Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Аркадзь Моркаўка
← Валеры Маракоў | Аркадзь Моркаўка Манаграфія Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 год |
Рыгор Мурашка → |
Аркадзь Моркаўка. Нарадзіўся 26 студзеня (ст. ст.) 1900 г. ў вёсцы Зазер‘е, 15 вёрст ад мястэчка Рудзенску, на Чэрвеншчыне. Бацька — селянін, быў будачнікам на чыгунцы. Аркадзь Моркаўка быў тэлеграфістым, потым скончыў электра-мэханічны тэхнікум у Віцебску. Цяпер працуе ў палаце мерак і вагаў ў Менску. Друкавацца пачаў з 1922 г. Піша вершы. Улетку 1928 г. вышаў зборнік яго вершаў „Дым жыцьця“.
Галоўны мотыў у творчасьці Моркаўкі — філёзофскі разгляд розных зьяў жыцьця. Ён закранае і соцыяльнае змаганьне, і соцыялістычнае будаўніцтва, і адносіны між горадам і вёскаю, і адносіны да каханае жанчыны і г. д., але скрозь ў яго пры гэтым зьяўляюцца філёзофскія разважаньні, галоўны мотыў якіх: хоць няма нічога вечнага, але сьвет прыгожы, жыцьцё патрабуе змаганьня, і таму будзем і жыць і змагацца. На яго творчасьці ёсьць значны сьлед інтэлігенцкае замкнутасьці, у яго шмат пэўнага індывідуалізму і туманнага інтэлігенцкага косьмізму. Але ў яго вершах ёсьць, тымчасам, і непасрэдная радасьць жыцьця, бадзёрасьць, дзейнае клясавае пачуцьцё. Ён піша („Крык вуліцы“):
Над намі кпілі, зьдзек над намі |
Ён цешыцца з культурнага росту вёскі (верш „У дарозе“) і зазначае, што „са твараў сялянскіх змываюцца кросны доўгай сялянскай пугі“ (там-сама). У адным лепшым сваім вершы ён піша аб сабе так:
Я ня маю роскашы чырвонцаў, |
Але, кажа ён, у яго ёсьць у сэрцы „звоны веча“, у яго ёсьць „пчолак-песень рой“, тое, што ён „падслухаў у калядны вечар“, „зьбіраў роснаю зарой“, і ён кажа:
Ды і гэта я аддам балотам, |
Самае моцнае ў вершах Моркаўкі — вобраз і фраза. Ён стараецца даць моцны, орыгінальны вобраз і моцную, з малой колькасьцю слоў, але з вялікім зьместам фразу. Прыгожых вобразаў у яго шмат. Часам, аднак, трапляюцца вобразы, лішне адарваныя ад вобразнасьці мас, часам нават ня зусім зразумелыя. Верш свой Моркаўка старанна шліфуе, але таксама часам дае лішне выкручаныя фразы. Строфіка, рытміка і рыфмаваньне ў яго даволі звычайныя, але верш наогул мілагучны і прыгожы.