Ліхая баба
← Пад старасьць адгукнецца | Ліхая баба Апавяданьне Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 4-5 |
Варона і рак → |
Ліхая баба.
Быў селянін і меў жонку: так то, паглядзеўшы, і нішто баба, але ліхая што ратунку німа! Цярпеў, цярпеў мужык, а ўрэшце надумаў даць навуку бабе, і, вось, араўшы ў полі, вырэзаў добры дубец і чакае калі яна есьці яму прынясе. Ажно, бачыць, і баба ідзе. Ідзе ды на ўсё поля галёкае: лаіць мужыка, на чым сьвет стаіць. Прынясла, паставіла спарышы і пакуль дзед дабраўся адлупцаваць, яна, на злосьць яму скочыла з берагу ў амут і ўтапілася.—Ну і добра,—думае сабе дзед,—адным ліхам меней будзе на сьвеце—і не пашоў выцягаць бабы.
Мінуў год. Узноў, вясной, арэ той селянін на тым самым палетку, каля ракі. І думае сабе: хоць яна і ліхая баба была, а ўсё-ж такі шкада, што ў амуце тады утапілася. Дай, думае, схаджу паўзіраюся хоць на той амут, дзе яна, бедная, Богу душу аддала. І, так, сам ў сабе разважаючы, падыходзіць да таго месца, куды год таму баба скочыла. Ажно чуе, што нехтась такі ў амуце плача і стогне.—Няйначы баба жыва яшчэ, — падумаў дзед, і, чым барджэй, пабег па лейцы. Рад, у душы, дзед што-ткі баба жыва. — Пэўне-ж яна цяпер і такой ліхой ўжо нябудзе… Прынёс лейцы закінуў ў ваду і чуе, што нехта торгае. Ад радасьці і сіл мужыку прыбыло, цягне, сьпяшаецца… Аж, выцягнуўшы, глядзіць што гэта саўсім ня яго баба, а самы істы чорт. А той, бух! на калені перад дзедам і давай дзякаваць што выратаваў. — Ад каго я, цябе, чорта, выратаваў?—А ад тваей жа бабы: як трапіла яна, год так таму назад, у мой ціхі амут, то ў пекла яго абярнула і мяне навет замучыла!—Пачуўшы гэта пабаяўся дзед другі раз закідаць лейчыну ў амут. А з чортам дык і нішто: падружыўся дзед і доўгі час разам поля аралі, пняўё карчавалі і сварыцца нат не сварыліся.