II. Першы пэрыод у жыцьці Маладняка (1924—1925 г. г.) III. Другі пэрыод у жыцьці Маладняка (1926—1927 г. г.)
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
IV. Трэці пэрыод у жыцьці Маладняка (1928 г.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III. ДРУГІ ПЭРЫОД У ЖЫЦЬЦІ МАЛАДНЯКА
(1926—1927 г. г.)

Першы Усебеларускі звезд Маладняка адбыўся 25—27 лістапада 1925 г. Ён сьведчыў аб вялікім росьце маладых літаратурных сіл БССР, але ў рэзолюцыях, прынятых зьездам, зазначалася, што далей маладнякоўцы павінны пашырыць свой марксыцкі сьветагляд, знаёміцца з дасягненьнямі іншых літаратур у формальна-мастацкай галіне і, пераважна, у галіне прозы і драмы. У організацыйным пытаньні рэзолюцыя кажа, што Маладняк яднаецца не на прынцыпе формальна-мастацкіх кірункаў, а на грунце пролетарскай ідэолёгіі. Таксама зазначалася, што „літаратурныя студыі і літаратурныя гурткі філіі могуць організоўваць там, дзе ёсьць рабочыя і сяляне, якія імкнуцца да выяўленьня сваёй літаратурна-мастацкай здольнасьці“[1].

Другі пэрыод у жыцьці Маладняка прыпадае на 1926 і 1927 г. г.

На працягу гэтых двух гадоў Маладняк перажыў два крызісы. У выніку першага крызісу адбыўся выхад з шэрагаў Маладняка групы сяброў, якія стварылі новае літаратурнае аб‘яднаньне „Узвышша“ (восень 1926 г.). Вышлі: Бабарэка, Дубоўка, Крапіва, Пушча, Кузьма Чорны. У выніку другога крызісу адбыўся выхад з яго шэрагаў групы сяброў, што ўвайшлі ў адно літаратурнае аб‘яднаньне з нашаніўцамі — „Полымя“ (на мяжы 1927—1928 г. г. Вышлі: Александровіч, Вольны, Дудар, Зарэцкі, Чарот.

Яшчэ і дагэтуль у беларускім друку ня высьветлена з належнаю ўгрунтаванасьцю пытаньне аб тых прычынах, якія прывялі Маладняк да крызісу. Можна думаць, што немалую ролю мелі тут організацыйныя формы Маладняка, як згуртаваньня выключна маладых, пачынаючых пісьменьнікаў, зьвязаных, апрача таго, з шырокаю масаваю і організацыйнаю працаю. Гэтая акалічнасьць магла падказаць больш моцным з мастацкага боку маладнякоўцам думку аб выхадзе з яго шэрагаў і аб утварэньні новае групы. Але такое прыпушчэньне чамусьці ніхто з асоб, якія займаліся разглядам пытаньня, не бярэ сур‘ёзна пад увагу. Зазвычай выстаўляюцца ідэолёгічныя прычыны політычнага характару не асабліва, аднак, угрунтаваныя з соцыяльна-экономічнага боку. Пры гэтым таксама выходзіць некаторая няўвязка, калі разглядаць парсональна ідэолёгію ў творчасьці ўсіх тых, што вышлі з Маладняка ў Узвышша, і ўсіх тых, што засталіся былі ў Маладняку, а потым яшчэ ў больш крытычны момант кінулі яго і аб‘ядналіся з нашаніўцамі ў Полымі. У кожным разе падзел сучасных беларускіх пісьменьнікаў на Маладняк, Узвышша і Полымя з ідэолёгічнага боку ня можа быць вытлумачаны тым мэтодам, якім тлумачыцца выхад з Маладняка узвышшаўцаў. Падзел гэты ня сьведчыць аб ідэолёгічнай вытрыманасьці прынцыпаў, пакладзеных у яго аснову — як організатарамі Узвышша, так і організатарамі Полымя. Маладнякоўцы, што ўвайшлі ў Полымя, бязумоўна, лепш зрабілі-б, каб утварылі сваё асобнае пролетарскае аб‘яднаньне або рэарганізавалі-б Маладняк так, каб ім ня было ўсім мулка. Бо вышла тое, што яны ня толькі абяскровілі на пэўны час Маладняк, але ў значнай меры вынялі душу і з саміх сябе.

Узвышшаўцы аб прычыне свайго выхаду з Маладняка, пасьля нападкаў на іх, выпусьцілі адмысны комунікат[2], з якога відаць, што думка аб стварэньні новае літаратурнае груды была ў некаторых сяброў Маладняка яшчэ вясною 1926 г., за поўгода да зьезду. Яны пішуць: „Яшчэ летась група беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў пачала прымаць захады да організацыі беларускага літаратурна-мастацкага згуртаваньня. Конкрэтныя крокі былі ўзьняты 26 траўня 1926 году і выразіліся ў падачы двух дакладаў у адпаведныя інстанцыі“. Потым у комунікаце ёсьць такое месца: Мы заяўлялі, што грамадзкі і політасьветны ўхіл літаратуных згуртаваньняў, які быў нормальным у мінулыя гады, у кругабезе агітацыі за разьвіцьцё беларускае культуры, страціў сваю мэтазгоднасьць. Сучасны момант патрабуе дыфэрэнцыяцыі: політасьвета — да політасьветных устаноў, літаратурныя згуртаваньні — да разьвіцьця літаратуры. Гэта не выключае актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці кожнага з пісьменьнікаў, як члена профсаюзу, як удзельніка агульнага савецкага будаўніцтва праз месцы свае службы“. І яшчэ ў адным месцы комунікату ўзвышшаўцы па адрасу маладнякоўцаў кажуць: „Тварыце публіцыстыку, маладнякоўцы, калі няма здольнасьці тварыць мастацтва. Магчыма, што публіцыстыка і заменіць мастацкія творы. У даным выпадку — мы вашымі падарожнікамі ня будзем“.

Цэнтральнае бюро Маладняка, з прычыны выхаду з яго складу ўзвышшаўцаў, у сваім спэцыяльным паведамленьні пісала:

„Разьвіцьцё і пашырэньне соцыялістычнага будаўніцтва БССР, шырокае сталае разгортваньне будаўніцтва беларускае культуры пад кіраўніцтвам пролетарыяту і комуністычнае партыі, а таксама, зьвязаная з агульным экономічным і політычным разьвіцьцём, нутраная эволюцыя ў шэрагах Маладняка“, — усё гэта прывяло яго да патрэбнасьці некаторай зьмены, паглыбленьня, удасканаленьня мэтодаў працы, увяло яго ў другі пэрыод існаваньня, пачатак якога прыпадае прыблізна на час 1-га Ўсебеларускага Зьезду „Маладняка“ ў лістападзе 1925 г.

„Рост дабрабыту вёскі, узвышэньне актыўнасьці ўсіх пластоў грамадзтва, клясавае распластаваньне як у вёсцы, так і ў горадзе, — паставіла перад „Маладняком“ нямінучую пэрспэктыву дыфэрэнцыяцыі, потэнцыяльныя магчымасьці якой былі заключаны ў наяўнасьці розных клясава-псыхолёгічных формацый сярод „Маладняка“.

„Вынікам усяго вышэйпаданага зьявілася тое, што гэты новы пэрыод у жыцьці „Маладняка“ пачаўся зацяжлівым хваравітым крызісам, які скончыўся выхадам з „Маладняка“ часткі поэтаў і пісьменьнікаў і ўтварэньнем новае літаратурнае групы“[3].

У сувязі з выхадам з Маладняка групы сяброў, якія склалі Узвышша, адбыліся зьмены і ў самім Маладняку. Пасьля гэтага, у 1927 г., быў зроблены перагляд складу Маладняка, і сябрамі яго было пакінута каля 50 чалавек. Распачалася вялікая ідэолёгічная крытыка з боку некаторых тагочасных маладнякоўцаў супроць сваіх нядаўных таварышоў—узвышшаўцаў. Масавая праца амаль зусім не праводзілася. Маладзейшыя сябры Маладняка былі незадаволены старэйшымі. Утварыліся новыя літаратурныя організацыі, у якія, між іншым, увайшлі некаторыя былыя маладнякоўцы.

Улетку 1927 г. організавалася было новае літаратурнае аб‘яднаньне пад назваю „Пролетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка (Пробліск)“. Організатарамі суполкі былі: Бобрык, Гурло, Звонак, Кляшторны, Плаўнік, Туміловіч, Хведаровіч і Чарнушэвіч. У гэтым-жа часе ўтварылася і „Беларуская літаратурна-мастацкая комуна“ (Відук, Гародня, Шалай, Шукайла і інш.).

Зноў пацягнуўся ў Маладняку доўгі і цяжкі крызіс, прычыны якога і дагэтуль добра невядомы і ў выніку якога з Маладняка вышлі Александровіч, Вольны, Дудар, Зарэцкі, Чарот і ўвайшлі ў новаорганізаванае літаратурнае аб‘яднаньне „Полымя“ (разам з былымі нашаніўцамі). Яны нічога не напісалі аб прычынах свайго выхаду, хоць некалі так яскрава пісалі аб выхадзе ўзвышшаўцаў.

Але трэба зазначыць, што на працягу гэтых двух гадоў значна ўзрасла ідэолёгічная і формальна-мастацкая якасьць твораў тых маладнякоўцаў, якія ўвайшлі ў шэрагі аб‘яднаньня пазьней і знаходзяцца ў Маладняку і дагэтуль. Гэта важна зазначыць дзеля таго, што калі ўтваральнікі, будаўнікі і правадыры Маладняка блізка што ўсе павыходзілі з аб‘яднаньня і на парозе 1928 г. кінулі сваім маладзейшым сябром даволі цяжкую спадчыну ў організацыйным і моральным сэнсе, дык маладзейшыя сябры, ужо даволі моцныя з ідэолёгічнага і формальна-мастацкага боку, потым зноў здолелі падняць організацыю на належную вышыню.

У 1926 г. вышлі зборнікі вершаў:

1. Я. Падабед — „Вершы“.

2. Бобрык, Звонак, Туміловіч — „Пунсовае раньне“.

3. Бандарына, Вішнеўская, Пфляумбаум — „Вершы“.

4. Слуцкія песьняры — „Вершы“.

5. С. Дарожны і І. Плаўнік — „Вершы“.

6. В. Маракоў — „Пялёсткі“.

7. У. ХадыкаСуніцы“.

І зборнікі мастацкае прозы:

1. Іл. Барашка — „У прасторы“, абразкі і мастацкія нарысы.

2. М. Нікановіч — „Золак“, апав.

— „Радасьць“, апав. І

4. Р. Мурашка — „Стрэл начны ў лесе“, апав.

5. Ю. Гаўрук — „Вясковыя рыскі“, мастацкі нарыс.

У 1927 г. вышлі зборнікі вершаў:

1. П. Трус — „Ветры буйныя“.

2. В. Маракоў — „На залатым пакосе“.

3. С. Фамін — „Балота“, поэма.

І зборнікі мастацкае прозы:

1. В. Каваль — „Як вясну гукалі“, апав.

2. М. Лынькоў — „Апавяданьні“.

3. П. Галавач — „Дробязі жыцьця“, апав.

4. А. Гародня — „На крэсах“, аповесьць.

Апрача таго, вышаў пераклад А. Мардвілкі з Рабіндраната Тагора — „Садоўнік“.

На працягу 1926—27 г. вышла некалькі паважных 4 зборнікаў, выданых філіямі: „Пачатак“ (1926 г.) і „Сьвітаньне“ (1927 г.) — Віцебскае філіі, „Наддзьвіньне“ (1926 г.) і „Росквіт“ (1927 г.)- Полацкае філіі, „Уздым“ (1926 г.) — Бабруйскае філіі, „Дняпроўскія ўсплёскі“ — Магілеўскае філіі (1927 г.). Апрача таго, выходзіў „Аршанскі Маладняк“ (№ 2(4), 3(5) за 1926 г. і № 6 за 1927 г., „Маладняк Калініншчыны“ (№ 3-4 і 5 за 1926 г.) і вышаў адзін № „Маладняка Барысаўшчыны“ (1926 г.).

У 1927 годзе зьявіўся цікавы артыкул Я. Каляднага — „Маладая сучаснасьць“, агляд часопісяй і зборнікаў філій Маладняка („Малядняк“, № 3, 1927 г.) і адказ на яго — артыкул М. Ганчарыка „Маладая сучаснасьць“ („Аршанскі Маладняк“, № 6, 1927 г.) У розных часопісях і газэтах зьмяшчаліся ў 1926—27 г. рэцэнзіі крытыкаў-маладнякоўцаў: Аляхновіча, Барашкі, Баркоўскага, Гаўрука, Мардвілкі і інш.