„Но где-то есть душа одна, Она до гроба помнить будет“.Н. Некрасов.
Скрыганула жалезная брама.
У белай хустцы мільгнула пастаць.
У вастрог на адведкі да сына
Прышла з вёскі старэнькая маці.
Твар ад гора пажоўк і маршчыны
Палажылі на шчоках разоры.
О, жыцьцё беларускай жанчыны,
Жыцьцё, поўнае смутку і гора.
Падышла да жалезнае сеткі.
З нецярплівасьці сэрца шчаміць:
„Ой, і бедныя-ж, бедныя дзеткі,
Як-жа цяжанька праўду здабыць!“
З спачуваньнем сказала і моўчкі
Рукавом асушыла сьлязу.
*
Вочы сына з вачыма спаткаліся.
У іх крозы і думкі адны.
Палыхалі, то йзноў загараліся,
У іхных сэрцах каханьня агні.
Было столькі ў вочах надзеі
Ў перамогу каханьня—дабра.
А на шчоках ўсьмешка лілеяй
Між маршчынаў матулі лягла.
— Ну, бывай, даражэнькі сыночак.
Горка мне… Але што-ж… Ну, бывай!..
— Ты ня плач… Пашкадуй сваіх вочак…
— Яшчэ ўбачымся, мама, ня плач!..
Зазьвінелі ключы.
Гаманіў даглядчык:
„Выхадзіце, панове, хутчэй!“
І за сеткаю белая хустка
Мільганула і зьнікла з вачэй.
|