і сумненняў не астанецца, што перад вамі жанчына.

Гэта дон‘я Ісідора Каварубіо дэ Лос-Ланос.

Дон‘і Ісідоры нядаўна споўнілася дваццаць год. Яна брунетка і вельмі прыгожая сабою. Але прыгожасць яе — гэта прыгожасць тыгрыцы і ўнушае хутчэй страх, чым пяшчотную любоў. У яе твары не прыкметна ніякіх адзнак слабасці, ні ценю палахлівасці. Цвёрдасць, рашучасць, адвага, незвычайны для жанчыны розум — вось што адлюстроўваюць гэтыя юныя рысы. На смуглай скуры разліты пунсовы румянец, настолькі яркі, што здаецца — ён не сойдзе нават перад тварам смяротнай небяспекі.

Дзяўчына едзе адна па лясістых зарасніках Леоны. Непадалёку відаць дом, але яна аддаляецца ад яго. Гэта гасіенда яе дзядзькі, дона Сільвіо Мартынец.

Нявымушана і ўпэўнена сядзіць маладая мексіканка ў сядле. Пад ёю гарачы конь, але вам няма чаго непакоіцца за маладую конніцу — яна вельмі добра кіруе сваім канём.

Лёгкае ласо акуратна скручана на сядзельнай луцэ. Ісідора ўладае гэтай прыладай не горш за любога мексіканскага мустангера і гэтым ганарыцца.

Яна едзе не па вялікай дарозе, што ідзе ўздоўж берага ракі, а па бакавой сцежцы, якая вядзе да гасіенды яе дзядзькі на вяршыню паблізу ляжачага ўзгорка — адзінае ўзвышша на нізінах Леоны. Узабраўшыся наверх, Ісідора нацягвае павады, але не для таго каб даць адпачыць каню, а таму, што яна дасягнула канчатковай мэты сваёй паездкі. У гэтым месцы сцежка злучаецца з праезджай дарогай. Паблізу дарогі невялікая палянка велічынёю ў два або тры акры. Яна пакрыта травою, але пазбаўлена расліннасці дрэў. Гэта нібы прэрыя ў мініятуры. Калючыя лясныя зараснікі акружаюць палянку з усіх бакоў. Тры ледзь прыкметныя сцежкі разыходзяцца ад яе ў розныя напрамкі, праразаючы гушчу кустоў.

Ісідора выехала на палянку і, спыніўшыся сярод яе, патрапала па шыі свайго каня, каб той супакоіўся. Але наўрад ці патрэбна гэта было. Круты пад‘ём настолькі стаміў каня, што ён ужо не рваўся наперад і не праяўляў нецярплівасці.

— Я прыехала раней вызначанага часу, — сказала Ісідора, вымаючы залаты гадзіннік з-пад свайго серапэ. — А магчыма, ён зусім не прыедзе? Ах, калі-б ён толькі мог прыехаць! Што гэта, я ўся дрыжу? Гэта ў мяне нервовыя дрыжыкі! Я ніколі яшчэ не адчувала такога хвалявання. Што гэта — страх? Так, напэўна, гэта страх… Як дзіўна, што я баюся любімага чалавека, адзінага чалавека, якога я наогул кахала. Мае адносіны да дона Мігуэля наўрад ці маглі называцца каханнем. Гэта была самаашуканства, гульня фантазіі. На шчасце, я хутка вылечылася, убачыўшы яго баязлівасць. Герой маіх рамантычных мар зышоў са свайго п‘едэстала, надышло расчараванне. Як я рада за гэта! А цяпер я проста ненавіджу дона Мігуэля, даведаўшыся, што ён зрабіўся, — святыя сілы, няўжо гэта праўда! — што ён зрабіўся разбойнікам. Але я не спалохалася-б пры сустрэчы з ім нават у гэтым адзінокім месцы… Як гэта дзіўна: баяцца любімага чалавека, якога лічыш самым благародным, самым цудоўным са смяротных, і ў той-жа час не адчуваць страху перад тым, каго глыбока ненавідзіш, ведаючы ўсю яго жорсткасць і каварства. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага. Я дрыжу не ад страху перад небяспекай, а толькі ад страху аказацца нелюбімай. Вось чаму я зараз дрыжу ў сваім сядле, чаму я не магу спакойна спаць начамі з таго самага дня, калі Морыс Джэральд вызваліў мяне з рук п‘яных дзікуноў… Я ніколі не гаварыла яму аб гэтым. І невядома яшчэ, як ён прыме маё прызнанне. Але ён павінен гэта ведаць. Я не магу больш цярпець гэтую невядомасць. Я лічу за лепшае роспач, нават смерць, калі толькі мае мары ашукаюць мяне. А! Я чую тупат капытоў. Гэта ён? Так! Я бачу скрозь дрэвы яркую афарбоўку яго касцюма. Морыс Джэральд любіць насіць гэты касцюм. Нядзіва — гэта так яму да твару… Святая дзева! Я захутана ў серапэ, на галаве маёй самбрэро. Ён палічыць мяне за мужчыну! Далоў гэту агідную маску! Я жанчына, і ён павінен убачыць перад сабою жанчыну.

Энергічным рухам зрывае з сябе Ісідора серапэ і капялюш, якія скрывалі рысы яе жаночай прыгожасці.

Крыху прыўстаўшы, апіраючыся на страмёны і нахіліўшыся корпусам наперад, яна ўся ператвараецца ў чаканне.

На фоне зелені прыгожа выдзяляюцца яе лёгкая жаночая фігура і прыгожая галоўка.

Яна не выяўляе і ценю страху, наперакор сваім словам. Губы не дрыжаць, на твары не прыкметна бледнасці. Наадварот, яе позірк, накіраваны ўперад, — заклік гордага кахання, заклік арліцы, якая чакае свайго арла.

Але раптам — што за дзіўная перамена? Залатая вышыўка ўвяла яе ў заблуджэнне. Коннік у мексіканскім уборы — не Морыс Джэральд, а Мігуэль Дыяз.

Захапленне чакання пераходзіць у смутак. У безнадзейнасці яна апускаецца на сядло. З яе губ зрываюцца ўздыхі, блізкія да выкрыкаў роспачы. Але сполаху не прыкметна ў ёй. Гэта — расчараванне, змешанае з пачуццём пратэсту.

Эль-Кайот загаварыў першы:

— Добры дзень, сен‘ёрыта! Хто-б чакаў убачыць вас сярод гэтых цярністых зараснікаў?

— Гэта ні ў якім разе не павінна вас датычыць, дон Мігуэль Дыяз.

— Дзіўны адказ, сен‘ёрыта! Вядома, гэта датычыць мяне і павінна мяне датычыць. Вы надта добра ведаеце, як моцна я вас кахаю. Дурнем я быў, калі прызнаўся, што я ваш раб. Вось гэта-ж і ахаладзіла вашы пачуцці.

— Вы памыляецеся, сен‘ёр. Я ніколі не гаварыла, што кахаю вас. Калі мне падабалася, як вы ездзіце конна, і я аб гэтым вам сказала, то ва ўсякім выпадку не варта было рабіць з гэтага якія-небудзь вывады. Не вамі я любавалася, а толькі вашым майстэрствам наезніка. І гэта было тры гады таму назад. Я была яшчэ тады дзяўчынкай, а ў гэтым узросце такія рэчы дзейнічаюць на ўяўленне. Здзіўляе знешні бляск, а не маральныя якасці. Але цяпер я жанчына. І зусім натуральна, што ўсё гэта павінна было змяніцца.

— Але чаму-ж вы ўнушалі мне нязбытачныя надзеі? Памятаеце той дзень, калі я ўціхамірыў самага шалёнага буйвала і ўсмірыў самага дзікага каня ў стадзе вашага бацькі? Ніводзін-жа пастух не асмельваўся падыйсці да іх. У гэты дзень вы ўсміхаліся мне, і ў вашым позірку я прачытаў прызнанне ў каханні. Не адмаўляйце гэтага, дон‘я Ісідора. У мяне дастаткова практыкі, і я добра мог прачытаць на вашым твары, што вы думалі і што вы адчувалі. Але цяпер усё змянілася. Чаму? Таму, што вы мяне пакарылі сваімі чарамі. Або хутчэй таму, што я меў глупства прызнацца ў гэтым. А вы, як кожная жанчына, атрымаўшы перамогу і даведаўшыся аб гэтым, страцілі інтарэс да пераможанага. Гэта так, сен‘ёрыта, не адмаўляйце гэтага.

— Не, гэта не так, дон Мігуэль Дыяз. Я ніколі ні словам, ні позіркам не прызнавалася ў каханні да вас. Вы былі для мяне проста ўмелым наезнікам, але не больш. Вы тады былі ім або, прынамсі, здаваліся такім. Але што вы прадстаўляеце сабой цяпер? Ці ведаеце вы, што пра вас гавораць тут, ды і не толькі тут, але і на Рыо-Грандэ?

— Я не лічу патрэбным адказаць на паклёп — усёроўна, ці выходзіць ён ад сяброў-здраднікаў ці хлуслівых ворагаў. Я тут для таго, каб атрымаць тлумачэнне, а не даваць іх.

— Ад каго?

— Ад вас, цудоўная дон‘я Ісідора.

— Вы занадта самаўпэўнены, дон Мігуэль Дыяз. Не забывайцеся, сен‘ёр, з кім вы размаўляеце. Не забывайцеся, што я дачка…

— Аднаго з самых гордых памешчыкаў на Рыо-Грандэ і пляменніца не менш гордага ўласніка ў Техасе. Я аб усім гэтым думаў. Успомніў таксама, што калісьці і я ўладаў гасіендай, а цяпер — усяго толькі паляўнічы на коней. Карамба! І што-ж з таго? Вы не з тых жанчын, якія могуць ненавідзець чалавека з-за таго толькі, што ён не багаты. Бедны мустангер, як відаць, можа мець у вас не менш шансаў, чым уласнік табуноў. І ў мяне ёсць доказ вашага велікадушша.

— Які доказ? — хутка запытала яна, упершыню выявіўшы трывогу. — Дзе гэты доказ?

— У гэтым цудоўным пісьме. Вось яно, у мяне ў руках, за подпісам дон‘і Ісідоры Каварубіо дэ Лос-Ланос; пісьмо адрасаванае такому-ж беднаму мустангеру, як і я. Я не бачу неабходнасці паказваць яго бліжэй. Вы-ж можаце пазнаць пісьмо і на адлегласці?

Яна пазнала пісьмо. Гнеўны позірк, звернуты на Дыяза, выдаў гэта.

— Як яно магло трапіць у вашы рукі? — запыталася Ісідора, не спрабуючы скрыць сваё абурэнне.

— Гэта няважна. Яно ў маіх руках. Гэтага я даўно дабіваўся. Не для таго, каб даведацца, што вы перасталі цікавіцца мною, — для мяне было ясна гэта і так, — але каб мець доказ, што вы захоплены другім. Яно гаворыць аб тым, што вы кахаеце Морыса-мустангера, вы марыце зірнуць у яго прыгожыя вочы. Але ведаеце, вы ніколі не ўбачыце яго.

— Што гэта азначае, дон Мігуэль Дыяз?

Яна запыталася ў яго дрыжачым голасам, баючыся пачуць адказ. І нядзіва. Выраз твара Эль-Кайота павінен быў унушыць гэты страх.

Заўважыўшы гэта, ён адказаў:

— Вашы апасенні зусім правільныя. Я страціў вас, дон‘я Ісідора, але ніхто іншы таксама вас не атрымае, — я гэта вырашыў.

— Што іменна?

— Тое, што я сказаў: ніхто іншы не назаве вас сваёй, а ў асаблівасці Морыс-мустангер.

— Вось што?

— Так! Абяцайце мне, што вы ніколі больш не сустрэнецеся з ім, ці ўжо вы не сойдзеце з гэтага месца.

— Вы жартуеце, дон Мігуэль?

— Не, я гавару зусім сур‘ёзна, дон‘я Ісідора.

Шчырасць гэтых слоў была занадта відавочнай. Не гледзячы на ўласцівую Эль-Кайоту баязлівасць, позірк яго выказаў халодную і жорсткую рашучасць, а рука ўжо ўзялася за рукаятку кінжала.

Адважная Ісідора не магла не адчуць трывогі. Пагроза была занадта відавочнай, і здавалася — унікнуць небяспекі амаль немагчыма. У першы-ж момант сустрэчы ў яе крыху задрыжэла сэрца, але яна спадзявалася, што падаспее чалавек, які будзе яе абараняць. У пачатку размовы маладая мексіканка прагна прыслухоўвалася, ці не пачуецца тупат каня, і час ад часу паглядала ў той бок зараснікаў, адкуль яна чакала гэтага гуку.

Цяпер гэта надзея рухнула. Пісьмо не трапіла таму, каму яно прызначалася; чакаць падтрымкі не было чаго. Яна падумала аб уцёках. Але гэта звязана было з вялікімі цяжкасцямі і рыскам. Яна, напэўна, атрымае кулю ў спіну, бо пісталет Эль-Кайота быў у яго таксама блізка пад рукой, як і кінжал.

Ісідора добра ацаніла ўсю небяспеку становішча. На яе месцы любая жанчына не ведала-б, што рабіць. Але Ісідора Каварубіо была не з палахлівых. Яна і віду не паказала, што пагроза зрабіла на яе хоць якое-небудзь уражанне.

— Глупства! — усклікнула яна. — Вы гуляеце са мною, сен‘ёр. Вы хочаце напалохаць мяне. Ха-ха-ха! Чаго мне баяцца вас? Я езджу на кані не горш за вас. І ласо я кідаю таксама лёгка і таксама далёка, як і вы. Паглядзіце, як спрытна я з ім абыходжуся!

З усмешкай гаворачы гэтыя словы, дзяўчына зняла ласо сядзельнай лукі і пачала накручваць яго на руку, нібы маючы намер дэманстраваць сваё майстэрства.

Але замысел яе быў іншы. Дыяз гэтага не зразумеў. Ён быў азадачаны яе паводзінамі і моўчкі сядзеў на кані.

Толькі тады, калі ён адчуў пятлю ласо, якая зацягвалася вакол яго локцяў, мексіканец зразумеў яе намер. Але было позна. У наступны момант рукі ў яго аказаліся выцягнутымі па баках і туга звязанымі. Ён ужо не мог дастаць ні свайго кінжала, ні пісталета. У яго нават не было магчымасці вызваліцца ад пятлі. Перш чым Эль-Кайот паспеў дакрануцца да вяроўкі, яна яшчэ мацней зацягнулася вакол яго. Моцным штуршком ён быў выкінуты з сядла.

— Цяпер, дон Мігуэль Дыяз, — закрычала Ісідора, павярнуўшы каня, — не пагражайце мне больш. І не прабуйце вызваліцца. Паварушыце толькі пальцам, і я паеду наперад. Каварны паганец! Не гледзячы на тваю баязлівасць, ты хацеў забіць мяне, я бачыла гэта па тваіх вачах. Але нашы ролі перамяніліся, і цяпер…

Не чуючы азказу, яна замоўкла. Яе ласо было туга нацягнута, і яна не спускала вачэй з упаўшага чалавека.

Эль-Кайот, зусім нерухомы, ляжаў на зямлі, аблытаны вяроўкамі. Пры падзенні з каня ён страціў прытомнасць. Здавалася, што ён памёр.

— Святая дзева! Няўжо я забіла яго? — усклікнула Ісідора, асадзіўшы свайго каня крыху назад. — Я не хацела гэтага. Але кал нават і так, ніхто не можа ўпікнуць мяне, — у яго-ж быў цвёрды намер забіць мяне. Памёр ён, ці проста прытвараецца, каб я падышла да яго? Няхай іншыя гэта вырашаюць. Цяпер я магу смела ехаць дадому, ён мяне не дагоніць. А калі жыццё яго ў небяспецы, я прышлю людзей з гасіенды на дапамогу. Бывайце, дон Мігуэль Дыяз!

Пры гэтых словах Ісідора выцягнула з-за карсажа невялікі кінжал, перарэзала вяроўку каля самай сядзельнай лукі і, не адчуваючы дакораў сумлення, паехала дадому, пакінуўшы сваю афяру распасцёртай на зямлі.