Крок за крокам (1925)/Бунт
← Васіль Чурыла | Бунт Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1925 год |
Наталька, Джон і муха → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бунт (Колас). |
БУНТ
I
Нешта трывожнае і патаённае рабілася ў вёсцы. Сяляне зьбіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабою і талкавалі. Як толькі паяўляўся старшыня ў гэту кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім.
Вечарамі сяляне зьбіраліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Гэта быў самы стары чалавек у вёсцы, як жывая кніжка. Дзед нікому не баяўся сказаць у вочы праўду; на ўсіх, нават на земскага начальнка казаў ён „ты“. Раз на судзе ў валасным праўленьні земскі сказаў на дзеда, як дзед рэзнуў яму адну праўду:
— Гэта цябе не касаецца, стары бацук!
Гневам заблішчэлі вочы дзеда:
— А што, ня так баліць, як сьмярдзіць?
І, памаўчаўшы, дабавіў з гневам, глянуўшы на вусы земскага:
— Ой, падла, хрушч, жабіны начовачкі! — Плюнуў дзед і вышаў з канцэлярыі.
Сабраўшыся ў хаце вось гэтага Юркі і закурыўшы люлькі, сяляне садзіліся каля стала, над каторым смутна блішчэла лямпа. Дзед сядзеў на лаўцы каля печы. У пячурцы ляжаў яго капшук з тутуном і крэсіва. Вакруг дзеда круціліся ўнукі. Некалькі хвілін у хаце панавала цішыня. Толькі дым ад люлек зьвісаў над стольлю, хрыпеў часам чый-небудзь цыбук ды стукаў хто люлькаю аб кіпець, выбіваў з яе попел.
Гутарка йшла аб зямлі, аб цяперашнім уціску народу.
Сьцёпка Ляўшун у гэтых справах быў самы дук ува ўсім сяле. Гарою стаяў ён проці крыўды вобчаства і на сходах быў першы праціўнік начальства. Ня любілі яго ні пісар, ні старшыня. Нават сам земскі наводзіў часта спраўкі ў старшыні пра Сьцёпку Ляўшуна. Адным словам, гэта быў чалавек „падазрыцельны“, і поп ня раз казаў:
— Да, Ляўшун вредны чалавек. Ды і народ з яго ласкі стаў не такі, як быў раней: нядобрае ён нешта замышляе; пазірае воўкам і гаварыць з табою ня хоча. Трэба пазіраць за ім.
— А вот у мяне ёсьць сьвежы лісток, — казаў той самы Сьцёпка сабраўшымся сялянам і даставаў з-за пазухі проклямацыю.
Сяляне цесным кружком садзіліся каля Сьцяпана. Лямпу зьнімалі на стол і ставілі яе ў гаршчок. Лісток чыталі доўга. Многа было ў ім незразумелага для сялян. Былі там такія словы, каторых яны ніколі ня чулі.
— А праўда! — казалі сяляне, як лісток дачытваўся ўвесь: — у нашай, напрыклад, воласьці шэсць вобчастваў, а каб памерыць нашу зямлю, то ў нас яе будзе пэўна меней, як у двары.
— Меней! — засьмяяўся Сьцяпан: — у нас усяго 3 тысячы маргоў, а ў пана — 27 тысяч! Гэта я добра ведаю.
— От ты і шукай праўды!
— Шукай — нойдзеш!..
Далей сяляне гаварылі аб тым, як цяпер трудна ім стала жыць; што дваровае поле, як падкова, абкружыла іх благія палеткі і што няма як і кроку ступіць, каб не папасьці ў панскія лапы.
— Эгэ! — круціў стары Юрка сівою галавой, а я, нябогі, яшчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасьвіў быдла пад Дубамі. А ў затоках, што цяпер арандуе старшыня і царкоўны стараста, усё сяло лавіла рыбу. А рыбы, рыбы было!
І дзед ня раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра заплавы на рэчцы, каторыя калісь-то належалі да мужыкоў.
Сяляне слухалі, і злосьцю і зайздрасьцю гарэлі іх вочы.
II
— На начлег сюды мы езьдзілі, — гаварыў стары Юрка, ходзячы раз у сьвята з сялянамі па полі, — коняй тут пасьвілі. Пад гэтымі старымі дубамі агонь калісь-то клалі. І дзед прыглядаўся на зямлю, як-бы шукаў даўнейшага вогнішча, каб падцьвярдзіла яно яго праўду. Але ня было ніякага знаку: пяцьдзесят панскіх ніў вырасьлі ўжо на гэтым полі.
— Сьмех і песьні хлопцаў і дзяўчат будзілі некалі начны спакой гэтых палёў. Увесь кавалак аж да Сярэдніх Дарог засявалі нашы мужыкі… — даканчваў дзед сваю мову.
Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мерылі шырокімі крокамі поле, каторае належала цяпер да двара. Яны астанаўляліся, радзіліся, шукалі спосаб вярнуць сваю зямліцу.
— А вы вось ‘шчэ пахадзілі-б па полі, — сьмяяўся з іх дзед — можа што і выхадзілі-б.
— А што-ж ты кажаш рабіць? — пыталіся сяляне.
— Мне ня трэба зямлі. Я, брат, — у вырай скора; досі тапталі мае ногі сырую зямлю. Вунь дзе мая зямля! — і стары Юрка паказаў рукою на могілкі з трухлявымі крыжамі, што сіратамі стаялі ў полі, як і самі могілкі, абкопаныя нявысокім пяшчаным валам.
Раз, ужо ў позьнюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Сьцяпана выбралі дэпутатам і адправілі яго да вучыцеля.
— Пане вучыцель, — пачаў Сьцяпан, прышоўшы на кватэру вучыцеля: мы маем да вас просьбу. Ніколі вы нам кепскага не рабілі і кажаце нам адну толькі праўду. Напішэце вы нам пэтыцыю (прашэньне) да пана. Самі мы малаграматныя, а прасіць, апроч вас, няма каго: поп запужае нас пеклам, пісар — казакамі.
І Сьцёпка расказаў, у чым іх просьба.
— Вось паглядзеце на плян, калі ня праўду мы гаворым.
Сьцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у каторай быў плян і ўсякія дакуманты.
— Праўда: па пляну — зямля ваша — сказаў вучыцель, — толькі, браце, ня ведаю, ці паможа вам гэта пэтыцыя. Гэта выйдзе ня больш і ня менш, як страляньне вараным гарохам у цагляную сьцяну. А вы з панам нічога не гаварылі аб гэтым?
— Як не гаварылі? — гаварылі. Першы раз нам сказалі, што пана няма ў хаце, другі раз пан сказаў, каб прышлі іншым разам; а трэці раз, як прышлі, пан накрычаў, нашумеў — не баяўся; казакоў быў повен двор — і, паказаўшы сваю панскую сьпіну, ён схаваўся ў пакоях. Вось і ўся наша гутарка з панам.
— Ну, то добра. Я напішу вам; прыходзьце вечарам падпішацеся.
— Дзякуем вам, пане вучыцель!
Увечар, як рой пчол, гудзелі сяляне ў школе. Яны прышлі ўсім сялом паслухаць, што напісаў вучыцель, і падпісаць пэтыцыю. Вось коратка, гэта пэтыцыя:
„Вам (пану) павінна быць ведама, што робіцца цяпер у Расіі. Льецца кроў, гараць панскія палацы… Людзям няма куды дзявацца, няма чаго есьці, і яны пашлі адбіраць ад паноў тое, што паны адабралі ад іх. Мы ня хочам грабіць і паліць, каб чужою крывёй і сьлязьмі купіць сабе шчасьце; ня хочам браць чужога, а трэбуем ад вас таго, што вы ўсякімі канцэлярскімі кручкамі адабралі ад нас: 1) вярнуць назад зямлю ў вурочышчы Дубы, каторая, як значыцца на пляне, належыць да нас; 2) вярнуць права карыстаць з рэчкі: лавіць рыбу, зьбіраць чарот і г. д.
Чакаем скорага і пэўнага адказу“…
— Добра напісана! — хвалілі мужыкі.
І мазалістыя рукі з вялікім трудом пісалі фаміліі сваіх уласьнікаў. Крывыя подпісы сялян занялі ўвесь ліст паперы.
— Як пазволіць пан лавіць рыбу, дык тады панічу будзе рыбы, колькі паніч захоча! — казалі мужыкі вучыцелю.
III
Прачытаўшы пэтыцыю, пан не драмаў. На тройцы коняй панёсься ён у павятовы горад П. проста да маршалка. Усё начальства паднялося на ногі. Паклікалі поліцмайстра, спраўніка, земскага начальніка, прыстава, казацкага афіцэра. На гэтым ваенным савеце-радзе нашлі, што мужыкі бунтуюцца. Казацкі афіцэр навёў спраўкі, колькі ў вёсцы мужыкоў. Расчытаўшы, што адзін казак „у пяць мінут можа забіць дваццаць пяць мужыкоў“, ён сказаў, што для „усьмірэньня“ мужыкоў досіць будзе дваццаці казакоў.
Спраўнік паслаў у вёску выведаць, хто пісаў пэтыцыю.
Нічога аб гэтым ня ведалі сяляне і ўсё чакалі ад пана адказу. А як пан адказу не пасылаў, то сяляне, уважаючы, што закон яны споўнілі, сабраліся ізноў і напісалі прыгавар лавіць рыбу ў тых затоках, каторыя па пляну належалі да іх. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць сялян пад камандаю Ляўшуна паехалі на рыбу. Як на грэх, лоў быў шчасьлівы. Пападаліся найбольш ліны і шчупакі.
За высокім сухім чаротам нічога ня бачылі рыбакі.
Толькі што яны выбралі рыбу з апошняй тоні, бачаць-лятуць на іх казакі ў высокіх касматых шапках. У бедных „бунтароў“ і люлькі павыпадалі з зубоў на лёд, адна нават укінулася ў палонку.
— Кладзі невад на сані! — крыкнуў адзін казак.
Пакорна споўнілі сяляне гэта прыказаньне, худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбаю, а мужыкі, апусьціўшы галовы, ішлі за возам, падганяныя казацкімі нагайкамі.
Бедных мужыкоў вялі цераз сяло. Дзеці галасілі на ўсю вуліцу; бабы прычыталі, як па нябожчыках.
На другіх санях, на абапал каторых ехалі конна казакі, сядзеў вучыцель. На ім было халоднае паліто і летняя шапка.
— Вось і рыбы налавілі, і на санях, як губарнатары, пад ахранай павозімся, — жартаваў вучыцель, каб разьвесяліць кампанію, а сам такі бледны, і гора сьвяцілася ў кожнай яго жылцы…