Я шукала цябе мілы мой ўжо даўно, —
Я шукала цябе выглядала,
Вось такога, як сьніўся ў дзявочых мне снах,
Хоць тагды я цябе йшчэ не знала!
Хоць ніколі цябе йшчэ не бачыла я, —
Ты мне сьніўся што ноч такі самы,
Як цяпер вось стаіш поўны дзіўнай красы
С прамяністымі ўзгляду лучамі.
Ты мне сьніўся што ноч — такі пекны, як бог,
Твае вочы так мягка ясьнелі,
І здавалася мне, што то анял сьвяты
Прыбыў сон мой сцярэгч у пасьцелі…
Дай руку мне — будзь братам маім дарагім,
Пойдзем разам жыцёвай дарогай,
Мо тады чуць ня будзем так моцна цярнёў
Што калечаць безжаласна ногі.
Хадзі, пойдзем па гэтай пуціне вузкой —
Нам гасьцінец аткрыецца біты,
Тканы золатам кветак, брылянтаў расой,
Траўкі шоўкам зялёным расшыты…
Дай мне руку! З далоняй ў тваей далані
Сэрцэ с сэрцам, а душа з душою
Пойдзем, моцные сілай каханьня свайго,
Мы жыцёвай дарогай — красою!
|