Лукішкі (1929)/Да мяне вераб’і прылятаюць

Раніца летняя Да мяне вераб‘і прылятаюць
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
Ці помніш пару красаваньня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА МЯНЕ ВЕРАБ‘І ПРЫЛЯТАЮЦЬ

Да мяне вераб‘і прылятаюць
І садзяцца на краце маей.
Чык-чы-лік. Чык-чы-лік! — напяваюць,
Сэрцу стане цяплей і мілей.

Не пяі, не пяі, верабейка,
Бо ня ў сілах з табой паляцець, —
Дзе над рэчкай галосіць жалейка,
Стракацяць кавалькі ў траве.

Заржавела каса пад страхою,
Сіратліва глядзіць барана.
Не змагацца мне ў лузе з травою,
Не скародзіць мне родны дзірван.

О, хацеў-бы ляцець я з табою,
Дзе Вяльля ўецца стужкай, бяжыць,
Дзе над рэчкай вячэрняй парою
Асака аб былым шалясьціць.

Паляцеў-бы я ў родны куточак,
Да матулі сваёй дарагой.
Падзяліў-бы з ёй жаль, смутак ночак…
Разьвітаўся-б са смуткам, журбой.

Не пяі, не пяі, верабейка,
Бо ня ў сілах з табой паляцець, —
Дзе над рэчкай галосіць жалейка,
Стракацяць кавалькі у траве.

Лукішкі.
20-I—1928 г.