Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Алесь Звонак

Міхась Гольдбэрг Алесь Звонак
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Васіль Каваль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Звонак. Праўдзівае імя — Пятро Звонак. Нарадзіўся 2 лютага (ст. ст.) 1907 г. ў гор. Менску. Сын рабочага. Студэнт Белар. дзярж. унівэрс., разам — журналіст і савецкі служачы. Друкуецца з 1925 г. ў розных часопісях і газэтах. У 1926 г. вышаў колектыўны зборнік вершаў „Пунсовае раньне“ — Бобрыка, яго і Туміловіча. Цяпер друкуецца яго зборнік „Буры ў граніце“.

Галоўныя мотывы ў вершах Алеся Звонака — рэволюцыйна-романтычныя песьні аб грамадзянскай вайне на Беларусі, аб новым, соцыялістычным будаўніцтве ў вольнай БССР, любоў да сярмяжнае Беларусі, да беларускае культуры, жаданьне вызваліць Заходнюю Беларусь, окупаваную Польшчаю, і, апрача гэтых мотываў, найбольш характэрныя ў яго творчасьці мотывы — мотывы гораду („цяпер радней мне гулкі горад“). Але блізкасьці да фабрычнага рабочага жыцьця ў вершах поэты мала.

У пазьнейшых вершах — часьцей індывідуальныя перажываньні; поэта заяўляе, што ён не паддаецца суму. Ня хоча разьвітацца з маладосьцю.

Тон яго вершаў — часам лішне праставаты і грубаваты, але з захаваньнем пэўнае элегантнасьці. Ёсьць кур‘ёзныя месцы:

Ступаю цьвёрда… Знаю мэту нашу —
Шляхі наперадзе няўхільныя, адны…
І, як другія, мэты не дагнаўшы,
Я ня згублю дарогаю штаны…

Гэтак ён піша ў вершы „У сьнежнай замеці“ — дзе, тымчасам, ёсьць і поэтычнае ўспрыйманьне прыроды, ёсьць рух, жаданьне мець бадзёрасьць,

У вершы „Ёй…“ (з мотывамі каханьня) ёсьць такое месца:

Ня важна,
Што пашлеш поэту к чорту —
Поэтаў часта
К чорту шлюць…

Тэхніка вершаў у Алеся Звонака не вызначаецца асаблівымі дасягненьнямі, хоць пэўнае шуканьне, калі не сказаць поступ, у яго ёсьць. Трэба адзначыць яго, мусіць часовы, ухіл у бок так званага вольнага вершу. Вершы яго, наогул, даволі энэргічныя.

Апрача вершаў, друкаваліся два апавяданьні Алеся Звонака: „Сьцежкі крывыя“ (у альманаху „Наддзьвіньне“, пад псэўдонімам П. Алесін) і „За бартом“ (у „Маладняку“). Апавяданьне „Сьцежкі крывыя“ лепш удалося аўтару, чым шмат якія з яго вершаў. Тут ёсьць, напрыклад, такія лірычныя адступленьні:

Ночка ты мая, ночка смугая!.
Зоры вы мае, зоры брыльлянтавыя!..
Землі вы мае, землі раўнінныя!.
Радзіна ты мая, палявая, ціхая!..
Ветры вы мае, ветры ласкавыя!..
Палі вы мае, палі неабсяжныя!..

„Абнімаўся з вамі. Цалаваў вас. Гімны складаў вам. Душу аддаваў вам. Сэрца аддам вам. У навальніцы грозныя крычаў з ветрам разам. У дні пагожыя радаваўся з вамі. Маліўся ў сіні блакітныя, у далі зялёныя…“

Сюжэт: сын заможнага бацькі, Арцём Ліцкевіч, прыгожы, хітры і хцівы, меў посьпех у дзяўчат, але не адгукалася на яго каханьне маладая Юлька, вельмі поэтычная дзяўчына, бацька якой загінуў, набываючы кавалак хлеба, і жыла яна з беднаю маткаю. Нарэшце, дабіўся свайго Арцём Ліцкевіч, ашукаў, скарыстаў, кінуў. Юлька нарадзіла сына. Як цяжка ёй жылося! Суд, алімэнты. Падкупленыя сьведкі, ашуканыя судзьдзі. І вось — Юлька партыйка, жанорганізатар.

Аўтар добра ведае народную мову. Дае мастацкія абразкі п‘янства, суду. Добра ведае народны быт. У апавяданьні ёсьць вельмі моцныя, поэтычныя месцы. Вынік суду робіць моцнае ўражаньне. Толькі канец апавяданьня скамечаны.