Лукішкі (1929)/Вастрожнае меню

Пасыплю крошак… Вастрожнае меню
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
Комсамолу Заходняй Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАСТРОЖНАЕ МЕНЮ
(у „Лукішках“)

Крупіна за крупінай
лятае з дубінай“.(Народная прыказка).

У вастрозе, седзячы гады,
Чаго тут, браткі, не скаштуеш?
Чаго, чаго, а ўжо вады,
Хоць утапіся — не шкадуюць.

Наранку ўстанеш — чорнай кавы
З цабэрка ў міску наліюць,
Хоць смак яе крыху гаркавы,
Але ў горы й сьлёзы п‘юць.

„Ваўчок“ лапоча — даюць „коксу“,
Як хвігу, голад замарыць.
І так жалудак апалошчыш,
І да палудня мусіш быць.

Даюць палудзень — не хапайце!
Бо схопіш пэўне чарвяка.
А добра лыжкай пабаўтайце,
То зловіш пэўне і… жука.

Праз краты выкінеш ахвяру,
Бо што-ж ў горы ты парадзіш?
За міску з лыжкаю засядзеш,
Ды болей духу, болей пары.

Сярбаеш — поліўку, пансак.
Спацее лоб, язык замочыш.
Ясі, ясі, а есьці хочаш,
Ды што-ж парадзіш, небарак?

Мінуў палудзень — і вячэраць
Ужо здаецца-б і засеў,
Бо кішкі пацеры гавораць,
Вала здаецца-б з скурай зьеў.

Вячэра, марная вячэра —
Вадзіца чыстая, гарох…
Халера ты, вастрог, халера,
Дзе-ж тут „культура“, дзе-ж тут „бог“?

У панядзелак — „жур“ і грэчка,
Ў аўторак — кава і капуста.
У сераду — фасоля, грэчка,
Ў чацьвер — пансак і „коксу“ луста.

А прыдзе пятніца — і бульбы
Даюць, як толькі на паказ, —
І селядца памазаць зубы,
Куснуў, лізнуў, — глынуў зараз.

О, пяты дзень ў „Лукішках“ — сьвята,
Чатыры блюды ўраз даюць:
Тут — „сьледзь“ гнілы, і ой багата
У міску кавы падліюць.

Ў суботу — кава, пансак, грэчка,
Ў нядзелю — „журак“ і пансак.
І таем мы, як з воску сьвечка,
Ды што-ж парадзіш, небарак?

І так, у кола дні за днямі:
То кава, жур, гарох, пансак.
Жукоў заменяць аваднямі,
Ды што-ж парадзіш, небарак?

Лукішкі.
15-VII—27 г.