Маладая Беларусь (альманах)/3/Вершы (Журба)/Успамін

Окліч Успамін
Верш
Аўтар: Янка Журба
1913 год
За працу!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Успамін.

З’явілася яна мне ў жыцьці,
Як сьветлы, лёгкі сон,
Як прамень сонца залацісты,
Сіяючы, як ён.
Цягнулася яе жывая
Душа ўся да мяне;
Але зыйшліся нашы сьцежкі
На момэнт — як у сьне.
С табой нам ворагі спаткалісь
На пуцявіне той, —
Аткінулі мяне, благіе,
С пагардай і кляцьбой…
З’явілась ты — і борзда знікла,
Як мары ў лёгкім сьне.
Ці будзе час, твае каб вочкі
Ізноў убачыць мне?
Цябе па ўсей краіне роднай
Шмат часу я шукаў;
Але была дарэмна праца:
Мне шчасьця Бог не даў.
І я інакшай пуцявінай
Ў сваім жыцьці паўшоў:
Пакутнаю і цяжкай сьцежкай
Яно пайшло ізноў…
Пасьля гадзін тых сьветлых, мілых
Шмат часу ўжо прайшло,
А сэрцэ, што разбіта цяжка,
Патолі не знайшло.
Але сярод трывожных думак
У памяці маёй
Застаўся водблеск чысты, сьветлы
Яе душы сьвятой.
Ў сваіх плюскочых вечна хвалях,
Жаўцее дзе пясок,
Так сьвет дрыжачы ясна — срэбны
Трымае ручаёк, —
Той сьвет нябеснай яркай зоркі,
Што ў ночнай цішыне
Ласкава, сьцішна і прыветна.
Міргае ў вышыне.