Думкі ў лесе Лес шапоча
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 27, 24 верасьня 1924 г., б. 2
Хмара ідзе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXXV.
Лес шапоча.

Аб чым ён кажа, куды кліча так доўга нас? Якую таемную быль хоча нам расказаць? Пра дзеі прадзедаў маіх? Мо’ пра лік сваіх магіk, а мо’ пра тое, аб чым марыць увесь час душа?…

Хто зразумее яго? Хто прыдзе на покліч?

Ось зноў ён шапоча — ня слухаць яго ня можа душа…

Штось вялікае уздымаецца ў грудзёх, быццам хутка зразумее душа, аб чым шапоча, чаго хоча, куды кліча стары, цёмны лес!..

Кажы, кажы, мілы лес, сэрцу хутчэй свае казкі…

Ад твайго голасу душа ясьнее і думкі сьмелыя паўстаюць…

Кажы нам, лес, хутчэй!

Навучы, як ратаваць старонку, як пабудзіць братоў ад сну, як вызваліць з нядолі і кайданоў братоў… Навучы нас быць сьмелымі!

Пакажы той шлях, па якім-бы пайшоў увесь наш народ да лешшае долі, знайдзі той сьцяг, за якім ішлі нашыя прадзеды!

Дай нам магчымасьць хутчэй зразумець цябе!

Шапоча лес нам казкі цудоўныя, казкі, мудрыя!

— Сябры! У кім б‘ецца сэрца брата-беларуса, той даўно ўжо зразумеў таемныя казкі лесу і чакае, пакуль ня дасьць ён знаку пачаць тварыць тое, што пачалі прадзеды!

Стаць цьвёрда на той шлях, на якім шмат ляжыць байцоў за край наш родны, край загнаны!

Па ім ісьці нам трэба, там знойдзем мы патрачаны наш сьцяг…

Яго падняць павінны мы! Падняць высока, каб усім яго відаць было!

Каб ведалі ворагі, што ня згінуў дух волі ў сэрцах маіх братоў, што даб‘ёмся мы волі старонкі і сьцяг наш горда будзе зьяць!..

Дык шапчы, лес! Шапчы далей свае нам казкі! Табе мы дзякаваць будзем, што навучыў нас выбрацца з нядолі…

Дзяргач.