Крок за крокам (1925)/Наталька, Джон і муха

Бунт Наталька, Джон і муха
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Малады дубок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наталька, Джон і муха.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАТАЛЬКА, ДЖОН і МУХА

(Малюнак з натуры)

Бываюць-жа такія нядобрыя здарэньні на сьвеце! і горш за ўсё тое, што гэта здарэньне якраз налучыла маленькую Натальку.

Натальцы пашоў толькі восьмы гадок. Але Наталька такая маленькая, такая шчупленькая, што яна выглядала нават меншай, як на свае леты. Можа гэта залежала ад таго, што жыла Наталька ў горадзе, дзе так мала прастору і сонца, дзе высокія дамы засланяюць шырокія разлогі яснага неба, дзе так мала сьвежага і чыстага паветра палёў, зялёнага луга і леса. І яшчэ, небажата, трэба ўзяць на ўвагу і тое, што Наталька мусіла, праўда, па меры сваіх сіл, спаўняць такую-сякую работу: няньчыць яшчэ меншую сястрычку Алесю і наглядаць за крыху большым ад Алесі братам. А Ўладзік, гэты брат, быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваймі сябрукамі…

Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы.

Але апроч усяго гэтага, Наталька спаўняла і шмат важнейшыя справы. Ня раз і ня два пасылала яе маці з кацялочкам да сталоўкі. Возьме, бывала, Наталька ў адну руку кацялок, а ў другую квіточак, зашчэміць яго моцна і такою гэта важнаю асобаю йдзе па вуліцы да сталоўкі!

Вось і сёньня паслала мама Натальку прынясьці абед, бо самой маме ня было часу. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі, прыбралася крыху, узяла медны кацялочак і выбегла на вуліцу.

Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Побач вуліцы, як веснавыя перавалы, ішлі людзі рознага званьня. Усе яны кудысь сьпяшаліся, абганялі адны другіх, сустракаліся, разьміналіся, моцна занятыя сваймі справамі. І Наталька зьлілася з гэтым людзкім перавалам і загубілася ў ім. Але яна добра ведала дарогу ў сталоўку. А вось і яна, гэта самая сталоўка, ужо цэлы хвост народу таксама з кацялкамі і рознаю пасудаю стаяў каля дзьвярэй сталоўкі, чакаючы свае чаргі.

Сюды прылучылася і Наталька. Яна хацела стаць трошкі бліжэй да дзьвярэй, а ня ў самым хвасьце. Яна думала, што яе маленькі дзіцячы ўзрост дасьць ёй на гэта права.

— Куды плішчышся? — сярдзіта прамовіла ёй якаясь цётка: ці бачыш, якая вострая! Пазьней прышла, а першая хоча справіцца!

Наталька мусіла стаць у чаргу.

II

Покі Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перашло і праехала шмат народу й нават шмат зьмен зрабілася тут за гэты час.

Каб хто стаяў тут і цікавіўся, то напэўна згледзеў-бы, як з варот аднаго двара высунуўся сабака. Відаць, што ён абегаў шмат двароў, абышоў многа закавулкаў, бо й яго сабачыя ногі троху прытаміліся.

Сабачае жыцьцё, наогул, заўсёды незайздроснае, а што датыча да гэтага вось часу, то й гаварыць няма чаго. Праўда, у сабакі многа вольнага часу, у чым яму можа пазайздросьціць цяпер і чалавек. Ніякіх павіннасьцяй ён таксама не нясе. Праўда, пабрахаць на чужога чалавека, калі ён зайдзе на двор або калі ў двор зачэшацца лапавухая дзёдзька, то звычайны сабачы абавязак падказвае выгнаць гэту асобу з двара, а каб у яе надоўга прапала ахвота даведвацца туды, куды яе ня просяць, то нават трэба схапіць яе за вуха або добра пацягнуць за хвост. Так і робяць добрыя сабакі ў вёсках. Але ў горадзе іншая справа, і гарадзкі сабака лічыць занізкім для сябе займацца гэтаю работаю. Затое-ж ён ня мае і ніякіх квіткоў, каб можна было па іх атрымаць дзе паёк.

Знашоўшы зацішны куточак у цяньку каля варот, Джон — так зваўся гэты сабака — прысеў, апусьціўшы вочы. Відаць, некія сабачыя думкі снаваліся ў яго галаве. Аб чым ён думаў, сказаць трудна; зірнуўшы на яго худое цела і паджары жывот, можна было дагадацца, што думаў ён аб няўдачах сёньнешняга дня і аб тых памылках, якія ён зрабіў, бегаючы і шукаючы пажывы. Яго ня цікавілі ні гэты ясны веснавы дзянёк, ні людзі, бязупынку ўсё шлі ды шлі, бы тыя хвалі вады. Проста ён сядзеў і разважаў. І сядзеў ён такім парадкам, покі не зачапіла яго муха. Тады Джон страсануў галавою, расплюшчыў як мае быць вочы і ўскінуў імі на муху.

Адляцеўшыся, муха зноў нацэльвалася на яго вуха. Але цяпер Джон быў на варце. І ня даў ёй прысесьці, бо не на тое ж яму вушы, каб на іх садзіліся мухі.

Чуць толькі матнулася яна каля носу, Джон злаўчыўся цап! Мухі як і ня было. Джон пачаўкаў сківіцамі, але карысьці ад мухі ня было ніякай, і ён выкінуў яе языком.

III

Гэты просты і звычайны выпадак з мухаю адзначан тут дзеля таго, што ён меў пачэснае месца ў цэлым зьвязку розных прычын таго нядобрага здарэньня, аб якім у нас і зачалася гутарка.

Муха перабіла думкі і настроі Джона, вывела яго з таго смутна-спакойнага задуменьня, якое магло-б скончыцца тым, што Джон проста заснуў-бы. Цяпер-жа ўсе яго думкі паразьляталіся, і ён чуць быў ня зьняўся з свайго кутка, каб павярнуць у двор. Але ў гэты момант штось смачнае і нязвычайна прыемнае заказытала яго нос. Джон адразу ўвесь зьмяніўся, захадзіў усім сваім целам, як-бы па ім прабеглі іскры. Вочы яго загарэліся і, кінуўшы імі туды і сюды, ён зараз-жа згледзеў маленькую Натальку. Джон крыху знаў Натальку. Колькі дзён назад забягаў ён у той двор, дзе жыла Наталька. Уладзік, схапіўшы кусок цэглы, замахнуўся, каб шпурнуць ім у Джона. Наталька схапіла Ўладзіка за руку…

— Нашто біць сабаку? Што ён табе зрабіў? Ці добра было-б, каб у цябе кінулі цэглаю? — сказала яна брату.

Ёй шкода было худога Джона і яна кінула яму костку. Джон з падзякаю зірнуў на Натальку, схапіў у зубы костку і пабег, павільваючы хвастом.

І вось цяпер, угледзеўшы добрую дзяўчынку і дазнаўшыся, што гэта з яе кацялка йдзе такі панадны пах, Джон замахаў хвастом, ня спускаючы з яе вачэй. А Наталька і ня бачыла яго, шла сабе паволі, пазіраючы на тое, што рабілася на вуліцы. А на вуліцы ў гэты час два чалавекі кудысь цягнулі трэцяга. А той упіраўся, не даваўся, крычаў і лаяўся. Наталька пашла цішэй, гледзячы на гэту цікавую справу.

А Джон тымчасам ужо стаяў каля Наталькі і ўсё віляў хвастом. Яго толькі непакоіла крыху тое, што Наталька ня бачыць яго і не зварачае на яго увагі. І вось як толькі яна параўнялася з ім, Джон, як-бы яго што падкінула, сарваўся, і кулём кінуўся да Наталькі і з разгону таўхануў яе пад руку.

Кацялок упаў на брук. Наталька, падняўшы кацялок, дзе ў самым дне засталося колькі лыжак куляшу, стаяла і горка-горка плакала.

А Джон лізаў разьліты ім кулеш і ад вялікага здаваленьня павільваў хвастом.