Максім Багдановіч (Шарахоўскі)

Максім Багдановіч
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Янка Шарахоўскі
1947 год
Крыніца: Полымя. — 1947. — №5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Максім Багдановіч

Павага і прызнанне, з якімі совецкі народ ушаноўвае памяць выдатнага сына беларускага народа таленавітага паэта Максіма Багдановіча ў сувязі з трыццацігоддзем з дня яго смерці, ёсць выяўленне глыбокай і шчырай любові да ўсіх тых, хто сваёй дзейнасцю зрабіў значны і каштоўны ўклад у вялікую справу разняволення свайго народа і ўзбагачэння яго нацыянальнай культуры.

Прышоўшы ў беларускую літаратуру ў змрочную, задушлівую эпоху рэакцыі пасля паражэння першай рускай рэволюцыі, Максім Багдановіч у значнай частцы сваёй творчасці з'явіўся выразнікам грамадзянскага жалю і смутку, часам ён аддаваў даніну моднаму ў той час сімвалізму, але разам з тым узнімаўся да яркага соцыяльнага пратэсту і рэволюцыйных матываў, у аснове свайго творчага метада застаўся рэалістам і праз цяжкія выпрабаванні «лихолетья» услед за Я. Купалам і Я. Коласам пракладваў шляхі беларускай рэволюцыйнадэмакратычнай літаратуры.

Паходжаннем Максім Багдановіч быў з інтэлігентнага асяроддзя. Ён нарадзіўся 27 лістапада (старога стылю) 1891 года ў сям'і беларускага этнографа ў горадзе Мінску. Бацька паэта Адам Юр'евіч Багдановіч блізка цікавіўся грамадска-палітычнымі пытаннямі, не толькі спачуваў прыгнечанаму народу, але і імкнуўся сваёй дзейнасцю палепшыць яго становішча спачатку як удзельнік рэволюцыйнай групы «Народная воля», а пазней асветнай дзейнасцю. Свайму сыну ён стараўся прышчапіць любоў да радзімы і да свайго народа. Гэта неўзабаве і сказалася. У часе вучобы ў гімназіі ў Ніжнім-Ноўгарадзе, куды бацька паэта быў пераведзен па службе з г. Гродна, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэта, Максім Багдановіч у гады рэволюцыі 1905 г. прымаў дзейны ўдзел у накіраваных супроць самадзяржаўя студэнцкіх дэманстрацыях і сходках, за што быў выключан з гімназіі. У гімназіі ў Ніжнім-Ноўгарадзе Максім Багдановіч правучыўся пяць год, з 1902 па 1907 год. Сярэднюю асвету яму удалося закончыць ужо ў Яраслаўлі, куды бацька паэта быў пераведзены зноў такі па службе. Тут Максім Багдановіч у 1911 годзе скончыў гімназію. Маці Багдановіча не магла мець колькі-небудзь прыкметнага ўплыву на яго выхаванне, бо яна памерла яшчэ ў Гродна, калі будучаму паэту было пяць год.

Атмасфера любові да кнігі, літаратуры, народнай творчасці (дарэчы, як сведчыць бацька паэта, бабка Максіма Багдановіча «была цудоўнай апавядальніцай народных казак, дар, безумоўна, паэтычны») з дзіцячых год спрыяла развіццю ў Максіма Багдановіча добрага мастацкага густу і яго паэтычных здольнасцей.

Першы твор Максіма Багдановіча «Музыка» быў надрукаваны ў 1907 г. у «Нашай ніве» (№ 24). З гэтага часу яго творы пачалі рэгулярна з'яўляцца як на старонках гэтай газеты, так і у іншых беларускіх выданнях. Значным заахвочваючым Максіма Багдановіча да творчасці фактарам была яго паездка на Беларусь у 1911 г. у часе летніх канікул, калі паэт наладзіў блізкія сувязі з беларускімі рэволюцыйна-дэмакратычнымі пісьменнікамі, якія групаваліся вакол «Нашай нівы». Гэтым Максім Багдановіч як-бы аформіў арганізацыйна свой удзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху ў якасці паплечніка Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі і інш.

Пашырэнне літаратурных сувязей і інтарэсаў не ўскружыла галаву маладому паэту, ён паранейшаму імкнуўся да набыцця вышэйшай адукацыі, бо ў глыбокіх і рознастайных ведах бачыў той грунт, на якім вырастае сапраўдная паэтычная творчасць. У тым жа 1911 г. Максім Багдановіч паступіў у Яраслаўскі Юрыдычны ліцэй. Гэта навучальная установа з яе арыентацыяй на строгую класічную адукацыю не магла цалкам задаволіць запатрабаванняў Максіма Багдановіча. Ён марыў аб блізкай да літаратуры вышэйшай асвеце, хацеў паступіць у Пецярбургскі універсітэт, куды яго запрашаў акадэмік Шахматаў, але гэтаму перашкодзіла адсутнасць матэрыяльных сродкаў для вучобы ў сталіцы. Разам з тым вучоба ў ліцэі мела станоўчае значэнне ў біяграфіі пісьменніка. Апрача ўсяго яна ўгрунтавала ў яго веданне замежных моў: грэчаскай і лацінскай, нямецкай і французскай, што дало яму магчымасць чытаць у арыгінале і перакладаць такіх майстроў мастацкага слова як Гарацый і Овідзій, Верлен, Верхарн і Гейне. Максім Багдановіч быў у блізкіх адносінах з радыкальнай рускай інтэлігенцыяй г. Яраслаўля, заўзята папулярызаваў у дэмакратычным друку беларускую літаратуру, перакладаў Пушкіна, Некрасава і Шэўчэнку.

У часе вучобы ў ліцэі Максім Багдановіч шмат пісаў. Частка яго твораў, напісаных у гэты перыяд і раней, у 1913 г. вышла асобным выданнем у зборніку «Вянок». Гэта было адзінае прыжыццёвае асобнае выданне твораў паэта.

Пасля першай паездкі на Беларусь Максіма Багдановіча з асаблівай сілай цягнула на радзіму. Не дзіва, што неўзабаве пасля сканчэння ліцэя, у 1916 г. мы бачым яго у Мінску, дзе ён паступіў на працу на пасаду сакратара «Губернскага прадавольственнага камітэта». На гэтай пасадзе Багдановіч многа шчыра працаваў па аказанню дапамогі ахвярам першай імперыялістычнай вайны. У той жа час паэт прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху і, вядома, прадаўжаў паэтычную творчасць. Нядоўга давялося Багдановічу працаваць на карысць дэмакратычнай беларускай літаратуры. Сухоты надламалі яго сілы, і 25 мая 1917 г. ён памёр у Ялце ў поўным росквіце творчых сіл.

Максім Багдановіч пачаў сваю літаратурную дзейнасць пасля паражэння рэволюцыі, у гады рэакцыі. Гэтым тлумачыцца той факт, што у яго творчасці значна менш заклікаючых, прасякнутых рэволюцыйнымі матывамі вершаў, чым, скажам, у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа перыяда ўздыму рэволюцыі. Але калі параўнаць творчасць гэтых трох паэтаў тых год, калі Максім Багдановіч распачынаў сваю літаратурную дзейнасць, дык пры ўсёй індывідуальнай своеасаблівасці кожнага з іх у выбары і вырашэнні тэм, мы ў іхняй творчасці ўсё-такі знойдзем шмат супольнага, што і зразумела, бо яны належаць да аднаго напрамку ў беларускай літаратуры. Калі прадаўжаць параўнанне, то у паэзіі М. Багдановіча не было такой непасрэднай і шчыльнай сувязі з народным жыццём, з жыццём беларускай працоўнай вёскі, як гэта было у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. М. Багдановіч належыць да тыпу паэтаў-вучоных, і яго паэзія у пэўнай сваёй частцы звязана з кніжнай культурай, з працай над формай верша і засваением для беларускай літаратуры паэтычнай культуры многіх вялікіх майстроў. Пры ўсім тым узятая ў цэлым яна звязана з вёскай, з думамі і спадзяваннямі нездаволенага тагочаснай цяжкай сапраўднасцю сялянства. Як і Я. Купала, Максім Багдановіч не толькі адкінуў дэкадэнцкую суб'ектывісцкую тэорыю мастацтва, але і пераадолеў уплывы паэтыкі сімвалістаў. У той час, калі дэкадэнты розных масцей займаліся рэнегацтвам і ахайваннем ідэалаў рэволюцыі, заклікалі гасіць агні і лезці ў цемру, М. Багдановіч, як і Я. Купала («На папасе» і інш.), заклікаў запальваць агні, нанова раздзьмухваць полымя рэволюцыі. У 1911 г. М. Багдановіч пісаў:

Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы,
Хай цябе шум вятроў не пужае:
Пагашаюць яны аганёчак малы,
А вялікі крапчэй раздуваюць.

У зборніку «Вянок» мы бачым шмат вершаў, у якіх паэт не траціць надзеі, што зноў разгарыцца ачышчальны агонь народнага гневу. Ён не баіцца, не цураецца змагання, наадварот, кліча да змагання, вітае блізкі прыход новай навальніцы, якую ён прадчувае, гатовы аддаць жыццё за радзіму, за народнае шчасце-долю.

У цёмнай начы рэакцыі ў паэта перамагала адчуванне сувязі з аднадумцамі, якія пацярпелі паражэнне, але не скарыліся. У вершы «Краю мой родны, як выкляты богам» паэт пісаў:

У гутарках-казках аб шчасці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сціснула гора дыханне ў народзе,
Гора усюды пануе.
Хваляй шырокай разлілась, як мора,
Родны наш край затапіла...
Брацця! Ці зможам грамадскае гора?
Брацця! Ці хваце нам сілы?

Тут няма і гаворкі аб прымірэнні з грамадскім горам, паэт гатовы з ім змагацца і прымерваецца ці хваніць сілы яго змагчы.

У вершы «Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі» паэт так гаварыў пра час рэакцыі:

Хай чарада гадзін панурых, нудных, шэрых,
Як попел, на душу мне клалася увесь час,
Хаваючы сабой агонь гарачай веры,Хай не відаць яго... а ўсё-ж ткі ён не згас!

Ніякая рэакцыя не магла перамагчы веру паэта ў народныя сілы. Ён ведаў, што толькі шляхам мужнага змагання можна перамагчы самадзяржаўе. І ён імкнуўся пераканаць, што не трэба баяцца змагання, клікаў да яго. У вершы «Нашых дзедаў душылі абшары лясоў» мы бачым такія радкі:

З гэтых дзедаў суровых прыклад нам-бы ўзяць Не хіліцца з бяды, не пужацца агня,
Бо мы толькі тады дачакаемся дня,
Калі нас не здалее змаганне злякаць.

А вось выяўлены адкрыта палымяны заклік да змагання (верш «Рушымся, брацця, хутчэй»):

Рушымся, брацця, хутчэй
У бой з жыццём, пакідаючы жах;
Крыкі пужлівых людзей
Не стрымаюць хай бітвы размах.

Паэт хацеў бачыць новы ўздым рэволюцыі, бо яна павінна прынесці багатыя здабыткі народу - «перлаў горы на бераг выкіне». І малюючы рэволюцыю ў вобразе навальніцы, ён заклікаў:

Устань, навальніца, мкні нанова,
Узвый, вецер, з ёю заадно!
У віхры уляціць палова,
Пакіне чыстае зярно.

Свой народ М. Багдановіч параўноўваў з каштоўным дыяментам, які «не блішчыць у час змяркання і ў глыбокай цемені ночы», але пры святле сонца зіхаціць красою. Прароча гучаць наступныя словы паэта:

Так здаецца ў змроку ночы цёмным і народ мой родны,
Бедны і няшчасны;
Але, як устане сонца, ураз прачнецца дух народны
І засвеціць ясна.

Мы цяпер ведаем, што гэта сапраўды так. Пасля Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі беларускі народ за кароткі час ліквідаваў сваю адсталасць, і наша рэспубліка перад Айчыннай вайной стала квітнеючай індустрыяльна-аграрнай краінай.

Максім Багдановіч хацеў, каб у беларускай літаратуры панаваў дух веры ў сілы народа, надзеі на лепшае заўтра, і заклікаў кожнага блізкага да яго пісьменніка: «Кінь вечны плач свой аб старонцы!». Ён рабіў гэты заклік у імя таго, што зноў абудзіцца народ і поўны сіл здабудзе сваё шчасце.

Не згасла сонца! Сонца гляне,
Усіх падыме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане, —
І ачуняе старана!

У такіх пафасных, поўных прадчування рэволюцыі і заклікаў да яе вершах, як і у творчасці Я. Купалы, рэалізм у паказе цяжкога жыцця народа пад прыгнётам памешчыкаў і капіталістаў спалучаецца з рэволюцыйнай рамантыкай, з верай у сонечную будучыню, якая прыдзе ў выніку рэволюцыі. Вобразы сонца, вясны, крыніцы, якая пад лёдам прабівае сабе дарогу — гэта ўлюбёныя вобразы, праз якія паэт гаворыць аб будучыні.

Крытыка воўчага закона ўласнасці знайшла надзвычай яркае ўвасабленне ў вершы Максіма Багдановіча «Мяжы». Гэты верш гучыць зусім па-сучаснаму, асабліва для заходніх абласцей Беларусі, дзе яшчэ не праведзена калектывізацыя.

Кінь вокам на увесь абшар зямлі:
Вось хату шчыльна абышлі
Парканы з вострымі цвікамі,
Пасыпаныя бітым шклом.
Глядзі — ў прасторах за сялом
Мяжамі
Падзелены на нівах каласы.
Ідуць канаўкі праз лясы,
І стопудовыя гранітныя каменні
Сярод лугоў бяскрайных заляглі.

Як паказвае М. Багдановіч у вершы, межы раз'едноўваюць працоўных людзей, калечаць іхную псіхіку, пазбаўляюць іх той сілы, якую яны мелі-б у калектыве, спараджаюць хутарскую псіхалогію адасобленасці, зласлівасці, бессардэчнасці, хцівасці:

Нязмерны вольныя прасторы
Святой зямлі, -а чалавек
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век.
Хаваўся ў іх, як ліс у норы,
І жыў пужліва сам-адзін,
Дрыжачы, як лісце асін,
Зласлівы, бессардэчны, хцівы,
Такі здрадлівы,
Для усіх чужы, зусім чужы.
Вакол яго-платы, мяжы.

Працоўны чалавек у творчасці М. Багдановіча ўсведамляе сябе творцаю усіх багаццяў зямлі, але, дзякуючы таму, што ўлада знаходзілася у руках багатых, ён не мог карыстацца з плёну сваёй працы. У вершы «З песняў беларускага мужыка» (1909 г.), матывамі блізкімі да адпаведных вершаў Я. Купалы перыяда «Жалейкі» («З песень беззямельнага» і інш.), Максім Багдановіч ад імя мужыка-бедняка з вялікай гораччу гаворыць:

Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарожкі, масты;
Ліуся пот мой, як рэзаў на ком'я
Плугам глебы сухія пласты.
Працаваў над пяском, над дрыгвою
І не мала там выцерпеў мук,
І не прыдзецца мне пад зямлёю
Гэтых чорных сароміцца рук.

Другая песня беларускага мужыка проста такі патрасаючая па выразнасці думкі і сіле мастацкага абагульнення. Вось яна:

Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, —
Яны ж мне каменні давалі:
І тыя каменні між імі і мной
Сцяною вялізнаю усталі.
Яна вышай і вышай расце
І шмат каго душа лякае.
Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?

Усе гэтыя вершы ў літаратурнай спадчыне Максіма Багдановіча складаюць тое лепшае, што робіць яго паплечнікам Я. Купалы і Я. Коласа ў справе стварэння беларускай рэволюцыйна-дэмакратычнай літаратуры.

Максім Багдановіч рос і выхоўваўся ў атмасферы пашаны і любові да фальклора. Натуральна, што ў яго творчасці гэта адлюстравалася радам вершаў, якія матывамі і паэтыкай самым непасрэдным чынам звязаны з фальклорам. Гэта такія вершы як «Максім і Магдалена», «У мястэчку Берасцечку не званы гудзяць», «Цёмнай ноччу лучына дагарала», «Скірпуся» і іншыя. Яны становяць сабой больш за ўсё звязаную з бытавымі матывамі лірыку кахання.

У адных з іх адлюстравалася мінулае («Максім і Магдалена», «У мястэчку Берасцечку не званы гудзяць»), другія былі звязаны з сучаснасцю, а іменна з імперыялістычнай вайной («Цёмнай ноччу лучына дагарала», «Як Базыль у паходзе канау»). Пазіцыя М. Багдановіча ў адносінах да першай імперыялістычнай вайны можа быць ахарактарызавана як пазіцыя сялянска-дэмакратычнага гуманізма. Ён бачыць перш за ўсё ахвяры вайны і ў вершах спачувае жонкам, якія страцілі на вайне сваіх мужыкоў.

Толькі ўсходзіць у хату сястрычанька,
Белы чысты ліст у руках,
Белы тварык увесь у слязах:
<<Ой, забілі Арцёма, забілі,
У нязнанай старонцы зарылі,
Ой, забілі Арцёма шрапнеляй,
Завіруха яго крые белай беляй.»

У частцы вершаў, напісаных пад уплывам сімвалістаў, знайшла выяўленне фальклорная міфалагічная рамантыка. Прасякнутыя смуткам, выкліканым эпохай рэакцыі, вершы з вобразамі лесуноў, вадзянікоў, змяіных цароў, пугачоў - поўныя рамантыкі «жалю і жуды». Тут непрыйманне змрочнай рэчаіснасці набывае форму ухода ад яе у свет фантастычных істот, замест пошукаў шля хоў барацьбы з ёю, як гэта мела месца ў рэалістычных, рэволюцыйна-дэмакратычных вершах.

Максім Багдановіч — лірык у пераважнасці. Ён тонка адчуваў прыроду, але лірыка прыроды ў яго звычайна служыла сродкам для выяўлення асабістых і грамадскіх настрояу. Характэрны ў гэтых адносінах цудоўны аптымістычны верш «Зімой», які з'яўляецца шэдэўрам звязанай з матывамі прыроды лірыкі М. Багдановіча. Верш «Перад паводкай» характэрны падпарадкаваннем пейзажа грамадскім настроям, якія выказваюцца ад імя паэта. Абагульняючыя думкі, як звычайна ў яго вершах, сфармуляваны ў канцоўцы:

Дык разлійся-жа раздольна
У чыстым полі і гаю
І красой паводкі вольнай
Душу выпрастай маю!

Успрыйманне пейзажа ў плане вызвалення, выхада на прастор сіл прыроды звязана з цэнтральнай тэмай творчасці М. Багдановіча — тэмай барацьбы за разняволенне народа. Таму, напрыклад, завея ў яго лірыцы — гэта стыхія, якая можа наводзіць на такія думкі:

І чагось усё думаю я,
Што з няволі зімовай там рвецца
Крапка скутая снегам зямля:
Грудзі моцныя цяжка ўздымае,
Ветрам вее, як дыхаць пачне.
Снег халодны ў палёх калыхае,
І вось-вось свае путы страхне.

Адсюль і любоў М. Багдановіча да паказу разгула стыхій, у прыватнасці, да тэмы завірухі. Верш «Завіруха»-адзін з лепшых узораў лірыкі паэта апрача усяго вылучаецца энергічным рытмам і надзвычай майстэрскай гукавой інструментоўкай.

Грамадскі жаль і смутак, якім прасякнута частка лірычных вершаў М. Багдановіча, выклікаўся пакутамі народа ў падвойным ярме самадзяржаўя. Часам матывы суму у яго лірыцы былі звязаны з яго хваробай («Я бальны, бяскрыдлаты паэт» і інш.).

Творчасць М. Багдановіча ад пачатку да канца прасякнута любоўю да абяздоленага чалавека, любоўю да народа і яго жыцця, любоўю да радзімы. Часам з жалем і болем паэт гаварыў аб цяжкім жыцці свайго народа, паказваў з выключнай сілай яго мінулае («Слуцкія ткачыхі»), часам заклікаў мужна змагацца за лепшую будучыню. Такім прадстае ён перад намі - адзін з выдатных сыноў беларускага народа, таленавіты паэт, аб якім мы ўспамінаем з пашанай у дні трыццацігоддзя з дня яго смерці.

Я. Шарахоўскі.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.