Раздзел XXIII Коннік без галавы. Раздзел XXIV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XXV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XXIV

НА АЗОТЭІ

На цехаскіх плантацыях дзень пачынаецца з узыходам сонца. Звон, які заклікае чорных нявольнікаў да работы, будзіць і рабаўласнікаў.

Так было ў Каса-дэль-Карво пры старым уласніку. Сям‘я амерыканскага плантатара не здрадзіла гэтаму звычаю — праўда, не з жадання прадаўжаць традыцыю, але згодна патрабаванняў самой прыроды.

Араматную раніцу сонечнага Техаса, дзе пануе амаль бесперапынная вясна, вельмі шкада праводзіць у пасцелі.

Цудоўная, як ранішняя зорка, стаяла Луіза ля парэнчаў азотэі. Вочы яе былі звернуты ў бок ўзыходзячага сонца.

Яна глядзела нейкім блукаючым позіркам, — як відаць, думкі яе былі далёка. Не чула яна і спеваў ранішніх птушак. Яна нічога не заўважала вакол сябе. Твар яе быў затуманены смуткам. Шэпт, які мімаволі сарваўся, выдаў яе таямніцу:

— Магчыма, ён цяжка ранены? Магчыма, смяротна? Я не магу нават нікога паслаць да яго. Я нікому не давяраю. Дзе ён ляжыць? Хто з ім? Яму патрэбна дапамога, спачуванне… Куды гэта Зеб Стумп згінуў? Яго ўжо так даўно не відаць у нас…

Маладая крэолка паглядзела на дарогу, якая вяла да форта Індж. Зеб Стумп часта ездзіў гэтай дарогай, але яго не было відаць.

Праз некаторы час Луіза павярнулася: ёй здалося, што хтосьці едзе з супроцьлеглага боку раўніны. Яна не памылілася. З-за дрэў гаю з‘явіўся коннік. Крэолцы, спачатку здалося, што гэта быў мужчына. Але пасля яна ўбачыла, што гэта жанчына, толькі ў мужчынскім касцюме, і на кані яна сядзела таксама па-мужчынску. Твар конніцы цяжка было разгледзець, бо ён быў амаль увесь закрыты, як чадрою, празрыстым шарфам. Луізе ўдалося ўсё-такі адрозніць прыгожы авал смуглага твара з яркім румянцам; убачыла яна таксама прыгожыя, бліскучыя, як зоры, чорныя вочы.

За ёю ехаў другі коннік. Гэта, як відаць, быў яе слуга.

«Хто-ж гэта можа быць? — прашаптала сама сабе Луіза Пойндэкстэр і хуткім рухам паднесла ларнет да вачэй, каб лепш разгледзець дзіўную конніцу. — Мексіканка, вядома, а чалавек на муле — яе слуга. Якая-небудзь знатная сен‘ёрыта, напэўна… Я думала, што яны ўсе пераехалі на другі бераг Рыо- Грандэ. Карзінка ў руках яе спадарожніка. Цікава, што ў ёй такое? І чаго яны едуць у сетлмент? Ужо трэці раз на гэтым тыдні я бачу, як яна праязджае міма нас. Яна жыве, напэўна, дзе-небудзь на плантацыях, што знаходзяцца ніжэй па рацэ. Што за эксцэнтрычная манера коннай язды? Я чула, што гэта звычай мексіканак. Што, калі-б і я пачала так ездзіць? Уяўляю, як-бы абурыліся нашы пурытанскія матулі! Ха-ха-ха! Я ўяўляю сабе іх жахлівасць!»

На дарогу з зараснікаў гаю выскачыла антылопа. Наезніца, сарваўшы з твару пакрывала, зрабіла ў паветры некалькі кругападобных рухаў правай рукой.

— Што яна робіць? — прашаптала Луіза. — А! Ды гэта-ж ласо!

Мексіканская сен‘ёрыта, як відаць, у дасканаласці ўладала нацыянальнай прыладай; яна спрытна накінула пятлю на шыю антылопы, пятля зацягнулася, і аглушаная жывёліна павалілася.

Слуга хутка пад‘ехаў, саскочыў са свайго мула і ўдарам нажа закалоў антылопу; затым, узваліўшы тушу на спіну мула, зноў ускочыў у сядло і паехаў за конніцай. А сен‘ёрыта паспела ўжо скруціць ласо і, спусціўшы на твар шарф, прадаўжала шалях як ні ў чым не бывала.

Луізу ахапіла хваляванне.

«Няўжо, няўжо гэта яна? Маіх год, сказаў ён, ростам крыху ніжэйшая за мяне. Жыве на Рыо-Грандэ, час ад часу гасціць на Леоне. Хто-ж гэта? І чаму я не запыталася ў яго, як яе завуць? Няўжо гэта яна?»