Думкі ў лесе
← Гусі ляцяць | Думкі ў лесе Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 26, 21 верасьня 1924 г., б. 3, № 27, 24 верасьня 1924 г., б. 2 |
Лес шапоча → |
Думкі мае, як хвалі бягуць адна за аднэю спакойна, ціха, то, раптам узьнімуцца вялікай грознай сьцяной…
Сэрца, быццам сьціснутае перадсьмяротнаю мукай, замрэ і жудасна зробіцца мне…
А лес усё шапоча свае цудоўныя казкі, кажа пра славу маіх прадзедаў, пра іх страшэнныя мукі за волю старонкі радзімай, бітвы, дзе вораг уцякаючы шукаў ратунку сярод гушчару лесу і гінуў там, бо лес, гэты лес, заўсёды быў добрым хаўрусьнікам маіх праайцоў…
Казаў і пра тое, як вораг, нішчачы вёскі, гарады, сёлы, мястэчкі, гнаў у далёкую няволю жанок, дзяўчат і ось ён, гэты цёмны лес, ратаваў сярод сваіх густых галін маіх братоў ад зьдзеку і нядолі…
Думкі бягуць…
Лес цёмны шуміць…
Жудасна сьціскаецца душа і чую я, праз шум галін нечы голас магутны кліча…
«Ня сумуй, браце, што нядоля пануе над старонкай радзімай, што льецца кроў братоў, што поўны ёю муры ў вялікіх турмах… Ня сумуй!..
Хутка прыдзе час і на помач прыду я да вас…
Сярод маіх глухіх месцаў зьбярэцеся на вялікую нараду і ніхто ня будзе перашкаджаць вам, на варце стану я…
Стагнаньне братоў тваіх дайшло да мяне і мушу я паклікаць усіх, у кім б’ецца, гарыць агнём барацьбы душа… Годзі зьдзеку і кайданоў!
Мае казкі навучаць вас, як гінуць горда ў барацьбе і сьцяг вольнай старонкі высока трымаць у руцэ!»…
Страшна загудзеў стары лес. Затрашчалі карэньні, галіны, завыў вецер, яркая маланка засьляпіла вочы… і страшэнны грукат патрос зямлю…
«Ня сьпеце-ж, браты, бо надходзе гадзіна, калі паклічу я вас!»
Пачуліся грамавыя словы з вяршынак дрэваў…
Зноў усё сьціхла…
Месячык сьвяціў з-за хмаркі, Зоркі дзе-ня-дзе блішчэлі…
Сьціхлі думкі, сум толькі застаўся, а душа ўсё слухала казкі лесу і ён шаптаў ёй: Слухай толькі мяне…
Дзяргач.