Восень З-за крат
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
О, дні вясны маёй…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З-ЗА КРАТ

О, воля, воля залатая,
Усёй істотай рвуся я
К табе, дзе сонца і вясна,
Дзе з жвірам шэпцацца жывая
Крыніцы чыстая струга,
Дзе салаўі пяюць у гаі,
Дзе рух, змаганьне і краса.

Стаіш ты крозаю прад вокам,
Як траўня раніца, як сон;
Ты пахнеш мне вясновым сокам,
Які цячэ сьлязой з бяроз;
Гучыш, як ціхі камертон
Аб перажытым і далёкім,
Як ціхі стук кляпаньня кос.

Гучыш акордам удалым
Гульліва-струннае гітары, —
Як шопат белых ясакараў
Над праслам крыжыкам гнілым
Дзядоўскіх-бацькаўскіх магілак
На шляху бітым і старым.

Я прагну вырвацца за браму
Да родных, зьнішчаных нізін.
На яве сьню лясы, паляны —
І птушак сьпеў, і неба сінь…
Прыдзі, прыдзі, о, міг жаданы,
О, воля, воля, я твой — сын.

Лукішкі.
20-II—1928 г.