Лукішкі (1929)/Вастрожны кветнік

Як пашчы каменнай цясьніна Вастрожны кветнік
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
На прагулцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Астрожны кветнік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАСТРОЖНЫ КВЕТНІК

Дзе ад таполі лісьцяў срабрыстых
Аксаміту лашчыцца цень, —
З вапняковых цагелак сьняжыстых
Як вясковага пеўня грабень,
Зроблен кветнік. Удзень
Бзымчаць пчолкі махнатыя, мухі,
Мітусяцца над ім матылькі.
А этэрныя крыльлечкаў рухі,
Як ад сьвечак мігцяць аганькі.

Ў гэты міг мне нічога ня трэба,
Я красы чую ў сэрцы прыліў.
Для мяне ўсьміхаецца неба,
Васількі сярод сьпеючых ніў.
Радасьць, радасьць па жылах агністая,
Як патокам зальле мае грудзі.
Бачу сіняе неба празрыстае,
І жыцьця свайго пройдзены пуць.

Чую песьню вячэрняй парою,
Жабаў крэхт каля гразкіх балот.
Калі вецер шуміць асакою,
І калышацца ціха чарот.

Ў гэты міг мне нічога ня трэба,
Я красы чую ў сэрцы прыліў.
Для мяне ўсьміхаецца неба,
Васількі сярод сьпеючых ніў.

Лукішкі.
22-VII—27 г.