Курганная кветка (1914)/Ваал! — Я ўсё ужо спаліла на аўтары…

На магілках ⁂ (Ваал! — Я ўсё ужо спаліла на аўтары…)
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
Кветка папараці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ваал! Я ўсё ужо спаліла на алтары…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Ваал! — Я ўсё ужо спаліла на аўтары…
Глядзі: высокаю узносіцца гарой
Мой попял — і німа ўжо больш ў мяне ахвяры,
Дык не гудзі ты там пракляцьцем нада мной,
Бо ўсё, што мела я, спаліла на аўтары…

Ахвярнік мой агонь меў вельмі загарачы:
Чуць што я клала там — згарэла ў міг да тла,
А я… я ўсё несла — я не магла іначэй —
Усю душу маю я па куску несла.
А ён усё спаліў… бо вельмі быў гарачы…

Глядзі: у попелі агоньчык чуць-чуць тлее…
Во — згас! Не! зноў бліснуў залочэным рубцом:
(То дапаляецца астатняя надзея),
Што ўзоймецца ізноў гарачым ён агнём
І новая на ім ахвяра ўспламянее…

Ваал! Надзея йшчэ тліць на маім аўтары,
Пад попялу ужо застыўшая гурбой,
І хоць сягоньня я не маю ўжо ахвяры,
Ты не гудзі сваім пракляцьцем нада мной,
Бо йшчэ надзея тліць іскрою на аўтары.