⁂ Я ня буду грудзьмі надрывацца Была вясна
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
Начныя думы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЫЛА ВЯСНА

Лугі скідалі сьнег сьцюдзёны,
Стагнаў на рэчцы крыгалом.
А я пакрыўджаны, халодны
Сядзеў за кратай і замком.

Чарэмха бельлю аблілася,
Пялёстак вохным малаком,
А я між сьцен адзін самотны
Сядзеў за кратай і замком.

Была вясна… Была вясна…
З вульлёў пчала ляцела ў поле,
З пралесак водыр сабіраць,
А я складаў вершы няволі…
Была вясна… Была вясна…

Ліліся песьні веснавыя,
Зьвінеў сасновы цёмны лес.
Цьвіцеў язьмін, пахучы бэз, —
Мяне-ж трымалі краты злыя,
Была вясна… Была вясна…

Я знаю, знаю, дзесь сумуе
Матуля бедная па мне,
І цёмнай ночкаю бядуе,
І ціхамоўкі сьлёзы льле.

Пакінь, о родная, ты плакаць,
Вер, згіне з кратамі турма.
І я скажу табе ў хаце:
„Прышла майго жыцьця вясна!

Лукішкі.
25-XII—27 г.