Лукішкі (1929)/Начныя думы

Была вясна Начныя думы
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
На сьмерць Сако і Ванцэці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАЧНЫЯ ДУМЫ

Заснуў ў мгле вастрог пануры.
Застыў на кратах ціхі сон;
І маладзік сярпом з-за муру
Глядзіцца ў цёмнае вакно.

Гадзіньнік мерна аднатонна
Рытмічна б‘е: цік-так, цік-так…
А за вакном панура, сонна
Дыван паклала ночы мгла.

*

Трах-тах!
Трах-тах!..
Па плітах крочыць
Са стрэльбай вартаўнік стары.
Як здань магіл,
Як ястраб ночы
Вартуе „могільнік жывых“.


*

Адзін між сьцен…
Блукае вока.
Мне сьніцца волі далячынь.
Шумлівы гай вясеньнім сокам
Душу маю запаланіў.
Эх, думкі, думкі-лятуценьні,
Сябры самотнасьці маей.
Сярод магільных пліт-каменьняў
Я чую поступ новых дней.

Між кратаў чую песьні волі,
Зьвініць мэлёдыя жняі.
Касцова песьня аб раздольлі
Мне шэпча казкі, казкі-сны.

Бруіць ў грудзёх паток каханьня
І дзікай радасьці прыліў.
З краінай чую сэрца зьліў, —
У сэрцы — радасьць існаваньня.

Лаўлю разьмерны тон кляпаньня
Касы і працы творчай рытм.
О, вёска, вёска, з заміраньнем
Люблю цябе ў сьвятле зары.

О, вёска родная, ты люба
Вачам за ціш, за шыр палёў.
Але ў цішы — твая загуба, —
Сьмерць парываньняў, сьветлых сноў.

Твая пакора плодзіць мукі,
Твой плач адвечны, плач стары
Скаваў размах, працоўных рукі.
Я не злажу за сьлёзы гімн.

Люблю цябе, калі ты ў гневе
Замест сярпоў — мячы куеш.
Замест зразаць калосься нівы —
Начамі будзіш Белавеж.

Мне надакучыў стогн распачы,
Твая пакорлівасьць, спакой.
Мне што з таго, што горка плачаш?
Ці-ж мушу плакаць я з табой?

Тваёй крывёй прапахла глеба,
А ты ўпорыста маўчыш.
Пракляцьце шлю"спакою, небу,
Прад кім ты молішся, дрыжыш.

Ты плачаш, вёска?.. Нараканьне?
О, родная, пакінь, пакінь!
Мяне заве сырэнаў граньне,
Хоць я калісьці быў твой сын.

*

Эх, думкі, думкі-лятуценьні,
Сябры самотнасьці маей.
Сярод магільных пліт-каменьняў
Я чую поступ новых дней.

А за вакном
Па плітах крочыць
Са стрэльбай вартаўнік стары.
Як здань магіл,
Як ястраб ночы,
Вартуе „могільнік жывых“.

Лукішкі.
26-IX—27 г.