Лукішкі (1929)/Восень у вастрозе

Летняя ноч у вёсцы Восень у вастрозе
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
Перажываньні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ У ВАСТРОЗЕ

Ня сьвіргочуць ластаўкі над вакном вастрожным,
Пошчак салаўіны змоўк, прыціх, замёр…
Толькі ліст пажоўклы зашуміць трывожна, —
Дроту тэлеграфнага чуцен перабор…
Лета адкацілася дзесь удаль упрочкі,
Да вясны замкнулася вузкае вакно.
Я адзін самотны буду цёмнай ночкай
Аб краіне роднай сьніць чароўны сон.
Не забыць мне волю, сенажаць, пакосы,
Каласоў нашэпты, песьні верацён…
Як забыць мне цяжка маці роднай сьлёзы,
Першае каханьне маладняцкіх дзён.
Ня сьвіргочуць ластаўкі над вакном вастрожным…
Лета ўлятнілася, адплыло ў нябыт.
Толькі сэрца б‘ецца радасьцю трывожнай.
Веру! Засьмяецца мне вясной блакіт.
Нас ня зломіць цемра, сіла капітала,
Мы гартуем волю на граніт і сталь,
Каб істота наша хараством зіяла,
Каб штодзень сьвятлейшы быў наш ідэал.
У грудзёх іскрацца, зіхацяць праменьні
Веры і надзеі ў сонца і сьвятло.
Веру, не змарозяць краты і каменьні
Сэрца, што так верыць ў праўду і дабро.

Лукішкі.
21-VIII—27 г.