О, сумна сядзець мне вясной ў вастрозе,
О, цяжка дзянькі каратаць.
Лепей памерці на полі, дарозе,
Чым ў дні маладыя стагнаць.
Чуць усёй душою вясну расквітнеўшую,
Птушак аддалены сьпеў…
О, сумна вясной ў турме акалеўшай,
Сумна вясной у турме!
І нібы ад сну ты часамі прачнешся,
Як думка маланкай ў мазгох зіхане.
І нібы рабіна душой страсянешся,
Здаецца, хтось шэпча на вуха табе:
„Ня думай аб сьмерці, ты мой, чалавеча,
Ня вечна-ж ты будзеш ў вастрозе сядзець,
Ня вечна ў даль праз жалезныя краты
Ты будзеш так сумна глядзець.
Жыцьцё прад табою і шлях твой шырокі,
Да шчасьця адчынены дзьверы.
Час помсты надойдзе, ён недалёка
Ня страць ты надзеі і веры!“
|