Эпітэты Кузулька
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 92-93
Беларускі дрэварыт пачатку XVI ст.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КУЗУЛЬКА. Была спроба зам. рас. слова „насѣкомое“, ўвясьці ў беларускую мову тэрмін кузулька („Закон паміж жывёлаў і расьцін“, пер. з рас. Г. Казячага). Спроба няўдатная, бо аўтор не задаў сабе працы спраўдзіць значэньне гэтага тэрміну ў беларускай мове. „Кузулькамі“ ў горадзеншчыне і меншчыне, паводле прац Яна Ваньковіча (меншчына) і Людвіка Обушынскага (Белавежская Пушча) гл. „Pamiętnik Fizjograficzny“ называюць сямью жукоў cerambycidae.

Гэта даволі значнага ўзросту жукі; з гэтай сямьі ў нашым краю здараюцца найдаўжэйшыя і найшырэйшыя жукі с паміж усіх сустрачаючыхся цьвёрдахрылых (Coleoptera). Сямья кузуляк наагул вельмі чысьленная і багата рознымі адменамі як што да ўзросту так і масьці. Дробныя ростам жучкі гэтай сямьі ўсёж такі становяць меншасьць. Наагул даўжыня цела кузулькаватых бывае ад 4 да 53 мм.

Лацінская назова Cerambyx не істнавала ў стараветнай лаціне. Гэта нэолёгізм утвораны Ліннеям, Зложана гэта назова з двох слоў: лацінска-грэцкага: „ceras“—што знача рог і лацінскага „bis“ („падвойна“). Згэтуль bisceramos і скарочанае „cerambyx“ азначае двурогае стварэньне, а ласьне казла. Гэта найменьне дадзена названым жукам па аналёгіі, бо кузулькаватыя,—формай вельмі даўгіх шчупнёў сваіх (рожкаў) і спосабам нашэньня іх,—запраўды прыпамінаюць казінную сямью млекасытных жывёлаў.

Т. У.