За белыя сьцены халоднай турмы,
У чорны спакой казэматаў
(Дзе верныя слугі сусьветнай маны
Вартуюць Лукіскія краты),
Чыясьці рука ад шырокіх палёў,
Праз ката народнае волі,
Мне з хлебам паслала адзін васілёк —
Красу беларускага поля.
Ня ведаю,
Хто яго зараз прынёс —
Таварыш,
Сястра,
Ці дзяўчына?..
А толькі забілася сэрца да сьлёз,
І я зарыдаў бяз прычыны…
Здавалася, бачу палі, сенажаць
Праз сьцены сырых казэматаў…
Таварыш, таварыш! Ну як цябе зваць?..
Ці ворагам?
Другам?!
Ці братам?!.
Я ведаю добра,
Я чую бяз слоў,
Што там,
Дзе жыцьцё казэматы,
Вы шчыра шануеце сьмелых байцоў, —
Мы блізкія нават праз краты.
Як сонца,
Як воля,
Як нават жыцьцё
Нам дорага вашая памяць,
Навошта-ж, скажэце,
Імкненьні байцоў
Маленькаю кветкай паганіць?!.
Так горна,
Так горна зрабілася мне,
Забегалі чорныя пасмы…
Сухотамі зьедзены цень па сьцяне
Нібыта адзін захістаўся.
Здавалася, бачу далёкую шыр, —
Крывавую здань на арэне…
А кашаль,
А кашаль мне грудзі душыў,
Нібы абваліліся сьцены.
І раптам нібыта з савецкіх палёў
Пачулася песьня жывая,
Дзе волю ня мераць адным васільком,
Дзе сонца усіх сагравае.
Дзе кожны,
Дзе кожны абуджаны дзень,
Дзе нават адно вокамгненьне
Пад стройную музыку гордых сырэн
Прыносіць мільён дасягненьняў…
А мой падарунак павіс галавой,
І сьніў скрозь турэмную роспач
Аб сінім прывольлі,
Дзе ветлы спакой
Паілі вячорныя росы.
1929 г.
|