Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Валеры Маракоў

Міхась Лынькоў Валеры Маракоў
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Аркадзь Моркаўка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Валеры Маракоў. Нарадзіўся 14 сакавіка (ст. ст.) 1909 г. ў вёсцы Акалёнія, шэсьць вёрст пад Менскам. Бацька — расіец, родам з вёскі Азяроўка, Холмскага павету, Пскоўскае губэрні, быў меншы сын і мусіў шукаць кавалак хлеба ў сьвеце. Ён быў рабочым у Ленінградзе. Маці Валерыя — беларуска, вельмі музычная жанчына, добра сьпявае. У часе імпэрыялістычнае вайны сям‘я Мараковых выяжджала і жыла ў Расіі і на Украіне,

У 1919 г. вярнуліся ў Менск. З Акалёніі Валеры хадзіў вучыцца ў Менск, пехатою, кожны дзень 6 вёрст туды і назад. Скончыўшы сямігодку, гады тры ня вучыўся зусім, Хадзіў з бацькам на мулярскую працу. Жылі ў вельмі цяжкіх умовах. Пачаў пісаць вершы Валеры Маракоў, шукаючы ў іх адпачынку ад цяжкога жыцьця і працы. Потым пазнаёміўся з Пушчаю і іншымі маладнякоўцамі. Працаваў, дзякуючы Якімовічу, У рэдакцыі „Беларускага піонэра“, нейкі час у рэдакцыі „Маладняка“. Стараньнямі Александровіча і Дудара трапіў У Беларускі пэдагогічны тэхнікум, дзе цяпер і вучыцца. З літаратурных ўплываў самыя моцныя меў ад творчасьці Лермантава: поэму „Демон“ Лермантава Валеры ведае ўсю напамяць. Любіў Надсона, Некрасава, Нікіціна. Пазьней зачытваўся „ЗавірухаюЧарота і захапляўся вобразнасьцю Пушчы.

Друкавацца Валеры Маракоў пачаў з 1925 г. Вышлі зборнікі яго вершаў: „Пялёсткі“ (1926 г.) і „На залатым пакосе“ (1927 г.).

Рэцэнзэнты даволі ўважліва адгукнуліся на выйсьце з друку яго зборнікаў, але зборнік „Пялёсткі“ спатканы быў даволі сурова за ідэолёгію поэты. Рэцэнзэнты зазначалі вялікі суб‘ектывізм поэты, адсутнасьць грамадзкіх мотываў, замкнутасьць ў сваім „я“, пэўны пэсымізм.

Пасьля выхаду зборніка „На залатым пакосе“, у якім ёсьць ужо і грамадзкія мотывы, гэтае ўражаньне ў справе ідэолёгічнае нявытрыманасьці поэты троху зьменшылася.

Галоўныя мотывы ў творчасьці Валерыя Маракова — змаганьне поэты са сваімі настроямі, любоў да хараства, каханьне. Шмат прыродаапісальнага элемэнту, які, аднак, зьяўляецца толькі дэкорацыяй.

Настроі ў Маракова — даволі няроўныя. То поэта вельмі галосіць аб сваёй радасьці, юнацтве, жаданьні абняць і сагрэць увесь сьвет, то ён наракае невядома на якіх злосьнікаў, шукае супакою на ўлоньні прыроды, у шырокіх прасторах, але і там чагосьці яму бракуе, і ён пачынае журыцца і выліваць свой сум у вершах. І, зноў-жа, то ён вельмі імкнецца да каханьня, то пачынае сумна разважаць аб ім. Некаторыя рэцэнзэнты бачылі ў гэтых зломах маладой душы „стан дэклясаванасьці“, „адарванасьць ад соцыяльнае масы“, уплывы Есеніна і г. д. Пры гэтым ня ўсе рэцэнзэнты бралі пад увагу, што Валеры Маракоў хацеў вучыцца і ня мог, за цяжкою працаю ня бачыў сьвету, у поэзіі шукаў забыцьця ад штодзённасьці і рэалізаваў свой творчы настрой так, як навучыўся па творах Лермантава і Надсона.І вершы яго — гэта вершы юнака, які ўспрыймае жыцьцё з запалам маладых сваіх гадоў, але без глыбіні дарослага чалавека. Ён гарыць, але раскідаецца ва ўсе бакі без належнае агульнае і політычнае сьвядомасьці. Ён часам мімаволі прымае позу тых герояў, аб якіх чытаў у сваіх улюбёных аўтараў. А натура ў яго вельмі чулая і ўспрыймальная, ён лёгка захапляецца і траціць пачуцьцё меры. І таму ў яго вершах трапляюцца „наіўныя“, паводле рэцэнзэнтаў, месцы; аднак-жа, гэтыя месцы гавораць не аб поэтычнай яго слабасьці і не аб дэклясаванасьці, а проста аб тым, што ён малады поэта, які яшчэ не знайшоў сваіх пэўных сьцежак у жыцьці і творчасьці.

У далейшым, бязумоўна, Валерыю Маракову трэба вызваліцца ад непатрэбнага ўдаваньня ў позу, ад поэтычнай дэклямацыі, ня зьвязанай з адпаведным яму пачуцьцём, ад сьляпога насьледваньня поэтам ня нашае эпохі, ад наіўнага ў сучасных умовах плаканьня і сантымэнтальнічаньня, хоць-бы і самага прыгожага.

Ён моцны ад прыроды поэта, і ён можа даць больш самабытныя вобразы і словы, чым даў у выпушчаных зборніках. Аб гэтым сьведчыць тое, што вершы яго робяць моцнае ўражаньне, хоць кола вобразаў і слоў у яго досыць абмежаванае, і неасабліва орыгінальнае. Мэтры і рытмы звычайныя, форма не асабліва багатая. Але ў яго гэтулькі эмоцыянальнай напружанасьці і гэтулькі лірызму, што і небагатыя пры бліжэйшым іх аналізе мастацкія сродкі даюць шмат дасягненьняў.

Амаль ня ў кожным вершы ў Маракова такія вобразы і словы: раздольле, прывольле, шырокія прасторы, поле, дуброва, бярозы, асіны, ноч, месяц, рака, ветры, золак, зара, гарэньне, згараньне, дагараньне, перагараньне, сьпевы, перапевы, малітва, калені, укленчыць, грудзі, паланьне на ўсе лады, піць, выпіць, упіцца, цьвець, боль, разгул і г. д. і г. д. Комбінуючы на розныя лады гэтыя вобразы і словы, ён насычае свае вершы настраёвасьцю, эмоцыянальнасьцю, лірызмам — і дасягае мастацкага ўражаньня.

Ён любіць яскравыя фарбы і звонкасьць. У гэтым яго слабасьць, у гэтым-жа і яго моц. Бо яго, напрыклад, такія звычайныя эпітэты, ужытыя з пачудьцём, ня толька лёгка кожным успрыймаюцца, але і ў кожнага варушаць пачуцьцё. Аднак-жа, у далейшым яму, бязумоўна, трэба зьменшыць такую аднастайнасьць у мастацкіх сродках.