Маладая Беларусь (альманах)/3/Вершы (Гурло)/Восень

Хмары па небе… Восень
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1913 год
Zialonka
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Восень.

Восень, ой, восень панурая, сумная,
Зноў ты прышла ўжо да нас!
Зноў разлеглася, як ночка ты нудная;
Смутак навеяў твой час!

Гдзе падзеваліся дні тые ясные,
Мілы што сэрцу майму?
Гдзе яны, гдзе яны доўгіе, шчасные?
Нудна, маркотна, ўсяму!..

Многа, ўспаміну у душу нахлынула
Аб прамінуўшых тых днёх…
Ўсе праляцела, у далі загінула,
Ў марах салодкіх і снох.

Гдзе тые песьні той радасьці поўные,
Лес што глушылі сабой?
Рэчак журчаньня гдзе тые чароўные,
Ціха лілісь што вясной?

Гдзе тые краскі, так пекна цьвітучые
Луга бязмерна краса?
Ўсе асавелі, павялі пахучые,
Іншых скасіла каса…

Гдзе тая траўка, што так зелянелася
Пекнасьцю дзіўнай сваей?
Восеняй нуднай уся памарнелася:
Холадна стала і ей…

Гдзе тые неба пагляды вясёлые,
Ласкай што грэлі зямлю?
Толькі ўсё хмары плывуць невясёлые,
Точаць ўсё душу маю…

Ў высі далёкай там крыкі разносяцца
Бедных мандроўцаў — гусей…
Ў душу маю так бяздомные просяцца
Крыкі краіны дзяцей.

Ўсім ім растацца с краінай ня хочэцца,
Ўсе яны плачуць па родным гняздзе.
Холад назад не пускае варочацца!
Ён іх ў чужыну вядзе…

Нудные нівы ўвакруг расцілаюцца,
Ровамі йржышчэ блішчыць;
Ў серцы сваём ўсё чагось спадзеваюцца,
Беднае сэрцэ па нечым баліць!

Землю туманы пакрылі, як сеткаю,
Ветры садралі із дрэўцаў убор;
Ўсё памарнела пад чорнай наметкаю,
Сьціх, прытаіўся і бор…