Ліст Льва Сапегі да Язафата Кунцэвіча (22 сакавіка 1621)

Ліст Льва Сапегі да Язафата Кунцэвіча (22 сакавіка 1621)
Ліст
Аўтар: Леў Сапега
Пераклад: Мікалай Шкялёнак
Крыніца: У трохсотныя ўгодкі сьмерці вялікага канцлера Льва Сапегі, С.23-26

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нярад удаюся з Вашай Міласьцю ў ліставаньне і спрэчкі; аднак бачучы, як упорна трываеце Вы пры зданьню сваім і што ніякія заўвагі ня могуць Вас ад яго адвесьці, мімаволі чуюся прымушаным на беспадстаўнае пісьмо Вашае адказаці. Не пярэчу, што я сам прыкладаў стараньня каля вуніі і пакінуць яе было-б справай неразумнай, аднак ніколі мне ня прыходзіла ў думку, каб Ваша Міласьць уздумала людзей да яе прыводзіць гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі падбурылі і, скажу, прымусілі народ Рускі да апору і зламаньня ўчыненае яго каралеўскай Міласьці прысягі. Трудна Вам пярэчыць гэтаму, бо Вас пераконваюць пададзеныя ад іх найвышэйшым ураднікам польскім і літоўскім жалабы. Ці-ж Вам няведамы нараканьні неразважнага люду, каторыя даюцца чуць у тым, што яны прагнуць лепш быць у падданстве турэцкім, чымся цярпець гэтакі уціск веры і набажэнства свайго? Паводле Вашых слоў толькі некаторыя мніхі з эпархіі Барэцкага і Сматрыцкага спраціўляюцца вуніі. Аднак просьба, пададзеная гаспадару і каралю, не паходзе ад некалькіх манахаў, але ад усяго запарожскага войска, якое жадае, каб Барэцкага і Сматрыцкага ў іхніх эпархіях пацьвердзіць, а Вас з іншымі адсунуць. Бяда таму, хто ёсьць лёгкадумным; абставіны гэтыя зусім інакш прадстаўляюцца ў успомненых вышэй жалабах, і неразумна было-б згубным гвалтам ламаць гэтак пажаданую згоду, а гэтым самым і належную гаспадару паслухмянасьць. Вы надужыцьцём свае ўлады, кіруючыся хутчэй гультайствам і прыватнай ненавісьцю, чымся любоўю да бліжняга, супраць сьвятой волі і навет забароне Рэчыпаспалітае, былі прычынай і паджогай тых небясьпечных іскраў, каторыя ўсім нам пагражаюць пажарам ці то вельмі згубным, ці то ўсё травячым. Вы пішаце, што і палітыка мае зьверненую да іх увагу, а я дадам, што ня толькі палітыка, але і ўрад, бо з іхняе паслухмянасьці вялікшыя для краю вынікаюць карысьці, чымся з Вашае вуніі. Дзеля гэтага павінны Вы ўладу сваю і абавязкі духоўніка прытасоўваць да волі гаспадарскае і да намераў ураду, ведаючы, што ўлада Вашая абмежаная і што імкненьні Вашыя, праціўныя супакою і карысьці грамадзянства, справядліва могуць быць уважаны за абражэньне Маестату. Калі-б Вы адважыліся на штось падобнае ў Рыме або ў Вэнэцыі, напэўна-б Вас там навучылі, колькі трэба мець развагі на палажэньне або палітычныя намеры ўраду. Пішаце аб наварачаваньні на вунію адшчапенцаў і г. д.; запраўды, трэба падумаць аб іх наварачаваньні, дбаючы аб тым, каб была адна аўчарня і адзін пастыр; але ў гэтым трэба паступаць асьцярожна і разумна, кіруючыся абставінамі часу, асабліва ў нашай айчыне, дзе зусім ня служыць гэная сэнтэнцыя «прымушай іх уваходзіць». Трэба, каб гэтая нашая пільнасьць і жаданьне агульнага аб‘яднаньня апіралася на асновах любові, водле слоў апостала Паўлы. Але бачу, што Вы аддаліліся ад навукі гэтага апостала, і таму нядзіўна, што тыя, каторыя былі пад Вашай уладай, вышлі з належнае Вам паслухмянасьці. Што датычыць небясьпекі, пагражаючай Вашаму жыцьцю, дык можна сказаць: „кажды сам прычынай сваей бяды“. Трэба карыстацца з памысных абставінаў, але ня трэба паддавацца неразумнаму захапленьню, асабліва, калі ідзе аб веравызнаньне, бо тады правадыры бываюць выстаўлены на нялічаныя небясьпекі—„Я абязаны—пішаце—насьлядаваць біскупаў і г. д.“. Ёсьць рэччу пахвальнай насьлядаваць сьв. біскупаў, напр. Златавуснага; але насьлядаваць іх трэба такжа ў пабожнасьці, навуцы, цярплівасьці і даваньню добрых прыкладаў. Прачытайце жыцьцяпісы ўсіх пабожных біскупаў, творы Златавуснага, а ня знойдзеце ў іх ані жалабаў, ані пратэстацыяў, працэсаў, спрэчак, позваў на суд аб перасьледаваньне, аб скідаваньне з урадаў з асабістых карысьцяў, аб пазбаўленьні жыцьця пабожных духоўных; знойдзеце там толькі тое, што павялічывае славу Божую, асьвету і будову душаў людзкіх і ўласкавеньне Эўдоксіі, гнеўнай на слуг царквы. Вернемся-ж цяпер да ўчынкаў Вашае Міласьці: у Вас поўныя земскія суды, поўныя магістраты, поўныя трыбуналы, поўныя ратушы, поўныя біскупскія канцэлярыі позваў, працэсаў, пратэстацыяў, чым ня толькі вуніі ўзмоцніць немагчыма, але і апошняя ў грамадзянстве сувязь любові разьбіваецца. «Але, калі—пішаце—неправаверныя на мяне адважна наступаюць, дык я мімаволі прымушаны бараніцца». Запраўды-ж ня гэтак вучыў нас Хрыстос: ён, ведзены на сьмерць, маліўся за сваіх ворагаў,—гэтак і Вашай Міласьці трэба паступаць. Яшчэ пішаце: „на соймах падносяцца галасы, шкадлівыя ня толькі для вуніі, але і для ўсяго рымскага духавенства“. Хто-ж гэтаму вінен? Адна вунія прычынай гэтых усіх няшчасьцяў! Калі гвалціце людзкія сумленьні, калі замыкаеце цэрквы, каб людзі без абедні, без абрадаў хрысьціянскіх, без таенстваў гінулі, як няверныя, калі самавольна надужываеце любові і павагі да гаспадара, дык тады абходзіцеся бяз нас, але калі з прычыны ўціскаў паўстаець у народзе непакой, каторы трэба ўціхамірыць тады намі добра дзьверы запхнуць. Таму і праціўная старана думае, што мы з Вамі паразумеліся, каб супольне гвалціць людзкія сумленьні і нарушаць агульны супакой, — чаго ніколі ня было! Сьцеражыце вуніі для сябе і выконвайце спакойна свае абавязкі, не наражаючы нас на агульную ненавісьць, сябе-ж самога на небясьпеку і гэтакі вялікі перад усім народам упадак. „На няпрымаючых вуніі — пішаце — выдаць загад і выгнаць іх з дзяржавы“. Барані Божа! Няхай ня дзеецца ў айчыне нашай гэтакае страшэннае бяспраўе! Даўно ў гэтых гаспадарствах уведзена сьвятая рымска-каталіцкая вера і пакуль ня мела насьлядаўнічкі набажэнства свайго і паслухмянасьці для сьв. Айца, датуль славілася любоўю да супакою і магутнасьцю ўнутры і вонках краю. Цяпер жа, прыняўшы ў грамадзкасьці сваю неякую калатлівую і неспакойную таварышку, церпіць з гэтае прычыны на кожным Сойме, на кожным народным сабраньні, на кожным павятовым сойміку шмат якія сваркі і зьнявагі. Здавалася-б, лепш і карысьней для грамадзянства было-б парваць зусім з гэтакай калатлівай таварышкай, бо мы ніколі ў айчыне нашай ня мелі гэтакіх сварак, якія нам прынесла гэтая рознакалёрная вунія. Хрыстос не пячатаваў і не замыкаў цэркваў. „Маюць яны (вуніяты)—кажаце — адпаведных ксяндзоў“, дай Божа, каб іх было досыць, але гэтага мала, што Вы самі іх хваліце: уласная хвала заўсёды ёсьць падазронай. Трэба, каб інаверцы бачылі добрыя ўчынкі іхнія і ішлі за імі па сьцежках іхніх. Аднак, я чуў, якіх Вы папоў пасьвячаеце, г. ё. такіх, ад каторых царкве больш упадку, чымся збудаваньня здарыцца можа.

Агульна Вам закідаюць, што ў Вас няма адпаведных папоў, а хутчэй поўна сьляпых. Гэтак папы Вашыя цягнуць за сабой народ на згубу. „Аддаваць—пішаце—цэрквы на пасьмешышча і зьдзекі“,—але пячатаваць і замыкаць цэрквы і зьдзекавацца над кім-колечы — гэта знача ламаць брацкую аднамыснасьць і ўзаемную згоду. Па гэтым усім, няхай мне Ваша Міласьць пакажа, каго Вы прыдбалі, каго зьядналі гэтай сваей срогасьцю, суровасьцю, гэтым пячатаваньнем і замыканьнем цэркваў? І запраўды пакажацца, што Вы страцілі навет і тых, каторыя ў Полацку ў Вас былі ў паслухмянасьці; з авечак зрабілі казлоў; сьцягнулі небясьпеку на край, а можа і згубу на ўсіх нас каталікоў. Заместа вясельля прынесла нам Ваша гэтак хвалёная вунія клапоты, несупакойнасьць, нязгоду і так нам зрабілася горкай, што мы прагнулі-б лепш быць без яе, чымся з прычыны яе цярпець непакоі, горыч і дакуку. Вось плады Вашае вуніі. Знамянітай запраўды ёсьць яна прычынай сварак і нязгоднасьці паміж людзьмі і ў краі. Бо калі-б, чаго сьцеражы Божа, айчына наша ўзбурылася (да чаго Вы гэтакую дагодную дарогу сваей суровасьцю паказываеце), ня ведаю, што-б тады з Вашай вуніяй было…

А па гэтым усім гаспадар загадвае цэрквы іхнія распячатаваць і адчыніць, аб чым я Вашай Міласьці пішу. А калі Вы па гэтым маім напамінаньні не адпячатаеце і не адчыніце цэркваў, дык я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць, каб яны паводле свайго набажэнства ў цэрквах свае абрады маглі-б справаваць. Жыдам і Татарам не забараняецца ў гаспадарствах каралеўскіх мець свае сынагогі і мячыці, а Вы хрысьціянскія пячатаеце цэрквы! З гэтага поваду разыходзіцца ўжо ўсюды пагалоска, што яны прагнуць быць лепш у няверных Туркаў у падданстве, чымся цярпець гэтакі уціск свайго сумленьня.

Што датычыць Палачанаў і іншых супраць Вас бунтаўнікоў, дык гэта магчыма, што яны гэтакімі ёсьць. Але Вы самі іх да бунту падбурылі. Былі яны Вам у-ва ўсім паслушныя, царкву Вашу не пакідалі, але Вы самі іх ад сябе адкінулі. І дзеля гэтага ня хочам больш, каб Ваша толькі для нас згубная вунія да канца нас зьнішчыла.—Гэта мае аб‘ясьненьні, каторыя даю на Вашае пісьмо. Жадаю сабе на прышласьць быць вольным ад спораў з Вамі. Прашу толькі Найвышэйшага аб усялякую для Вас памыснасьць і адначасна аб духа лагоднасьці і любові да бліжняга, застаючыся з паважаньнем Леў Сапега.