⁂ Круцяцца каўкі… Восень
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
З-за крат

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ

Плача асеньняе неба.
Вецер застрэшыны гне.
Балотам насычана глеба,
Мокнуць пласты на гумне.

Рубцы на загонах размыты,
Што клала рука бараны.
Улетку, дзе шастала жыта,
Скавычуць па межах вятры.

Мохам рунеюцца стрэхі
Сялянскіх пахіленых хат,
Саломы разбэрсанай вехі
Абсыпалі золатам сад.

Аб восені рыпаюць косьці,
Ды жальбы у сэрцы няма,
Бо верыш, што прыдзе у госьці
У вопратцы белай зіма.

Сьняжком прыцярушацца плечы
Разьмякшай ў балоце ральлі.
Закрэкча дзядок дзесь на печы
Да прышлага сонца вясны.

Лукішкі.
8-VIII—27 г.